viasna on patreon

Абразы сцяга і міліцыянтаў у сацсетках. За што судзілі беларусаў па дыфамацыйных артыкулах на гэтым тыдні

2021 2021-12-11T16:25:12+0300 2021-12-11T16:43:03+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud_matalok.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Праваабаронцы і валанцёры «Вясны» працягваюць сачыць за судовымі слуханнямі па крымінальных справах, звязаных з нецярпімасцю ўладаў Беларусі да любых формаў пратэсту. На думку праваабаронцаў, найбольш распаўсюджаным інструментам рэпрэсій сёння з'яўляецца крымінальны пераслед паводле паклёпніцкіх артыкулаў: за абразу прэзідэнта, дзяржаўных чыноўнікаў, суддзяў, а таксама за здзек над дзяржаўнай сімволікай (артыкулы 368, 369, 370, 391 Крымінальнага кодэкса).

За каментары пра двух амапаўцаў - два гады “хатняй хіміі"

Суд Ленінскага раёна Магілёва 6 снежня вынес прысуд паводле арт. 369 КК РБ (абраза прадстаўніка ўлады) у дачыненні да былога работніка Мінскага трактарнага завода Леаніда Кнігі, піша MAYDAY. Справу разглядала суддзя Таццяна Касцюк.

Згодна з матэрыяламі справы, 30 лістапада 2020 года ў адным з Telegram-каналаў, прызнаным экстрэмісцкім, пад пастом, дзе было размешчана фота супрацоўніка АМАП УУС Магілёўскага аблвыканкама Мікалая Якімюка, Кніга пакінуў каментар абразлівага зместу. Па другім эпізодзе крымінальнай справы Леаніда Кнігі вядома, што 28 лютага 2021 у тым жа Тelegram-канале пад выявай супрацоўніка АМАП Мікіты Сапранькова мужчына таксама пакінуў негатыўны каментар.

Віну Леанід прызнаў і ў зробленым раскаяўся. Вядома, што пацярпелы Сапранькоў пазоўных патрабаванняў не заяўляў. Пакрыццё маральнай шкоды запатрабаваў толькі Якімюк, сума заяўленай ім кампенсацыі склала 1000 рублёў.

Абодва бацькі Леаніда Кнігі, як паведаміў ён на судзе, маюць інваліднасць - ім рэгулярна патрэбна яго дапамога. Сам Леанід праходзіць складаную рэабілітацыю пасля траўмы, якая значна паўплывала на яго стан здароўя. У сувязі з гэтым у сям'і паўстала складанае матэрыяльнае становішча. Аднак на пасяджэнні 6 снежня Кніга падаў квітанцыю аб частковым пагашэнні іскавых патрабаванняў.

Дзяржаўны абвінаваўца прасіла прыняць да ўвагі змякчальныя абставіны - прызнанне віны і частковае пагашэнне іскавых патрабаванняў пацярпеламу Якімюку. Але звярнула ўвагу на факт грамадскай небяспекі, якую ўяўляюць сабой падобныя каментары.

Па выніках працэсу суддзя Таццяна Касцюк прысудзіла Леаніда Кнігу да 2 гадоў "хатняй хіміі" і кампенсацыі маральнай шкоды ў суме 1000 рублёў аднаму з пацярпелых.

Былому міліцыянту прысудзілі тры гады «хіміі» за каментар у Аднакласніках

7 снежня суд Кастрычніцкага раёну Віцебску агучыў прысуд у справе, заведзенай на былога супрацоўніка МУС Аляксандра Жалязоўскага за абразу ў інтэрнэце прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК), піша “Віцебская вясна”. 50-гадовага віцябляніна прызналі вінаватым і асудзілі на тры гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Апроч таго, Жалязоўскі мусіць выплаціць пацярпеламу кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 1000 рублёў.

Справу разбіраў суддзя Сяргей Будрэвіч. У якасці дзяржаўнага абвінаваўцы выступаў пракурор Шкурко. Пацярпелы – участковы міліцыянт з Бабруйску Андрэй Комар – на пасяджэннях не прысутнічаў.

Паводле следства, Аляксандр Жалязоўскі ў чэрвені 2020 году пакінуў пад допісам у Аднакласніках каментар: «У яго на лбе напісана: мр...ь кончаная». У публікацыі, пад якой быў зроблены каментар, вялася гаворка пра міліцыянта з Бабруйску Андрэя Комара. «Гэта я даваў паказанні, каб невінаватых адправілі ў турму» – такі подпіс стаяў пад фотаздымкам Комара. На погляд абвінавачання, Жалязоўскі сваім каментаром пад допісам абразіў прадстаўніка ўлады пры выкананні ім службовых абавязкаў.

Абвінавачаны віны не прызнаў. Адвакат Жалязоўскага падчас судовых спрэчак сцвярджаў, што каментар не меў канкрэтнага адрасату і што ягоны падабаронны не абражаў «прадстаўніка ўлады», а «эмоцыямі рэагаваў на тое, што аўтар допісу прыпісваў Комару». Прасіў суд цалкам апраўдаць віцябляніна.

У сваім апошнім слове Аляксандр Жалязоўскі прасіў даць яму апошні шанец. «Апошнім часам усе ганяць суды і суддзяў. Я ж да апошняга веру, таму што сам служыў. Веру, што суды і суддзі робяць усё слушна. Дайце мне, калі ласка, апошні шанец...» – прасіў падсудны.

Суддзя Сяргей Будрэвіч прызнаў Жалязоўскага вінаватым у злачынстве, прадугледжаным арт. 369 КК, і цалкам задаволіў патрабаванні пракурора. Прысуд: тры гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Задаволеныя таксама пазоўныя патрабаванні пацярпелага Комара аб кампенсацыі маральнай шкоды. Жалязоўскі мусіць выплаціць яму 1000 рублёў.

«Алё, міліцыя? Сцяг у мяне». Расейца асудзілі за крадзеж беларускага дзяржаўнага сцяга

kz_stiag.jpg
Ілюстрацыйнае фота

7 снежня суддзя Астравецкага раёна Дзмітрый Багдановіч вынес прысуд у дачыненні да грамадзяніна Расійскай Федэрацыі Дзмітрыя Гуртавога. Яго авбінавацілі па 370 артыкулу Крымінальнага Кодэкса Беларусі (“Здзек з дзяржаўных сімвалаў”). Падставай для ўзбуджэння справы стала тое, што ў адзін з чэрвеньскіх вечароў, вяртаючыся з прагулкі, ён зняў разам з дрэўкам сцяг Рэспублікі Беларусь, які мацаваўся на сцяне памяшкання Упраўлення працы і сацыяльнай абароны Астравецкага райвыканкама, і аднёс дадому.

У судзе Дзмітрый Гуртавы патлумачыў свае дзеянні тым, што ён любіць гэты сімвал, таму вырашыў упрыгожыць ім памяшканне па месцы жыхарства.

Як высветлілася, ніхто з прысутных у судзе сведкаў працэсу зняцця сцяга не бачыў, а сам сцяг належыў прыватнай асобе. Яшчэ адна цікавая падрабязнасць: пасля свайго учынку падсудны сам патэлефанаваў у міліцыю і паведаміў, што сцяг у яго дома.

Следства, пракурор і суд кваліфікавалі дзеянні Дзмітрыя Гуртавога як здзек з дзяржаўнага сімвала. З гэтай фармулёкай, дарэчы, пагадзіўся і сам падсудны. Таму па артыкуле 370 Крымінальнага Кодэкса Беларусі яму прызначылі пакаранне ў выглядзе двух месяцаў арышту. Паколькі падсудны быў затрыманы 22 кастрычніка, то акурат да ўступлення прысуду ў законную сілу ён адбудзе сваё пакаранне.

Два суды за абразу ўчастковага Комара прайшлі ў Вілейцы

У судзе Вілейскага раёна 7 снежня вынесены прысуд па крымінальнай справе Юрыя Жарскага, абвінавачанага ў абразе прадстаўніка ўлады па артыкуле 369 Крымінальнага кодэкса. Справу разглядаў суддзя Канстанцін Калядаў.

Па матэрыялах абвінавачання, Юрый Жарскі 26 мая 2020 года пад пастом пра падзеі на пікеце Сяргея Ціханоўскага ў сетцы Аднакласнікі на старонцы іншага карыстальніка пакінуў каментар з абразай старэйшага ўчастковага Бабруйскага ГУУС Андрэя Комара.

Крымінальная справа на Жарскага была ўзбуджаная 17 чэрвеня 2021 года. У яго дома прайшоў ператрус, канфіскавалі тэлефон і сістэмны блок.

Па выніках лінгвістычнай экспертызы словы ў двух сказах каментара з'яўляюцца абразай прадстаўніка ўлады пры выкананні ім службовых абавязкаў.

Жарскі віну прызнаў, дадаў, што раней не лічыў гэта абразай. Пацярпелы на судовае паседжанне 3 снежня не з’явіўся, але вылучыў пісьмова матэрыяльны пазоў за кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 1000 рублёў.  

Юрый Жарскі працуе вартаўніком у Людвінава, па стане здароўя яму нельга падымаць цяжару з-за дрэннага зроку. Мае чацвярых дзяцей. Сельсавет даў станоўчую характарыстыку яму і сям'і, адзначыў актыўны ўдзел у самадзейнасці ад сельсавета. На працы характаразавалі таксама з добрага боку.

У судовым паседжанні абвінаваўца прасіла ўлічыць змякчальныя абставіны (раней не прыцягваўся да крымінальнай адказнасці, працуе, мае на ўтрыманні непаўналетніх дзяцей, прызнаў віну і раскаяўся). Прапанавала прызнаць Жарскага вінаватым па арт 369 КК РБ ( публічная абраза прадстаўніка ўлады) і пакараць яго двумя гадамі “хатняй хіміі”. Абвінаваўца адзначыла, што трэба таксама ўлічыць змякчальныя абставіны (не прыцягваўся, працуе, непаўналетнія дзеці, прызнаў віну і раскаяўся).

Прысуд: два гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу, прызнаць матэрыяльны пазоў Комара ў памеры 1000 рублёў.

На наступны дзень той жа суддзя асудзіўў шматдзетнага бацьку Дзмітрыя Петуха за абразу таго ж самага ўчастковага Андрэя Комара (арт. 369 Крымінальнага кодэкса).

Комар зноўку на судзе не прысутнічаў і ўжо традыцыйна заявіў пазоў на кампенсацыю нанесенай яму маральнай шкоды ў памеры 1000 рублёў.

Сутнасць справы – такая ж, як і на папярэднім судзе: абразлівы каментар у Аднакласніках пад фота Комара. 

Абвінавачаны у ходзе судовага працэсу віну і матэрыяльны пазоў прызнаў.

Дзяржабвінаваўца прасіў суд прызначыць Пётуху два гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытыга тыпу. Так суд і вырашыў: два гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытыга тыпу. Таксама суд прызнаў права пацярпелага Комара на кампенсацыя маральнай шкоды ў памеры 1000 рублёў.

Дзіцячую лекарку з Мінска асудзілі за абразу супрацоўніка міліцыі другі раз за год

fadzeeva-2.jpg
Алена Фадзеева

У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 9 снежня быў вынесены другі ў гэтым годзе прысуд у дачыненні да ўрача дзіцячай паліклінікі УГД Алены Фадзеевай. Лекарку судзілі за абразу прадстаўніка ўлады па артыкуле 369 Крымінальнага кодэкса ў адным з тэлеграм-каналаў.

Працэс вёў суддзя Дзмітрый Карсюк. Пацярпелым па справе выступаў ўчастковы інспектар міліцыі Цэнтральнага раёна Гомеля Арцём Жаўняк.

У судзе Алена Фадзеева віну не прызнала. "Абцяжарваючай" акалічнасцю з'явілася грамадзянская пазіцыя лекара.

Суд пастанавіў пакараць лекарку абмежаваннем волі тэрмінам на тры гады без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу. Таксама суд пастанавіў задаволіць матэрыяльны пазоў на кампенсацыю маральнай шкоды, нанесенай пацярпеламу, у памеры 4000 рублёў.

Гэта не першы суд за абразу супрацоўніка міліцыі, які пакараў лекарку. 8 ліпеня ў судзе Кастрычніцкага раёну Гародні яе пакаралі двума гадамі і шасцю месяцамі абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу з выплатай кампенсацыі супрацоўніку міліцыі Грушэўскаму на суму 900 рублёў.

А да гэтага, 7 лістапада 2020 года Алена Фадзеева ўдзельнічала ў акцыі медыкаў каля 1 ГКБ, пасля чаго ёй быў прысуджаны вялікі штраф за ўдзел у неснкцыянаваным масавым мерапрыемстве. У сакавіку гэтага года лекарка, якая працавала ў дзіцячай паліклініцы, была звольненая з працы. 

Год "хатняй хіміі" за відэа у Tik-tok

8 і 9 снежня суд Іўеўскага раёна ў выязным судовым пасяджэнні ў будынку Іўеўскага РАУС разгледзеў крымінальную справу ў дачыненні да 24-гадовага жыхара вёскі Дайліды Андрэя Кучынскага.

Справу разглядала суддзя Марыя Каханоўская, дзяржаўнае абвінавачанне падтрымліваў намеснік пракурора Віктар Жыдаль. У сувязі з прызнаннем віны абвінавачаным справа разглядалася ў скарочаным парадку.

Паводле матэрыялаў справы, 16 красавіка 2021 года Андрэй Кучынскі, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення, напісаў у tik-tok абразлівы каментар у адрас супрацоўніка інспекцыі па справах непаўналетніх Сяргея Лоўчага і ўчастковага інспектара Аляксандра Ясюлевіча.

Абвінавачаны віну цалкам прызнаў, а суду растлумачыў, што відэа з каментаром выдаліў на наступны дзень. Таксама абвінавачаны патлумачыў, што той каментар ён выклаў у сацсетку пасля таго, як супрацоўнікі міліцыі затрымалі і павезлі ў пастарунак яго айчыма.

Згодна з агучанымі матэрыяламі крымінальнай справы абвінавачаны з 2016 года шмат разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці.

Дзяржаўны абвінаваўца ў спрэчках папрасіў суд прызначыць Андрэю Кучынскаму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на адзін год, а таксама прымяніць да яго прымусовыя меры бяспекі і лячэння ад алкагалізму. 9 снежна быў вынесены прысуд па справе - год "хатняй хіміі" і лячэнне ад алкагалізму.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства