viasna on patreon

“Віну не прызнаю, ад далейшых паказанняў адмаўляюся": у Гародні працягваецца суд за заклікі да гвалту і тэрарызму Дапоўнена

2021 2021-07-08T17:10:00+0300 2021-07-08T18:15:39+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/gerasimliuk-01.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Леанід Герасімлюк. Скрыншот з відэа МУС.

Леанід Герасімлюк. Скрыншот з відэа МУС.

Гарадзенскі абласны суд 8 ліпеня працягвае разгляд крымінальнай справы 29-гадовага мясцовага жыхара Леаніда Герасімлюка. Яго абвінавачваюць у публічных закліках да гвалту і здзяйснення актаў тэрарызму, размешчаных нібыта ім у кастрычніку-лістападзе 2020 года ў адным з публічных Telegram-чатаў і іншых дзеяннях, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі па ч.3 артыкула 361 КК РБ.

Справу разглядае суддзя Уладзімір Яўхута, дзяржабвінаваўца – Анжаліка Клішына.

Маніторынг судовага працэсу ажыццяўляў праваабаронцаРаман Юргель.

Леаніда Герасімлюка затрымалі 25 лютага і змясцілі ў СІЗА Гарадзенскай турмы. Сваёй віны ён не прызнае.

Сённяшняе пасяджэнне пачалася з высвятлення супярэчнасцяў у паказаннях Герасімлюка пад час следства і на судзе.

“Я нікому не давяраў і таму абгаварыў сябе 25 лютага”

Пратакол допыту ад 25 лютага:

"Я з мая 2020 азнаёміўся з ютуб-каналам С. Ціханоўскага "Краіна для жыцця", мне ён спадабаўся. Я быў падпісаны на ўсе Телеграм-каналы, уступаў у дыскусіі і выказваў сваю грамадзянскуж пазіцыю. Я не хаваў свае дадзеныя. Размяшчаў паведамленні, дзе непахвальна выказваўся ў адрас сілавікоў, так, пісаў раздаваць патроны студэнтам і іншае. У кастрычніку 2020 я прадаў свой тэлефон і купіў новы.  Я вінаваты, што размясціў свае каменты ... я проста выказаўся на эмоцыях, бо  пісаў, нагледзеўшыся відэазапісаў збіцця людзей сілавікамі".

Пракурору адказвае, што 25 лютага даваў такія паказанні. Быў у шоку, пад псіхалагічным ціскам, спалохаўся. Таму следчаму тады не казаў адразу, што пры затрыманні ўдарылі.

"Мне пры затрыманні паказалі скрыншоты, раздрукоўкі маіх паведамленняў, каментароў. Лічу, што мне была пагроза тады і я даў такія паказанні, бо нікому не верыў. Ад следчых пагроз гвалту не было", - тлумачыць Герасімлюк.

Адвакат пытаецца, як праводзіўся допыт?

- Следчы задаваў пытанні, запісваў, я адказваў, а затым падпісаў пратакол допыту. Але мяне пару разоў па патыліцы пры затрыманні па шапцы ўдарылі. Па меддапамогу адразу ў СІЗА не звяртаўся, пазней напісаў заяву псіхолагу. Мне далі заспакойлівыя таблеткі, каб спаў ноччу.

Адвакату адказвае, што следчы дапытваў у кабінеце ў турме.

  - Я калі пісаў паведамленні, проста выказваў незадаволенасць, але не заклікі да гвалту. Я нікому не давяраў і таму абгаварыў сябе 25 лютага. Я думаў, што ў судзе скажу і суд разбярэцца. Я тады не прачытаў паказанні, але падпісаў, не ўнікаючы ў сутнасць.

Да дзесяці год пазбаўлення волі. Гарадзенца судзяць за заклікі да гвалту і тэрарызму

Дапытваюць абвінавачанага Герасімлюка. Кажа, што быў даўно падпісаны на тэлеграм канал “Гародня 97”, гэта публічная сацсетка. Меў зносіны ў ім з сябрамі за мяжой.

Пракурор зачытвае пратакол допыту Герасімлюка ад 25 красавіка, дзе затрыманы паведамляе, што яго ўзялі рукой балюча за шыю і ўдарылі некалькі разоў рукой па патыліцы, але ён быў у шапцы, спалохаўся, яго вазілі па горадзе, прычынялі пакуты.

“Мне прапанавалі напісаць публічныя прабачэнні за мае дзеянні. Мы выйшлі ў калідор і я ўсё сказаў на відэа", - тлумачыць абвінавачаны.

Пракурор:

- А хто вам сказаў, даў тэкст, што гаварыць на відэа?

- Я адказваў на пытанні. Тэкст не давалі, я славесна прайграваў завучаны тэкст.

Суддзя ўдакладняе пытанне аб тым, хто казаў, што гаварыць на відэа?

- Тое што мне сказалі, я паўтараў на відэа. Я шкадую, што тады нагаварыў.

Далей пракурор зачытвае пратакол допыту ад 29 мая:

"Віну не прызнаю. Намеру на размяшчэнне каментароў не меў, некаторыя не размяшчаў. Хто размясціў не ведаю, ад далейшых паказанняў адмаўляюся".

Дарэчы, 18 траўня следчы перапрад’явіў Герасімлюку абвінавачванне: замест арт. 364 (гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў), прад’явілі ч. 3 арт. 361 КК РБ.

16 каментароў, па якіх абвінавачваюць Герасімлюка, пратаколы следчых эксперыментаў і вынікі экспертыз

У другой палове дня суд прыступіў да вывучэння пісьмовых матэрыялаў справы: пастанова аб узбуджэнні крымінальнай справы ад 25 лютага па арт. 364 КК РБ, рапарт аб выяўленых паведамленнях у выніку маніторынгу сеткі Інтэрнэт у Телеграм-чаце “Гродна97”, у якіх з кастрычніка 2020 абвінавачваны наўмысна выказваў заклікі да гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі.

Затым прагледзелі відэазапіс затрымання Герасімлюка і пакаяннае відэа

Пракурор Клішына зачытвае даведку з ІЧУ за 25 лютага аб тым, што па меддапамогу ён не звяртаўся, цялесных пашкоджанняў не выяўлена. Зачытваюць пратакол агляду мабільніка, зафіксаваныя паведамленні з тэлеграм чата “Гродна 97”, з каментарамі, якія ставяцца ў віну. Агляд здзейснены ў прысутнасці і са згоды Герасімлюка.

Далей вывучаецца пратакол следчага эксперыменту, пад час якога абвінавачваны дэманстраваў свае навыкі карыстання інтэрнэтам,  пратакол ператрусу па месцы жыхарства,  пастанова аб заключэнні пад варту ад 26 лютага.

Зачытваюцца паперы аб прызначэнні лінгвістычнай экспертызы ад 2 сакавіка і судовай псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы. Заключэнне - здаровы.

У ходзе праведзеных аператыўна-пошукавых мерапрыемстваў інфармацыі аб продажы старога тэлефона на “Куфары” не выяўлена.

Пракурор далей пералічвае тэлефонныя злучэнні за пэўныя дні, калі пісаліся гэтыя 16 каментароў.

З 16 паведамленняў, даследаваных экспертнай камісіяй, некалькі - 3 з іх, носяць экстрэмісцкі характар і некалькі, якія змяшчаюць заклікі да дзеянняў лінгвістычна.

- Так,  гэта я тэлефанаваў у тыя дні, у тым ліку і сваёй дзяўчыне. Я не сцвярджаю, але і не выключаю, што я тэлефанаваў у тыя дні і карыстаўся тэлефонам.

У суд паступіла экспертнае заключэнне ад пракурора вобласці. Па заключэнні Гродзенскай абласной экспертнай камісіі па экстрэмізме у матэрыялах, каментарах, выяўлены па тэксце ў некаторых каментах заклікі да актыўных дзеянняў.

Суддзя перадаў заключэнне экспертнай камісіі абвінавачанаму і абаронцу.

Дарэчы, следчы нават пасылаў запыт у ААЭ, у штаб кватэру Тэлеграм, каб пацвердзілі выхады ў Інтэрнэт з IP адрасу абвінавачанага і прадставіць інфу яго выхадаў у чат за 6 месяцаў. Адказ прыйшоў, што яны не супрацоўнічаюць з СК, толькі калі прыйдзе рашэнне суда, што ён тэрарыст, то тады могуць даць адказ па ягоных выхадаў у тэлеграм-канал.

У судзе абвешчаны перапынак да 14-45 13 чэрвеня.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства