viasna on patreon

Яшчэ дзевяць еўрапейскіх парламентарыяў сталі "хроснымі" беларускім палітвязням

2021 2021-03-28T12:52:00+0300 2021-03-28T12:52:53+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/thomas-heilmann.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Да кампаніі салідарнасці з беларускімі палітвязнямі #WeStandBYyou, арганізаванай швейцарска-нямецкай праваабарончай арганізацыяй Libereco, далучыліся яшчэ дзевяць дэпутатаў парламентаў еўрапейскіх краінаў.

“Хросных” атрымалі палітвязні Аляксандр Раентаў, Сяргей Драздоўскі, Глеб Гатоўка, Яўген Каліноўскі, Максім Зіневіч, Арцём Такарчук, Ілля Мігно, Руслан Акостка і Аляксандр Драздоў.

carlo-sommaruga.jpg

Карла Самаруга, дэпутат швейцарскай Рады кантонаў, стаў “хросным” Аляксандра Раентава. Ён заявіў:

“Свабода меркаванняў, сходаў і дэманстрацый, як і любыя іншыя дэмакратычныя правы, — не прадмет спрэчак. Аляксандр Раентаў арыштаваны за рэалізацыю сваіх асноўных правоў. Ён выступаў супраць фальсіфікацый на выбарах і павінен быць неадкладна вызвалены!”

laurent-wehrli.jpg

Ларан Вэрлі, дэпутат Нацыянальнай рады Швейцарыі, стаў “хросным” Сяргея Драздоўскага. Ён заявіў:

“Ціск на Сяргея Драздоўскага, у тым ліку пагрозы судовага пераследу, павінен спыніцца. Яму мусяць дазволіць працягваць працу ад імя людзей з інваліднасцю”.

billy-kelleher.jpg

Дэпутат Еўрапарламента Білі Кэлехер стаў “хросным” Глеба Гатоўкі. З гэтай нагоды спадар Кэлехер заявіў:

“Ганаруся тым, што магу падтрымаць Глеба Гатоўку, бо ён падвяргаецца незаконнаму затрыманню ад беларускага рэжыму. Яго мужнасць – сімвал надзеі для ўсіх нас”.

timmy-dooley.jpg

Цімі Дулі, дэпутат Сената Ірландыі, стаў “хросным” Яўгена Каліноўскага. Ён заявіў:

“Я падтрымліваю Яўгена Каліноўскага, маладога студэнта, які быў зняволены за ўдзел у мірнай палітычнай акцыі ў Беларусі, і заклікаю яго неадкладна вызваліць”.

marian-harkin.jpg

Марыян Харкін, дэпутатка ніжняй палаты парламента Ірландыі, стала “хроснай” Максіма Зіневіча. Яна заявіла:

“Я падтрымліваю Максіма Зіневіча ў той час, як яго незаконна ўтрымліваюць у беларускай турме, і жыхароў Беларусі, якія працягваюць змагацца за свае правы і сваё права на мірны пратэст”.

elisabeth-gotze.jpg

Элізабэт Гётцэ, дэпутатка Нацыянальнай рады Аўстрыі, стала “хроснай” Арцёма Такарчука. З гэтай нагоды спадарыня Гётцэ заявіла:

“Мінск знаходзіцца бліжэй да Вены, чым да Парыжа... На жаль, толькі з пункту гледжання фізічнай дыстанцыі, а не палітычна. Мы з вялікай заклапочанасцю назіраем за падзеямі ў Беларусі! Наша салідарнасць разам з усімі людзьмі ў Беларусі, якія выступаюць за правы чалавека, за еўрапейскія каштоўнасці, такія як свабода і роўнасць перад законам, і з усімі тымі, хто знаходзіцца ў зняволенні па гэтай прычыне. Адзін з іх Арцём Такарчук, 34-гадовы архітэктар, асуджаны на тры з паловай гады турмы ў лістападзе 2020 года за супраціўленне прадстаўнікам узброеных сіл нягледзячы на тое, што меркаваная ахвяра прасіла апраўдання Арцёма. Я заклікаю ўлады неадкладна вызваліць Арцёма Такарчука. За Арцёма і за палітычнае збліжэнне Беларусі з Еўропай!”

thomas-heilmann.jpg

Томас Хайльман, дэпутат Бундэстага Германіі, стаў “хросным” Іллі Мігно. Ён заявіў:

“Ілля Мігно і многія ўдзельнікі акцый пратэстуюць супраць фальсіфікацый на выбарах, учыненых Аляксандрам Лукашэнкам. Я больш чым расчараваны і не магу зразумець, які сэнс такога абыходжання з Іллём Мігно, з усімі палітычнымі зняволенымі і дэманстрантамі. Мы ўсе як заходняя супольнасць патрабуем неадкладнага вызвалення Іллі Мігно і ўсіх астатніх палітвязняў. У любой дзяржаве, дзе функцыянуе справядлівая судовая сістэма, трэба гарантаваць, каб затрыманыя маглі рэалізаваць сваё права на незалежную абарону! Мы павінны заклікаць беларускага дыктатара Лукашэнку спыніць несправядлівасць масавых арыштаў. Рэпрэсіі павінны скончыцца. У людзей няма шанцаў абараніць сябе. Ён павінен пайсці на дыялог з апазіцыяй, які ў канчатковым выніку прывядзе да свабодных выбараў”.

lord-russell.jpg

Лорд Расэл, дэпутат Брытанскай Палаты лордаў і сябра дэлегацыі Вялікабрытаніі ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, стаў “хросным” Руслана Акосткі. Ён заявіў:

“Для мяне гонар мець магчымасць падтрымаць Руслана Акостку. Ён асуджаны на тры гады пазбаўлення волі ў калоніі за рэалізацыю свайго права чалавека як грамадзяніна Беларусі на ўдзел у мірнай дэманстрацыі. Мерай маральнага і юрыдычнага банкруцтва беларускага рэжыму з'яўляецца дэманстрацыя свайго страху перад уласнымі грамадзянамі, інтарэсам якіх ён павінен служыць, замест таго, каб пазбаўляць іх асноўнай свабоды выказвання меркавання, якая з'яўляецца іх абсалютным правам, і караць і замоўчваць іх насуперак усім прынятым прававым нормам”.

rosie-cooper.jpg

Розі Купер, дэпутатка Брытанскай Палаты абшчын, стала “хроснай” Аляксандра Драздова. З гэтай нагоды спадарыня Купер заявіла:

“Аляксандр Драздоў быў несправядліва і незаконна затрыманы ў лістападзе 2020 года за ўдзел у мірных акцыях пратэсту ў Брэсце пасля фальсіфікацый выбараў у жніўні. Беларускія ўлады сістэматычна выкарыстоўваюць затрыманні і пазбаўленне волі для запалохвання любых прыкмет нязгоды і плюралізму ў краіне. Абурае і тое, што Аляксандр атрымаў пакаранне ў выглядзе 4,5 гадоў пазбаўлення волі выключна за нязгоду з вынікамі выбараў. Я заклікаю беларускія ўлады неадкладна вызваліць Аляксандра і распачаць працу ў накірунку свабодных і сумленных выбараў”.


Нагадаем, 9 ліпеня, роўна за месяц да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя “Libereco — Партнёрства за правы чалавека” распачала кампанію салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. 

Кампанія пад назвай #WeStandBYyou заклікае да салідарнасці з усімі людзьмі ў Беларусі, якія імкнуцца да свабодных і сумленных выбараў, дэмакратызацыі краіны, вяршэнства закона і павагі да правоў чалавека. Усе, хто хоча падтрымаць ахвяраў палітычнага пераследу ў Беларусі, могуць зрабіць гэта ў сацыяльных сетках з дапамогай хэштэга #WeStandBYyou.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства