Ці сапраўды панядзелак ціхі? Затрыманні ў Мінску і Гомелі пасля Маршу пенсіянераў Дапоўнена
У панядзелак, 12 кастрычніка, у Мінску і некаторых гарадах Беларусі працягваецца пераслед грамадзян за ўдзел у масавых мерапрыемствах у поствыбарчы перыяд.
Раніцай у Мінску ў сябе дома супрацоўнікамі міліцыі быў затрыманы Мікалай Калоднік, 1991 года нараджэння. Пакуль ягоны лёс невядомы.
Журналіста Алеся Пілецкага 12 кастрычніка апыталі ў Заводзкім РУУС Менска. Супраць Пілецкага пачалі адміністрацыйны працэс за ўдзел у несанкцыяваным мерапрыемстве паводле артыкула 23.34. 5 верасня Пілецкі як акрэдытаваны журналіст Радыё Свабода асвятляў жаночы марш у Менску. Гэта стала падставай для апытання.
У другой палове дня ў кватэры гамяльчанкі Марыі Тульжанковай адбыўся ператрус. Як паведамляе праваабаронца Леанід Судаленка, пад час ператрусу былі канфіскаваны ноўтбук і мабільнік, а Марыю прывезлі ў міліцыю для апытання ў якасці сведкі па невядомай ёй крымінальнай справе.
У другой палове дня ў Мінску, Гомелі, Гродна, Берасці пачаліся Маршы пенсіянераў.
На маршы пенсіянераў у сталіцы супрацоўнікі затрымалі фотакарэспандэнтку агенцтва ТАСС Наталлю Фядосенку і фота журналіста "Камсамольскай праўды ў Беларусі" Святаслава Зоркага.
У Гродне затрыманыя журналісты БелаПАН Марына Харэвіч і Сяргей Людкевіч. Яны асвятлялі акцыю пенсіянераў у парку Жылібера. Іх павезлі ў Ленінскі РАУС.
У Гомелі журналістку TUT.BY і "Народнай Волі" Алену Бычкову даставілі ў Цэнтральны РАУС. Якія да яе прэтэнзіі, пакуль не зразумела. Перад гэтым супрацоўнікі ДАІ выпісалі ёй штраф 0,5 базавай за парушэнне ПДР.
На плошчы Перамогі каля крамы “Каравай” у Мінску брутальна затрыманы Андрэй Асадчы. Быў на зялёным ровары.
Пачынаючы з 15 гадзін у Мінску і іншых гарадах адбываўся Марш пенсіянераў. Каля станцыі метро "Акадэмія Навук" супраць пратэстоўцаў былі прымененія газ, светашумавыя патроны і іншыя спецсродкі. Таксама спецсродкі прымянялі супраць медыкаў і студэнтаў, якія выйшлі на акцыі салідарнасці. Вечараў у розных частках сталіцы адбыліся затрыманні.
"Вясна" збірае інфармацыю пра затрыманых.