viasna on patreon

Міністэрства інфармацыі няўцямна патлумачыла блакіроўку сайта “Вясны”

2020 2020-10-07T12:27:20+0300 2020-10-07T12:35:18+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/skryn_castrychnik2020.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Скрын галоўнай старонкі сайта "Вясны", 7 кастрычніка

Скрын галоўнай старонкі сайта "Вясны", 7 кастрычніка

Сябра Рады Праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч атрымаў адказ на зварот у Міністэрства інфармацыі па прычыне блакіроўкі праваабарончага сайта www.spring96.org.

У звароце Валянцін Стэфановіч прасіў Міністэрства інфармацыі прадставіць дадзеныя аб тым, кім і на якіх падставах было прынятае рашэнне аб блакаванні сайту ПЦ “Вясна”, і прыняць неадкладныя захады па дэблакіроўцы сайту і пакаранні вінаватых у парушэнні канстытуцыйных правоў ва ўстаноўленым законам парадку. Цэнзура ў Беларусі забаронена згодна арт. 33 Канстытуцыі РБ.

Праваабаронца – Мінінфарму: Разблакуйце сайт “Вясны” і пакарайце вінаватых

Валянцін Стэфановіч звярнуўся ў Міністэрства інфармацыі па прычыне блакіроўкі праваабарончага сайта.

Міністэрства інфармацыі адказала, што доступ да інтэрнэт-рэсурсу быў абмежаваны на падставе апавяшчэння Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, аднак Валянціна Стэфановіча не азнаёмілі з адпаведным загадам і не патлумачылі прычыны блакавання. Таксама ў адказе на зварот адзначана, што рашэнне аб абмежаванні доступу да сайта “Вясны” было прынята 21 жніўня, хаця насамрэч рэсурс не адкрываўся прыкладна з 11 жніўня. Дакладную дату назваць немагчыма: у тыя дні інтэрнэт у Беларусі амаль не працаваў. Дарэчы, доступ да рускай версіі сайта часткова абмежаваны дагэтуль – гэтак жа, як і ў некаторых аператараў мабільнай сувязі. Разам з сайтам “Вясны” 21 жніўня Міністэрства інфармацыі абмежавала доступ да больш чым 70 інтэрнэт-крыніц.

Нагадаем, што гэта не першая спроба дзяржавы абмежаваць доступ да сайта Праваабарончага цэнтра “Вясна”. У 2013 годзе сайт быў унесены ў спіс рэсурсаў з абмежаваным доступам па рашэнні Генеральнай пракуратуры, таму што “дзеянні ад імя праваабарончай арганізацыі “Вясна”, якая не прайшла ў вызначаным парадку дзяржаўную рэгістрацыю, супярэчаць заканадаўству Рэспублікі Беларусь”. Рашэнне было заснаванае на артыкуле 193.1 Крымінальнага кодэкса, які дзейнічаў у той час і забараняў арганізацыю або ўдзел у дзейнасці незарэгістраваных арганізацый (артыкул адменены ў 2018 годзе).  

Таксама ў 2016 годзе сайт “Вясны” быў унесены ў спіс абмежаванага доступу для карыстальнікаў у дзяржаўных установах, установах адукацыі і культуры і заблакаваны некаторымі правайдэрамі.

З гэтых прычын ПЦ “Вясна” паведамляе, што збіраецца абскардзіць адказ і звярнуцца непасрэдна да міністра інфармацыі, каб атрымаць поўную і канкрэтную інфармацыю пра блакіроўку сайта.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства