У Гродне за выбарчы пікет 29 траўня асудзілі па "адміністрацыйцы" Сяргея Калмыкова
У Гродне 17 ліпеня адбыўся судовы разгляд адміністрацыйныйных спраў фігуранта “справы Ціханоўскага” Сяргея Калмыкова. Яго абвінавачвалі ў здзяйсненні двух правапарушэнняў па артыкулам 23.4 (непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі) і 17.1 (дробнае хуліганства) КаАП 29 траўня на выбарчым пікеце па збору подпісаў па вылучэнню кандыдаткай у прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. Справу разглядала суддзя суда Ленінскага раёна Гродна Ларыса Барэль.
Разгляд гэтых пратаколаў пачаўся яшчэ 17 і 19 чэрвеня, але асудзіць Сяргея Калмыкова тады не змаглі. 19 чэрвеня суддзя вынесла рашэнне вярнуць справу Сяргея Калмыкова на дапрацоўку ў РАУС. Судовае пасяджэнне было перанесена на нявызначаны час. Пазней паседжанне прызначылі на 17 ліпеня.
Судзяць Сяргея Калмыкова – сведку па справе Ціханоўскага
Як распавёў праваабаронца “Вясны” Уладзімір Хільмановіч, судовы працэс 17 ліпеня быў вельмі доўгім: Сяргей Калмыкоў задаваў шмат пытанняў супрацоўнікам міліцыі, якія выступалі сведкамі на судзе, суддзя палову пытанняў здымала, а міліцыянты не маглі даць уцямных адказаў. Аб’яўляліся перапынкі.
У выніку, суддзя Ларыса Барэль аштрафавала Сяргея Калмыкова па арт. 23.4 КаАП на 30 базавых велічыняў (810 беларускіх рублёў), а па арт. 17.1 КаАП (дробнае хуліганства) прызнала невінаватым.
Нагадаем, 20-гадовы гродненец Сяргей Калмыкоў быў затрыманы 29 траўня разам з Сяргеем Ціханоўскім. Ён 10 дзён правёў за кратамі па ўзбуджанай крымінальнай справе. Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Сяргея Калмыкова вязнем сумлення. Яго выпусцілі на волю ў статусе сведкі.