Убачыла свет кніга пра легендарнага Кіма Хадзеева. Запрашаем на прэзентацыю! Фота
Маем цікавую падзею! Выдалі кнігу-дакумент «Бязродны касмапаліт» Кім Хадзееў ды іншыя»
Выданне ўбачыла свет у серыі «Беларуская турэмная літаратура», якую запачаткаваў Праваабарончы цэнтр “Вясна”.
Кніга ўяўляе сабой зборнік дакументаў, як пісьмовых так і вуснагістарычных. Публікацыя дакументаў папярэджваецца грунтоўнай прадмовай. У кнізе таксама змешчаны дакументы з нагляднага вядзення Пракуратуры СССР па справе Кіма Хадзеева і Эдуарда Гарачага 1962 года.
Аўтарам уступнага слова і ўкладальнікам кнігі выступіў гісторык-даследчык Уладзімір Валодзін.
Чым вядомы Кім Хадзееў?
Філосаф і культуролаг Хадзееў у 1949 годзе, калі вучыўся ў БДУ, пасля культпаходу на балет «Князь-возера» В. Залатарова, прыняў удзел у публічным абмеркаванні пастаноўкі, дзе крытычна выказаўся разам з іншымі студэнтамі пра яе эстэтычныя якасці. Гэта выклікала гнеў партыйнага начальства. Неўзабаве яго выключылі з універсітэту, а пазней, калі партыйная кампанія з “бязроднымі касмапалітамі” набрала абароты, быў арыштаваны і асуджаны да зняволення. Пакаранне адбываў у Ленінградскай спецыяльнай псіхіятрычнай бальніцы турэмнага тыпу, дзе пазнаёміўся з іншымі палітычнымі зняволенымі, у тым ліку з Юрыем Айхенвальдам, Паўлам Уліціным, Аляксандрам Асарканам.
Выйшаў на волю ў 1954 годзе і здолеў паступіць у Мінскі педінстытут. Ад гэтага часу Хадзееў удзельнічае, а затым робіцца лідарам розных нефармальных гурткоў і аб’яднанняў.
Зноў быў арыштаваны 25 студзеня 1962 года. Асуджаны за захоўванне і распаўсюд машынапісных кніг мастацкай прозы Паўла Уліціна «Табу» і «Анты-Асаркан» па частцы першай артыкула 67 Крымінальнага кодэкса БССР («Антысавецкая агітацыя і прапаганда»).
Пра Хадзеева ўзгадвае Эдуард Гарачы, на той час актор Тэатра юнага гледача:
"Это был уникальный человек, головастик, с юмором. То ли татарский еврей, то ли еврейский татарин. Он был старше нас на 10 - 12 лет. А мы все были молодые - 20 - 22 года. <...> У Хадеева было очень интересно. Он говорил об истории России, истории партии, истории литературы. Хадеев не окончил же университет, его первый раз арестовали еще студентом. Там его ждала прекрасная компания - Улитин, Асаркан, москвичи, которые были в курсе всего - политики, литературы. <...> Кимушка рассказывал, как повернуться, если шмонают, чтобы что-то не заметили. <...> Я его уроки и вспоминал, когда меня арестовали”.
Сёння на месцы двух знесеных двухпавярховікаў барачнага тыпу, у адным з якіх, у кватэры №24, жыў пэўны час Кім Хадзееў, і куды часта прыходзілі неардынарныя і цікавыя асобы, пабудаваны элітны дом "Времена года".
Як будзе праходзіць прэзентацыя?
Презентацыя кнігі пра легендарнага ў свой час дысідэнта Кіма Хадзеева адбудзецца 29 траўня ў анлайн-фармаце на платформе ZOOM. Пачатак ў 19 гадзін.
У мерапрыемстве возьмуць удзел гісторык і ўкладальнік Уладзімір Валодзін, праваабаронца і літаратар Алесь Бяляцкі, паэт і выдавец Дзмітрый Строцаў, журналіст і публіцыст Сяргей Ваганаў.
Запрашаем усіх зацікаўленых. Сумна не будзе!
Як далучыцца да мерапрыемства?
- Калі яшчэ не маеце - спампуйце Zoom на свой тэлефон ці кампутар;
- Зайдзіце на пошту viasna96@gmail.com і пакіньце свае кантакты для зваротнай сувязі, каб атрымаць спасылку для ўваходу на анлайн-прэзентацыю.
Калі вас зацікавіла кніга...
Навукова-папулярны зборнік «Бязродны касмапаліт Кім Хадзееў ды іншыя» — 9-я кніга серыі «Беларуская турэмная літаратура». Яе ўкладальнік гісторык Уладзімір Валодзін даследуе тэму рэпрэсій за іншадумства ў савецкія часы і раскрывае малавядомыя дэталі пераследу прадстаўніка мінскага андэграўнду Кіма Хадзеева (1929–2001): адлічэнне з універсітэта, дзве крымінальныя справы 1951 і 1962 гадоў, зняволенне ў псіхіятрычнай бальніцы. У зборніку даецца шырокі кантэкст падзей (кампанія па барацьбе з «касмапалітызмам», самвыдат). Сярод дзейных асоб — Павел Уліцін, Юрый Айхенвальд, Аляксандр Асаркан... Большасць дакументаў публікуюцца ўпершыню. Падобнае навукова-папулярнае выданне ўпершыню выйшла ў серыі «Беларуская турэмная літаратура».
PDF-версія кнігі даступная для спампоўвання на сайце Беларускай Інтэрнэт-Бібліятэкі Камунікат.