Паўла Севярынца зноў затрымалі і адправілі адбываць 15 сутак Дапоўнена
Палітык Павел Севярынец, які з'яўляецца арганізатарам снежаньскіх акцый супраць інтэграцыі з Расіяй, 26 снежня зноў затрыманы. Каля пад'езда яго чакалі АМАПаўцы. Калі Севярынец выйшоў на вуліцу - яго затрымалі. Вядома, што павезлі яго ў РУУС Цэнтральнага раёна.
Літаральна тыдзень таму, 18 снежня, Севярынца затрымалі такім жа чынам. Яго прывезлі ў РУУС, там склалі пратакол за ўдзел у акцыях 7 і 8 снежня, і адразу павезлі на суд, дзе прысудзілі 15 сутак арышту. Аднак пасля агучвання рашэння палітыка адпусцілі, папярэдзіўшы ад недапушчальнасці парушэння заканадаўства на масавых акцыях. У выніку Павел Севярынец змог прыняць удзел у новай акцыі за незалежнасць 20 снежня.
Сёння, 26 снежня, у судзе Фрунзенскага раёна (у 11.00) палітыка асудзілі за заклік да ўдзелу ў першай акцыі супраць інтэграцыі, што прайшла 7 снежня. Суддзя Алла Скуратовіч прысудзіла яму 50 базавых штрафу.
Праз некалькі гадзін стала вядома, што Севярынца адправілі ў ЦІП на вул. Акрэсціна адбываць 15-суткавы арышт.
Палітык заклікаў выйсці на новую акцыю пратэсту супраць інтэграцыі 29 снежня.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96