“Паміж Беларуссю і ЕС патрэбен крытычны дыялог”. Стэфановіч распавёў пра назіранне за беларускімі выбарамі Еўрапарламенту
З 20 па 21 лістапада юрыст ПЦ “Вясны”, аналітык кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Валянцін Стэфановіч і прадстаўніца Беларускай асацыяцыі журналістаў Вольга Саховіч наведалі Брусэль з візітам па выніках назірання за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў. Візіт быў арганізаваны з дапамогай шведскай праваабарончай арганізацыі Civil Rights Defenders.
Як адзначае Валянцін Стэфановіч, асноўнай мэтай паездкі было давесці да Еўрапарламента і краін-сябраў Еўразвяза ўражанні праваабаронцаў ад праведзенай выбарчай кампаніі.
У межах візіта прайшоў шэраг сустрэч. Па-першае, адбылася сустрэча з новай групай Еўрапарламента, якая працуе па Беларусі (пасля нядаўніх выбараў склад Еўрапарламента моцна змяніўся). Па-другое, быў праведзены брыфінг для прадстаўнікоў краін Еўрасаюза ў прадстаўніцтве амбасады Швецыі. Там прысутнічалі прадстаўнікі ад 15 краін.
“Падчас гэтых сустрэч я распавёў пра вынікі нашай кампаніі па назіранні за выбарамі. Спыніўся на тых высновах, да якіх мы прыйшлі: пра тое, што выбары не адпавядалі міжнародным стандартам свабодных і дэмакратычных выбараў і што ўсе тыя сістэматычныя праблемы ў нашым выбарчым заканадаўстве і выбарчым працэсе, якія існавалі дагэтуль, на жаль, засталіся. Гэта і неплюралістычнасць выбарчых камісій усіх узроўняў, і датэрміновае галасаванне, і непразрысты падлік галасоў. Увогуле ўсе тыя рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ, якія дагэтуль не былі імплементаваныя, па-ранейшаму застаюцца актуальнымі”.
Таксама Валянцін Стэфановіч нагадаў, што ў наступным 2020 годзе Беларусь чакаюць прэзідэнцкія выбары. Яны, хутчэй за ўсё, пройдуць па тым жа заканадаўстве і з тымі ж практыкамі, што і парламенцкія. Ён падкрэсліў, што па меркаванні Праваабарончага цэнтру “Вясна”, вельмі важна, каб Еўрасаюз даў зразумелы сігнал уладам, што ніякія палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да палітычнай апазіцыі, праваабаронцаў, журналістаў, наяўнасць новых палітвязняў для Еўропы прынцыпова непрымальны. Беларускія ўлады павінны ведаць, што ёсць пэўная чырвоная лінія, якую яны не мусяць пераступаць.
Праваабаронца адзначыў, што трэба працягваць менавіта крытычны дыялог Еўрасаюза з Беларуссю.
“Крытычны дыялог прадугледжвае тое, што размаўляць трэба не толькі пра эканамічныя сферы, але і пра правы чалавека і дэмакратыю. Мы чакаем ад уладаў больш канкрэтных і сістэмных крокаў, скіраваных на паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека, у тым ліку і на ўзроўні зменаў заканадаўства. Таксама важна, каб пытанне смяротнага пакарання заставалася ў фокусе Еўрапейскага саюза”, - лічыць праваабаронца.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96