viasna on patreon

Гэта толькі пачатак. Як у Мінску прайшоў трэнінг па правах чалавека

2019 2019-10-28T14:22:52+0300 2019-10-28T15:18:24+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/jak_raspaviadac_pra_pravy_chalaveka_agulnaja.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Мінску прайшоў трэнінг “Як распавядаць пра правы чалавека?”. Яго мэта — навучыць жадаючых таму, як вучыць іншых людзей правам чалавека.

Праваабаронца ПЦ “Вясна” Наталля Сацункевіч, адна з суарганізатарак трэнінгу, падкрэсліла, што яго ідэя ўзнікла з-за шматлікіх патрабаванняў у дачыненні да гэтай тэмы:

“Шмат людзей ведаюць дзякуючы розным трэнінгам, семінарам, навучанням, школам, што такое правы чалавека (ці разумеюць гэта на інтуітыўным узроўні, ці проста падзяляюць каштоўнасці правоў чалавека). І яны хочуць распавядаць пра правы чалавека іншым людзям, таму што лічаць гэта важным. І таму наш трэнінг быў адказам на іх запыт, што пацвердзілася і вялікім конкурсам на ўдзел у ім — тры чалавекі на месца”.

Наталля Сацункевіч на трэнінгу
Наталля Сацункевіч на трэнінгу "Як распавядаць пра правы чалавека?". Фота: ПЦ "Вясна".

Сярод арганізатарак ад Валанцёрскай службы ПЦ “Вясна” была і Марыя Трайцяк, якая таксама выступіла ў якасці трэнеркі:

“Калі мы абмяркоўвалі ідэю трэнінгу, мы разумелі, што ёсць кваліфікаваныя юрысты, якія працуюць са скаргамі ды інш, — але яны хацелі б сябе рэалізаваць у асвеце ці проста распавесці камусьці пра правы чалавека больш простымі словамі”.

Фота: ПЦ
Фота: ПЦ "Вясна".

У першую чаргу арганізатаркі намагаліся запрашаць на трэнінг людзей з рэгіёнаў, кажа Марфа Рабкова, каардынатарка Валанцёрскай службы ПЦ “Вясна”:

“Рэгіёны, нажаль, пакуль што неяк ізаляваны, і там менш праходзіць нейкіх мерапрыемстваў пра правы чалавека”.

Напрыклад, Кірыл прыехаў з Гародні:

“Я будучы выкладчык, і таму я бачу тут добрую магчымасць навучыць сваіх малых вучняў нейкім цікавым рэчам пра правы чалавека, каб яны сталі актыўнымі грамадзянамі”.

Кірыл (злева) падчас трэнінгу
Кірыл (злева) падчас трэнінгу "Як распавядаць пра правы чалавека?". Фота: ПЦ "Вясна".

А Лена — жыхарка Светлагорска:

“Я вырашыла паўдзельнічаць таму, што ў мяне ўжо былі нейкія веды пра правы чалавека, але мне не хапала нейкай структурнасці ды сістэмнасці”.

Удзельніца Лена і суарганізатарка Марыя Трэйцяк на трэнінгу
Удзельніца Лена і суарганізатарка Марыя Трайцяк на трэнінгу "Як распавядаць пра правы чалавека?". Фота: ПЦ "Вясна".

Каб адказаць і на гэты запыт, у першы дзень трэнінгу быў запрошаны юрыст грамадскай прыёмнай Аляксей Лойка, які падзяліўся тым, з якімі выклікамі ён сутыкаецца падчас сваёй працы.

Акрамя Валанцёрскай службы ПЦ “Вясна”, удзел у трэнінгу прыняла і Беларуская праваабарончая школа, чые мерапрыемствы ўжо шмат год каардынуе Андрэй Палуда. Ён з’яўляецца экспертам у нефармальнай адукацыі ў дачыненні да правоў чалавека.

Андрэй Палуда падчас трэнінгу. Фота: ПЦ
Андрэй Палуда падчас трэнінгу. Фота: ПЦ "Вясна".

“Для таго, каб распавядаць пра правы чалавека, мы абралі менавіта нефармальную адукацыю. Тут ёсць прычыны “негатыўныя” (мы не маем у нашай краіне доступу да фармальнай адукацыі, якая вядзецца галоўным чынам ў дзяржаўных установах) ды “пазітыўныя” (напрыклад, мы можам ахапіць сярод удзельнікаў розных па адукацыйнаму ды ўзроставаму складніку людзей). Тым больш нефармальная адукацыя — гэта класная магчымасць для данясення альтэрнатыўнай думкі; дзякуючы ёй мы можам выкарыстоўваць самыя новыя методыкі, якія дазваляюць як мага глыбей засвойваць разуменне канцэпцыі правоў чалавека”, — распавёў Андрэй Палуда.

Нефармальная адукацыя ў адрозненні ад фармальнай з’яўляецца больш гнуткай ды можа хутка рэагаваць на змены. Але гэта не азначае, што тут няма сістэмнасці. Так, Беларуская праваабарончая школа мае некалькі ўзроўняў навучання: уводны курс (для пачаткоўцаў); базавы (прадстаўлены Летнімі школамі па правах чалавека) ды паглыблены курс, куды прыходзяць людзі з пэўным бэкграўндам.

А ўдзельнікі і удзельнікі трэнінгу “Як распавядаць пра правы чалавека?” змаглі выкарыстаць засвоеныя падчас навучання метады нефармальнай адукацыі дзякуючы практычнай частцы: кожны з іх у складзе невялікай групы паспрабаваў правесці свой уласны міні-трэнінг.

А тыя, хто не трапіў на трэнінг з-за адсутнасці месцаў (памятаем, што конкурс на яго быў вельмі вялікі!), змогуць гэта неўзабаве зрабіць пазней - “Як распавядаць пра правы чалавека?” неўзабаве паўтарыцца. Сачыце за навінамі!

Удзельнікі і удзельніцы трэнінгу
Удзельнікі і удзельніцы трэнінгу "Як распавядаць пра правы чалавека?". Фота: ПЦ "Вясна".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства