viasna on patreon

Анархіст Аляксандр Францкевіч расказаў, як яго дэпартавалі з Украіны

2019 2019-06-19T15:24:56+0300 2019-06-24T13:19:41+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/franckevich_al.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аляксандр Францкевіч. Радыё Свабода

Аляксандр Францкевіч. Радыё Свабода

Былы беларускі палівязень Аляксандар Францкевіч расказаў Радыё Свабода, за што яго дэпартавалі з Украіны і як гэта адбывалася.

У ноч на 19 чэрвеня ў Кіеве супрацоўнікамі СБУ быў затрыманы грамадзянін Беларусі, былы палітвязень, анархіст Аляксандар Францкевіч і раніцай дэпартаваны ў Беларусь.

На мінскім вакзале, куды ён прыехаў з Гомеля, Францкевіч паведаміў, што 18 чэрвеня ў 17 гадзін ён прыйшоў у офіс Цэнтральнай міграцыйнай службы па пасведчанне аб працягу на год віду на жыхарства:

«Супрацоўніца архіва выдала дакумент, я распісаўся, а на выхадзе мяне затрымалі. Сказалі, што супрацоўнікі СБУ, але прозвішчаў не назвалі. Паказалі мне дакумент — «Рашэнне на прымусовую дэпартацыю», паводле якога на 3 гады мяне выдвараюць з Украіны за тое, што мая дзейнасць нібыта «супярэчыць інтарэсам гарантавання нацыянальнай бяспекі Украіны».

Паводле Францкевіча, яго запхнулі ў аўтамабіль і павезлі да беларускай мяжы.

«Па дарозе мяне сама меней тройчы білі: за тое, што ўпіраўся, не хацеў з імі ісці, за тое, што адмовіўся разблакаваць тэлефон. Гэты тэлефон у выніку проста забралі і на мяжы мне не вярнулі. Ужо ноччу прывезлі да беларускай мяжы, непадалёк ад месца, дзе сыходзяцца тры краіны, знялі кайданкі, аддалі пашпарт і сказалі ісці ў Беларусь», — кажа Францкевіч.

Беларускія памежнікі праверылі ягоны пашпарт і ўпусцілі ў краіну, а міліцыянты давезлі да чыгуначнай станцыі.

​З рэчаў у Аляксандра Францкевіча толькі невялікі гаманец на поясе, у якім пашпарт, рашэнне аб дэпартацыі і 50 даляраў.

«Нібыта прадбачыў нешта, захапіў з сабой. Так бы зусім быў без грошай», — разводзіць рукамі Аляксандар.

Ён кажа, што супрацоўнікі СБУ парушылі закон Украіны, калі так прымусова і хутка прывезлі яго да мяжы.

«Справа ў тым, што я ім заявіў: збіраюся падаць заяву на прытулак як уцякач. У такім выпадку мяне мусілі прывезці ў паліцыю, дзе я б напісаў адпаведную заяву, у мяне б забралі пашпарт, выдалі даведку, а там бы далейшы мой лёс вырашаў суд. Але так не зрабілі, а на мае пратэсты адказалі кулакамі. Білі адчувальна, яшчэ рабілі прыёмы ўдушэння. Карацей, як наш АМАП».

Аляксандр не выключае «наводкі», што яго маглі выслаць па замове беларускіх спецслужбаў.

«Мне праз „Тэлеграм“ прыходзілі з Беларусі пагрозы, што хутка выдвараць на радзіму. Пры гэтым і самі супрацоўнікі СБУ казалі, што я звязаны з украінскім анархістамі, што некаму даваў начлег. І што, хіба прытуліць чалавека на ноч — гэта забаронена? Але дакладная прычына мне невядомая, лічу, што гэтае выдварэнне неадэкватнае маім учынкам. Так, я застаўся ў поглядах анархістам, але ні ў якіх незаконных справах не ўдзельнічаў. Таксама я не браў удзелу ў баях на Данбасе», — кажа Аляксандар Францкевіч.

Былы беларускі палітвязень сказаў, што паспрабуе аспрэчыць сваю дэпартацыю ў Еўрапейскім судзе правоў чалавека.

«Тое, што Беларусь не сябра Савета Еўропы, у маёй справе не мае значэння, бо адказчык — Украіна, а яна падпісала ўсе адпаведныя дакументы і мусіць адказваць за такое беззаконне», — мяркуе Францкевіч.

Пры гэтым Аляксандар Францкевіч не думае, што падпаў пад дэпартацыю ў сувязі з унутранай палітыкай новага прэзідэнта Украіны Зяленскага.

Чым будзе займацца ў Беларусі, Аляксандар пакуль ня ведае.

«Я праграміст, мая праца звязаная з кампутарамі, але калі бясконца праводзяць ператрусы, як было тут, і арыштоўваюць тэхніку, дык працаваць немагчыма. Таму не ведаю, дзе апынуся ў выніку. Пакуль еду да мамы ў Наваполацак», — сказаў Аляксандар Францкевіч.

З Мінску ў Наваполацак былы палітвязень без праблем выехаў на маршрутцы. На мінскім вакзале супрацоўнікі міліцыі да яго не падыходзілі.


Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства