viasna on patreon

Інгушскага апазіцыянера і блогера Ісмаіла Нальгіева выслалі з Беларусі

2019 2019-05-11T08:58:12+0300 2019-05-15T18:04:29+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ismail_525626.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ісмаіл Нальгіеў

Ісмаіл Нальгіеў

Затрыманага 8 мая ў нацыянальным аэрапорце Мінск інгушскага апазіцыянера і блогера Ісмаіла Нальгіева 10 мая выслалі з Беларусі ў Расію, паведаміў БелаПАН адвакат Антон Гашынскі.

Аб высылцы расіяніна адвакат даведаўся ад начальніка аддзела па грамадзянстве і міграцыі Кастрычніцкага РУУС Мінска.

Нальгіеву на 10 гадоў забаронены ўезд у Беларусь.

10 мая Гашынскі падаў скаргу на рашэнне намесніка начальніка АГіМ Кастрычніцкага РУУС аб высылцы Нальгіева і вынесенай яму забароне на ўезд у Беларусь. Чакалася, што працэс дэпартацыі будзе прыпынены на час разгляду скаргі.

"Скаргу не разгледзелі, — сказаў адвакат. — Пра тое, што скарга пададзеная, было паведамлена ў АГіМ Кастрычніцкага РУУС. Намеснік начальніка сказала, што прыпыніць высылку, пасля гэтага яна знікла і знік Нальгіеў. А праз тры-чатыры гадзіны паведамляюць, што высылка выкананая".

Нальгіева затрымалі ў мінскім аэрапорце 8 мая. Артыкул Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, на падставе якога яго затрымалі, невядомы. Меркавалася, што 10 мая затрыманага будуць судзіць, але пазней адвакату паведамілі, што суда не будзе.

Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі раней паведаміў БелаПАН, што 8 мая для Нальгіева ў ІЧУ прынялі перадачу, а 9 мая адвакат напісаў шэраг скаргаў на дзеянні міліцыі пры затрыманні расіяніна.

Праваабаронцы запатрабавалі ад беларускіх уладаў не дапусціць парушэння правоў Ісмаіла Нальгіева. У сумеснай заяве, тэкст якой быў апублікаваны 9 мая на сайце РГА "Прававая ініцыятыва", адзначаецца, што кіраўнік грамадскай арганізацыі "Выбар Інгушэціі" Ісмаіл Нальгіеў быў затрыманы пры спробе вылету з Мінска ў Прагу.

"Ісмаіл Нальгіеў вядомы як актыўны ўдзельнік пратэстаў супраць дамовы аб мяжы паміж Чачнёй і Інгушэціяй. Мы мяркуем, што затрыманне актывіста звязанае з яго удзелам у пратэстах на тэрыторыі Інгушэціі", — гаворыцца ў заяве.

"Існуе рызыка перадачы Ісмаіла Нальгіева уладам Інгушэціі без выканання ўсталяванай законам працэдуры, бо такія выпадкі ўжо былі ў Беларусі: у 2017 годзе Мурад Амрыеў быў "перададзены" Расіі, нягледзячы на яго заявы пра пагрозы прымянення катаванняў у выпадку выдачы ў Расійскую Федэрацыю, таксама ў 2017 годзе з Беларусі быў вывезены Уладзімір Ягораў і перададзены супрацоўнікам ФСБ без якой-небудзь прававой працэдуры", — нагадваюць аўтары заявы.

Яны адзначаюць, што ў Інгушэціі існуе пагроза прымянення катаванняў у дачыненні да Нальгіева, і нагадваюць, што ў адпаведнасці з Канвенцыяй ААН супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжальных годнасць відаў абыходжання і пакарання "ні адна дзяржава-ўдзельнік не павінна высылаць, вяртаць або выдаваць якую-небудзь асобу іншай дзяржаве, калі існуюць сур'ёзныя падставы меркаваць, што ёй можа пагражаць там прымяненне катаванняў". Акрамя таго, згодна з беларускім заканадаўствам замежнікі не могуць быць выдвараныя за межы Рэспублікі Беларусь у дзяржаву, дзе іх жыццю або свабодзе пагражаюць небяспека і катаванні.

Праваабаронцы запатрабавалі ад беларускіх уладаў "няўхільнага выканання заканадаўства Рэспублікі Беларусь і выканання ўсіх неабходных працэдур для недапушчэння парушэння правоў Ісмаіла Нальгіева".


  Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства