viasna on patreon

Студэнту ПалесДУ зрабілі вымову за вясёлкавы сцяг

2019 2019-03-22T15:56:04+0300 2019-03-22T15:56:03+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kirill_kaeshko_.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

21 сакавіка з рэдакцый сайта "Студэнская думка" звязаўся студэнт ПалесДУ Кірыл Каешка. Ён распавёў, што яму вынеслі вымову за прынт вясёлкавага сцяга (сімвал руху ў падтрымку правоў чалавека ў дачыненні да ЛГБТ+ людзей) на дзвяры інтэрната. І гэта «раптам» супала з тым, што ён крытыкаваў дзеянні адміністрацыі універсітэта: выступаў супраць таго, што студэнтаў прымушаюць хадзіць на мерапрыемствы.

Кірыл распавядае, як развіваліся падзеі:

«Я - студэнт ПалесДУ, пры тым стараста і старшыня студэнцкага самакіравання факультэта банкаўскай справы. Пакуль я не праяўляў ніякай актыўнасці і быў "звычайным" студэнтам, ніхто не звяртаў увагі на сцяг.

У адзін дзень мне не спадабалася, што выхавальнік інтэрната патрабаваў спісы з людзьмі на мерапрыемства, якое не было абавязковым і не ўваходзіць у навучальны план, ад кожнай групы першага курса. Я сказаў, што гэта незаконна, у гутарцы, а потым зрабіў пост у сябе на сцяне Укантакце аб гэтай сітуацыі, каб расказаць іншым студэнтам.

У той жа дзень, бліжэй да вечара, мне напісала начальнік сектара аховы Наталля Харужая, каб я прынёс свой бэйджык сектара аховы, так як мяне выключылі з яго. Я прынёс бейдж і спытаў, за што мяне выключылі. Начальніца сектара сказала, што выхавальніцы вельмі не спадабаўся мой пост.

З гэтага пачалося негатыўнае стаўленне да мяне з боку выхавальніцы інтэрната».

14 сакавіка - быў дзень, калі правяраюць санітарны стан блокаў, і ў блок да Кірыла Каешкі зайшлі два выхавацеля. Яны праверылі парадак у блоку і сказалі зняць сцяг з дзвярэй. Сцяг вісеў з 6 снежня 2018 года, і праблем не было, пры тым, што за гэты час у блок прыходзілі і выхавальнік, і камендант інтэрната і бачылі яго.

Хлопец адмовіўся зняць сцяг: «гэта абсурдна, бо ён нікому не замінае і нікога не абражае».

У пятніцу, калі ён з'ехаў у Мінск, сцяг знялі работнікі універсітэта.

«І на наступным тыдні, у панядзелак, мне паведамілі, што ад выхавальніцы прыйшла чарговая дакладная на мяне за сцяг. І мне выпісалі вымову.

Пацешна, што на дзвярах насупраць вісеў такі ж самы сцяг, але перакрэслены - і ніякай вымовы хлопцам за гэта не далі», - распавёў Кірыл Каешко.

У дакуменце напісалі, што ён парушыў п. 31 Правілаў пражывання ў інтэрнаце.

«Я паглядзеў правілы - там няма ні слова пра дзверы, але нават калі гэта месца агульнага карыстання, то я ўпэўнены, што не заслужыў вымову, бо да гэтага ў мяне не было ніякіх парушэнняў. Гэта вельмі непрыемна».

Пасля таго, як Кірылу вынеслі вымову, і ён паспрабаваў абараняць свае правы, начальніца аховы пачала пісаць розным людзям з яго універсітэта і падрабязна распытваць, з кім Кірыл мае зносіны і колькі ў яго «сяброў» Уконтакце. З яе слоў, яна рабіла гэта пасля загаду выхавальніцы Васілявіцкай Т. В.

У размове намеснік дэкана і дэкан пацвердзілі: справа ў «няправільнасці» вясёлкавага сцяга (аўдыёзапіс ёсць у распараджэнні рэдакцыі "Студэнцкай думкі"). Кірыл працягвае аповяд:

«Учора, 21 сакавіка, выхавальніца інтэрната хадзіла па пакоях і прымушала людзей здымаць плакаты, фатаграфіі і гірлянды са сценаў. Пры гэтым вінаватым у гэтым яна называла мяне. Я ў жаху, гэта сапраўдная траўля!»

Хлопец адзначае, што ва ўніверсітэце добрая і спакойная атмасфера. На самай справе ўвесь дэканат і адміністрацыя ўніверсітэта - вельмі добрыя людзі, якія ўсё разумеюць, але з-за страху перад начальствам або іншымі органамі, яны пачынаюць паводзіць сябе проста жудасна. Пачынаюцца бясконцыя прафілактычныя гутаркі, прадузятае строгае стаўленне.

«Гэта сумна і ніколі ні да чаго добрага не прыводзіць. Я вельмі спадзяюся, што адміністрацыя зразумее, што так нельга, і больш такіх канфліктаў не будзе», - падкрэслівае Кірыл Каешко.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства