Дзярждэп ЗША праінфармаваў аб парушэннях правоў чалавека ў Беларусі
Бюро па пытаннях дэмакратыі, правоў чалавека і працоўных адносінаў Дзярждэпартамента ЗША апублікавала даклад пра захаванне правоў чалавека ў 2018 годзе ў шэрагу краін свету, уключаючы Беларусь.
Справаздача складаецца з некалькіх раздзелаў, якія апісваюць парушэнні ў дачыненні да забеспячэння недатыкальнасці асобы, захавання грамадзянскіх свабодаў, свабоды ўдзелу ў палітычным працэсе, карупцыі і адсутнасці празрыстасці ва ўрадзе, дыскрымінацыі, працоўных правоў і іншыя парушэнні.
Ацэньваючы стаўленне ўрада да міжнародных і няўрадавых расследаванняў меркаваных парушэнняў правоў чалавека, аўтары дакладу паказваюць, што ў 2018 годзе ўлады Беларусі варожа ставіліся да дзейнасці мясцовых няўрадавых арганізацый, абмяжоўвалі іх дзейнасць, выбарачна супрацоўнічалі з імі і пакідалі іх меркаванне без належнай увагі. Урад ігнараваў даклады праваабарончых НДА і згаджаўся сустрэцца толькі з зарэгістраванымі арганізацыямі.
Дзяржаўныя СМІ рэдка паведамлялі пра праваабарончыя НДА і іх дзейнасці.
У ліку парушэнняў правоў чалавека ў даклад увайшло некалькі выпадкаў затрымання назіральнікаў за ходам мірных сходаў Праваабарончага цэнтра "Вясна". Дакумент таксама змяшчае заявы праваабарончых арганізацый - Праваабарончага цэнтра "Вясна" і БХК - аб выніках мясцовых выбараў.
У заключэнне, эксперты падкрэсліваюць, што у 2018 годзе ў Беларусі парушэнні правоў чалавека ўключалі:
- катаванні;
- адвольныя арышты і затрыманні;
- умовы ўтрымання ў месцах пазбаўлення волі, што пагражаюць жыццю;
- адвольныя або незаконныя замахі на недатыкальнасць жылля;
- неабгрунтаваныя абмежаванні на свабоду выказвання меркаванняў, працу СМІ і Інтэрнэт, у тым ліку цэнзура, блакаванне сайтаў і крымінальныя пераследы за паклёп і абразу службовых асобаў;
- затрыманні журналістаў і прымяненне супраць іх гвалту;
- жорсткія абмежаванні на свабоду сходаў і асацыяцый, у тым ліку шляхам увядзення крымінальнай адказнасці за заклікі да мірных сходаў і законау, якія забараняюць дзейнасць і фінансаванне незарэгістраваных арганізацый;
- абмежаванні на свабоду перамяшчэння, у прыватнасці былых палітычных зняволеных, чые грамадзянскія правы застаюцца ў значнай ступені абмежаванымі;
- няздольнасць расследаваць даўнія выпадкі палітычна матываваных знікненняў людзей;
- абмежаванні на ўдзел у палітычным жыцці, карупцыя ва ўсіх галінах улады;
- паведамленні пра прымус жанчын рабіць аборты;
- гандаль людзьмі.
Улады на ўсіх узроўнях дзейнічалі беспакарана і не змаглі прыняць меры да судовага пераследу або пакарання службовых асобаў ва ўрадзе або супрацоўнікаў спецслужбаў, якія парушылі правы чалавека.