viasna on patreon

Складзеныя пратаколы за ўсталяваны ў Курапатах новы крыж

2019 2019-01-20T13:15:16+0300 2019-01-20T13:15:16+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kurapaty-kryzh.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Усталяваны ў Курапатах крыж. Фота "Наша Ніва".

Усталяваны ў Курапатах крыж. Фота "Наша Ніва".

Кіраўнікоў Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі — БНФ (КХП БНФ) 18 студзеня выклікалі ў Мінскі райвыканкам на пасяджэнне камісіі аддзела ідэалагічнай працы, культуры і моладзі, каб скласці на іх пратаколы, паведамляе сайт партыі.

Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні партыі, і Валеры Буйвал, сакратар управы партыі, нібыта «парушылі парадак і ўмовы выканання прац на гісторыка-культурнай каштоўнасці» ў Курапатах і тым самым «нанеслі шкоду культурнай каштоўнасці».

Як піша "Наша ніва", падставай стала тое, што 27 снежня 2018 г. група беларускіх патрыётаў, сярод іх Юры Беленькі, усталявалі ў Курапатах драўляны крыж на месцы даўняга крыжа памяці літоўскіх ахвяраў, які спарахнеў. Папярэдне патрыёты звязаліся з грамадзянамі Літвы, якія выканалі ў традыцыйным стылі літоўскага народнага мастацтва драўляны дубовы крыж і прымацавалі да яго шыльдачку з эпітафіяй «Памяці забітых літоўцаў. 1937—1941» на беларускай і літоўскай мовах. Устаноўка новага крыжа на месцы былога крыжа зявілася актам ушанаваньня памяці пакутнікаў літоўскага народа, які разам з беларусамі пацярпеў пад час сталінскіх рэпрэсій.

У той дзень каля гэтага месца прысутнічалі два работнікі лясгасу, яны не выказвалі ніякіх прэтэнзій да ўдзельнікаў устаноўкі крыжа і не задавалі ніякіх пытанняў.

У той самы час па цэнтральнай Крыжовай алеі Курапатаў праходзіў Валеры Буйвал, які на працягу 30 гадоў апякуецца курапацкімі магіламі і крыжамі. Ён не прымаў удзел ва ўстаноўцы новага крыжа. Аднак, на аснове фальшывых сведчаньняў работнікаў лясгасу яго таксама прыцягваюць да адказнасьці за ўдзел ва ўстаноўцы крыжа.

Вечарам стала вядома, што крыж памяці літоўскіх ахвяр знік. Удалося высветліць, што гэты крыж быў выдалены з зямлі і вывезены работнікамі лясгасу. Зараз ён знаходзіцца на часовым захаванні на адміністрацыйнай тэрыторыі лясгасу.

Вядома, што прызначана новае пасяджэнне камісіі аддзела ідэалагічнай працы, культуры і моладзі для правядзення адміністрацыйнага працэсу.

«Абсурдныя і фальшывыя абвінавачванні высунуты супраць людзей, якія на працягу 30 гадоў стваралі Народны мэмарыял у Курапатах, ахоўвалі і баранілі яго ад спробаў знішчыць крыжы і магілы народных пакутнікаў… Патрыёты будуць звяртацца ў пракуратуру з мэтай абскарджвання незаконных дзеянняў прадстаўнікоў уладаў, а таксама да міжнароднай грамадскасці з заклікам асудзіць вандальскія дзеяньні ўладаў на магілах пакутнікаў і незаконныя рэпрэсіі супраць патрыётаў, якія ўшаноўваюць памяць ахвяраў у Курапатах», — гаворыцца ў паведамленні інфармацыйнай камісіі КХП — БНФ.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства