Форум Грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства прыняў Рэзалюцыю па Беларусі

2018 2018-12-17T15:29:29+0300 2018-12-17T15:29:29+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/forum_civil_society_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Асамблея Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, якая прайшла ў Тбілісі, прыняла Рэзалюцыю аб парушэнні правоў чалавека і пераследу журналістаў у Беларусі, паведамляецца на сайце БАЖ.

Удзельнікі Асамблеі звяртаюць увагу на шматлікія парушэнні правоў чалавека ў Беларусі і заклікаюць чыноўнікаў і структуры Еўрасаюза ва ўзаемадзеянні з Беларуссю кіравацца выкананнем правоў чалавека, як найвышэйшай каштоўнасцю.

Рэзалюцыя ФГС УП аб парушэнні правоў чалавека і пераследу журналістаў у Беларусі

Мы, Кіруючы камітэт Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, выказваем сваю заклапочанасць сітуацыяй з правамі чалавека ў Рэспубліцы Беларусь, у тым ліку пераследам незалежных журналістаў.

У краіне працягваюць сістэматычна парушацца такія асноўныя правы чалавека, як свабода сходаў, асацыяцый, слова.

Дзеянні ўладаў па адмене артыкула 193.1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь мы разглядаем як важны і неабходны крок у накірунку паляпшэньня стану са свабодай асацыяцый. Разам з тым, мы канстатуем, што намер замяніць крымінальную адказнасць за ўдзел у дзейнасці незарэгістраванай арганізацыі на адміністрацыйную, сведчыць аб адсутнасці рэальнай палітычнай волі да забеспячэння свабоды асацыяцыяў у краіне.

У Рэспубліцы Беларусь адсутнічае усёабдымнае антыдыскрымінацыйнае заканадаўства, не створаныя эфектыўныя механізмы забеспячэння роўнасці і абароны ад дыскрымінацыі. Улады да гэтага часу не прадэманстравалі ніякага сур'ёзнага прагрэсу ў стварэнні нацыянальнага інстытута па правах чалавека. Не прынятыя змены ў Выбарчы кодэкс, прапанаваныя праваабарончымі НКА і міжнароднымі арганізацыямі з мэтай набліжэння умоў правядзення выбараў у Рэспубліцы Беларусь да міжнародных стандартаў. У Рэспубліцы Беларусь працягвае ўжывацца смяротнае пакаранне. Мы падкрэсліваем, што Беларусь па-ранейшаму застаецца адзінай дзяржавай сярод усіх краін Усходняга партнёрства, якая не прадугледжвае ніякіх нацыянальных законаў аб барацьбе з гвалтам у сям'і.

Улады краіны звяртаюцца да практыкі палітычна матываваных пераследаў праваабаронцаў, грамадзянскіх актывістаў.

Улады Беларусі планамерна ствараюць больш жорсткія ўмовы для працы СМІ ў краіне. Змены ў заканадаўства аб СМІ, якія ўступілі ў моц 1 снежня 2018 года, ствараюць больш жорсткія ўмовы для рэгістрацыі інтэрнэт-рэсурсаў у якасці медыя. Гэтыя змены закранаюць і прадстаўнікоў медыя, і аўдыторыю медыя, карыстальнікаў інтэрнэту. Усё часцей выкарыстоўваецца заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму для падаўлення свабоды слова і ціску на грамадзкіх актывістаў.

Застаецца балючай тэма працы журналістаў-фрылансераў, на якіх у Беларусі масава складаюць адміністрацыйныя пратаколы, асуджаюць да вялікіх штрафаў, аказваюць маральны ціск на іх сем'і.

У гэтым годзе была заведзеная рэзананснае крымінальная "справа БелТА", у рамках якой абвінавачваліся 15 журналістаў, а галоўны рэдактар ​​TUT.BY Марына Золатава і сёння застаецца пад крымінальным пераследам.

У месцах пазбаўлення волі знаходзіцца заснавальнік праваабарончай арганізацыі «Платформа» Міхаіл Жамчужны, прызнаны праваабарончымі арганізацыямі Беларусі палітычным зняволеным. У 2018 годзе лідэраў Беларускага прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка асудзілі на 4 гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову закрытага тыпу за нібыта ўхіленне ад выплаты падатку са сродкаў замежнага фінансавання.

Беларускія праваабарончыя арганізацыі не ўключаныя ў дыялог з дзяржаўнымі структурамі. Мы вітаем наяўнасць у Рэспубліцы Беларусь Міжведамаснага плана па выкананні рэкамендацый УПА і іншых дагаворных органаў. На жаль, у плане не ўлічана большасць рэкамендацый праваабарончых арганізацый, яны таксама практычна не ўцягнутыя ў яго рэалізацыю.

Мы вітаем працу афіцыйных асобаў ЕС і Беларусі па Прыярытэтам Партнёрства, іх адкрытасць да ўключэння грамадзянскай супольнасці ў гэты працэс і спадзяемся на хуткае падпісанне і пачатак рэалізацыі Прыярытэтаў. Правы чалавека павінны быць у цэнтры Прыярытэтаў і супрацоўніцтва ЕС-Беларусь. Мы гатовыя працаваць з урадам над паляпшэннем спрыяльных умоў для грамадзянскай супольнасці, якое здольна ўнесці свой уклад у працэс рэформаў.

Рэформы вышэйшай адукацыі ў рамках Балонскага працэсу павінны быць больш празрыстымі і адкрытымі для ўдзелу грамадзянскай супольнасці. Мы аддаём належнае нядаўна распрацаванаму праекту стратэгічнага плана дзеянняў, выкананню якога беларускі ўрад павінен цалкам прысвяціць сябе. Гэта ключ да рэалізацыі, у прыватнасці, гарантый акадэмічнай свабоды і інстытуцыйнай аўтаноміі. Мы заклікаем Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь прызнаць Беларускую нацыянальную платформу ў якасці зацікаўленага боку і партнёра па рэалізацыі Стратэгічнага плана дзеянняў. Мы таксама звяртаем увагу на выпадкі парушэння правоў студэнтаў, якія адбыліся у 2018 годзе: па меншай меры адно палітычна матываванае выключэнне і, у сувязі з правядзеннем еўрапейскіх гульняў у траўні 2019 года, як мінімум 3000 месцаў у студэнцкіх інтэрнатах будуць аддадзеныя спартыўным камандам; шэраг вышэйшых навучальных устаноў ужо змянілі структуру семестравага календара, што негатыўна адбілася на навучальным працэсе.

Мы падкрэсліваем, што Беларусь яшчэ не прывяла праект АЭС у адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі, і пытанне пра беларускую АЭС павіненна быць уключана ў парадак дня ў ходзе перамоваў з краінай.

Мы заклікаем:

  • пры падпісанні партнёрскага пагаднення кіравацца выкананнем правоў чалавека ў Беларусі, як найвышэйшай каштоўнасцю;
  • далучаць НДА ў праекты, якія Еўрасаюз рэалізуе сумесна з Беларуссю;
  • прыцягваць НДА да кансультацый пры планаванні, распрацоўцы і рэалізацыі двухбаковых і шматбаковых праектаў;
  • ажыццяўляць кантроль за рэалізацыяй праектаў з уключэннем НДА;
  • спрыяць прывядзенню заканадаўства Рэспублікі Беларусь да міжнародных стандартаў;
  • садзейнічаць уключэнню НДА ў дыялог Еўрасаюзам ўнутры краіны і на міжнародных пляцоўках.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства