У Магілёве суд адхіліў скаргу на забарону пікету, прымеркаванага да візіту Пуціна
Магілёўскі гарвыканкам не дазволіў праваабаронцам з цэнтру «Вясна» пікет у падтрымку палітвязьня Алега Сянцова, які ўтрымліваецца ў расейскай калёніі. Рашэньне чыноўнікаў актывісты палічылі незаконным і зьвярнуліся ў суд. Пікет праваабаронцы зьбіраліся праводзіць, калі ў Магілёве быў Пуцін.
Па інфармацыі Радыё Свабода, акцыю салідарнасьці праваабаронцы Аляксей Колчын і Аляксандар Буракоў хацелі правесьці 12 кастрычніка, падчас Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расеі. На яго прыяжджаў Уладзімер Пуцін. Пляцоўку абралі ў цэнтры гораду на Першамайскай вуліцы, непадалёк ад гарвыканкаму.
«На форуме ў большым фокусе ўвагі грамадзтва былі стасункі між нашымі краінамі, і мы вырашылі скарыстаць гэтую нагоду, каб нагадаць пра палітычных зьняволеных у Расеі», — тлумачыў мэту акцыі Аляксей Колчын.
Чыноўнікі параілі пікетаваць стадыён, удалечыні ад людных вуліц
Гарвыканкам праводзіць пікет у цэнтры не дазволіў і нагадаў, што пляцоўка для санкцыянаваных акцый — стадыён на вуліцы Чалюскінцаў.
Стадыён на Чалюскінцаў — удалечыні ад людных месцаў, і дасягнуць мэты пікету там немагчыма, заявіў на судзе Барыс Бухель.
«Гэта відавочны зьдзек са здаровага розуму і нашай чалавечай годнасьці», — сказаў ён і заклікаў судзьдзю Аксану Куляшову, «праявіць прынцыповасьць і грамадзянскую мужнасьць» пры вынясеньні прысуду.
Паводле Бухеля, рашэньне чыноўнікаў парушае нормы Канстытуцыі, а таксама міжнародныя акты, якія абавязалася выконваць Рэспубліка Беларусь і якія гарантуюць грамадзянам свабоду сходаў і мітынгаў.
Судзьдзя: апэляцыя да міжнароднага права і Канстытуцыі надуманая
З довадамі пазоўнікаў прадстаўнікі гарвыканкаму Натальля Жукава і Тацяна Дараганава не пагадзіліся. Яны настойвалі на законнасьці адмовы ў правядзеньні акцыі.
Судзьдзя Аксана Куляшова не задаволіла пазову праваабаронцаў. Іх апэляваньне да нормаў Канстытуцыі і міжнароднага права яна назвала «надуманым». Паводле яе, гарвыканкам не парушыў правоў грамадзян, бо прыняў рашэньне пра пікет у межах сваёй кампэтэнцыі.
Аляксандар Буракоў заявіў, што прысуд будзе абскарджаны.
«Мы ведалі, што судовая сыстэма ня стане на наш бок, але для нас было важна выказаць салідарнасьць з Алегам Сянцовым, — патлумачыў ён. — Гэта была стратэгічная справа з прыцэлам на скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН. Акрамя таго, гэта быў першы крок, каб зьмяніць сытуацыю з правядзеньнем масавых мерапрыемстваў, прынамсі ў нашым горадзе».
У Расеі з палітычных прычын асуджана да 75 украінцаў
Украінскага рэжысэра Алега Сянцова затрымалі ў Крыме ў траўні 2014 году і ў 2015 засудзілі ў Расеі на 20 гадоў калёніі строгага рэжыму за нібыта падрыхтоўку тэракту. Ён адмаўляе абвінавачаньні. Сёлета ад 14 траўня ён трымаў галадоўку з патрабаваньнем вызваліць усіх украінскіх палітычных вязьняў у Расеі. Галадоўка працягвалася 145 дзён і была спыненая 6 кастрычніка. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Алега Сянцова палітвязьнем. У няволі ён стаў ляўрэатам прэміі Андрэя Сахарава «За свабоду думкі». Пра прысуджэньне прэміі абвясьцілі 25 кастрычніка ў Эўрапейскім парлямэнце ў Страсбуры.
Паводле розных крыніц, з палітычных матываў у Расеі асуджана ад 70 да 75 украінцаў.
Магілёўскія праваабаронцы пасьля забароны пікету расклеілі ў цэнтры гораду ўлёткі з інфармацыяй пра палітычных зьняволеных у Расеі.