viasna on patreon

Маці асуджанага, дапушчаная судом у якасці абаронцы, не можа дамагчыся спаткання з падабаронным

2018 2018-09-20T09:10:53+0300 2018-09-20T09:11:26+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kraty-6.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У ліпені 2017 года гродзенскім судом Наталля Старавойт была дапушчаная ў якасці абаронцы свайго сына. Аднак у турме №1 Гродна, дзе ўтрымліваўся да суда яе сын, тут жа паўсталі праблемы. Справа ў тым, - піша "Прававая ініцыятыва", - што нягледзячы на ​​статус абаронцы ёй адмаўлялі ў спатканнях з сынам для аказання прававой дапамогі.

Некалькі тыдняў Наталля спрабавала дамагчыся спаткання, пакуль не напісала скаргу ў Гарадзенскую пракуратуру. Пракуратура, трэба аддаць ёй належнае, паставіла ўсё на свае месцы, і маці-абаронца змагла сустракацца з сынам.

Пасля вынясення прысуду сын быў этапаваны ў ПК-17 у Шклове. З сакавіка Наталля спрабуе дамагчыся спаткання для аказання прававой дапамогі свайму сыну. Яна некалькі разоў пісала начальніку калоніі, заяўляючы, што пакуль не пройдзены ўсе судовыя інстанцыі, то прававую дапамогу аказваць неабходна, але ўсе лісты не прыносяць жаданага выніку. Начальнік калоніі Сяргей Петраковіч застаецца непахісным - не паложана ў адпаведнасці з КПК. Пракуратура Магілёўскай вобласці самаўхілілася і пераслала скаргу Наталлі ў УДВП па Магілёўскай вобласці, які падтрымаў начальніка ПК-17.

На самай справе, у КПК няма нормы, у адпаведнасці з якой блізкім сваякам, якiя дапушчаны судамі ў якасці абаронцаў, можна наведваць сваіх падабаронных. Але не ўсё так проста, як можа здацца на першы погляд і «рацыя» чыноўнікаў - не больш чым нежаданне прыслухацца да аргументаў маці-заступніцы.

 «4 ліпеня 2000 г. Канстытуцыйны Суд прыняў рашэнне № Р-100/2000 аб тым, што асуджаныя маюць права на атрыманне юрыдычнай дапамогі не толькі ад адвакатаў, але і ад іншых асоб, калі яны былі дапушчаныя судом у якасці іх абаронцаў. Такія асобы маюць права на спатканні з асуджанымі. Гэта рашэнне суда ўступіла ў сілу з дня прыняцця, г.зн. 4 ліпеня 2000 года. Рашэнні Канстытуцыйнага Суда дзейнічаюць непасрэдна і не патрабуюць пацвярджэння іншымі дзяржаўнымі органамі, іншымі арганізацыямі, службовымі асобамі. Таму забарона на спатканні абаронцы з падабаронным з'яўляецца процідзеяннем аказанню прававой дапамогі і прамым парушэннем арт. 62 Канстытуцыі. Спасылкі на адсутнасць адпаведнай нормы ў КПК з'яўляюцца безпадстаўнымі, паколькі ў адпаведнасці ст.3 КПК крымінальна-выканаўчае заканадаўства Рэспублікі Беларусь грунтуецца на Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь», - пракаментаваў праваабаронца Сяргей Усцінаў.

Пакуль маці асуджанага не ўдалося дамагчыся ад адміністрацыі калоніі № 17 і ДВП Магілёўскай вобласці выканання нормаў Канстытуцыі. Для таго, каб адстаяць права на атрыманне юрыдычнай дапамогі, «Прававая ініцыятыва» падрыхтавала скаргі ў ДВП МУС і Генеральную пракуратуру.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства