viasna on patreon

Праваабаронцы просяць прэзідэнта памілаваць Міхаіла Жамчужнага

2018 2018-07-17T13:07:58+0300 2018-07-17T14:21:06+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zhamchuzhny-3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Шэраг беларускіх правабарончых арганізацый 17 ліпеня падпісаліся пад зваротам да кіраўніка краіны, у якім просяць памілаваць палітвязня Міхаіла Жамчужнага і вызваліць яго ад далейшага адбывання пакарання. 

Зварот аб памілаванні асуджанага Жамчужнага Міхаіла Ігаравіча

Мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, кіруючыся п. 19, арт. 84 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, у парадку, вызначаным арт. 96 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь звяртаемся з просьбай аб памілаванні асуджанага Жамчужнага Міхаіла Ігаравіча, 1955 года нараджэння, які адбывае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ў ПК № 9 у г. Горкі Магілёўскай вобласці.

Жамчужны Міхаіл Ігаравіч - заснавальнік ліквідаванай ў 2015 годзе праваабарончай установы «Платформ Инавэйшн», асуджаны да пазбаўленьня волі на 6 гадоў 6 месяцаў прысудам судовай калегіі па крымінальных справах Віцебскага абласнога суда ад 10 ліпеня 2015 з улікам змяненняў, унесеных у прысуд судовай калегіяй Вярхоўнага суда ад 23 кастрычніка 2015 г. М. Жемчужный прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў па ч. 5 арт. 16, ч.1 арт. 375, ч.1 і ч.2 арт. 376, ч. 1 і ч. 2 арт. 431 КК Рэспублікі Беларусь.

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, ацэньваючы разбіральніцтва справы ў судзе, заявілі пра тое, што пазбаўленне волі Міхаіла Жамчужнага было ўжыта ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, гарантаванае артыкулам 60 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і артыкулам 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах; было заснавана на абвінавачаннях справакаваных прадстаўнікамі дзяржавы, а значыць - не з'яўляюцца злачыннымі дзеяннямі. У той жа час працягласць і ўмовы пазбаўлення волі абраныя відавочна непрапарцыйна правапарушэнню, у якім асоба прызнаная вінаватай.

Гэтыя абставіны дазваляюць нам лічыць М. Жамчужнага палітычным зняволеным на аснове Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця «палітычны вязень», распрацаванага ў тым ліку на аснове сфармуляваных Парламенцкай Асамблеяй Савета Еўропы крытэраў (рэзалюцыя ПАСЕ № 1900 (2012).

У сувязі з гэтым мы патрабавалі неадкладнага перагляду прынятага ў дачыненні да Міхаіла Жамчужнага судовага прысуду пры захаванні права на справядлівае судовае разбіральніцтва і ліквідацыі названых вышэй фактараў.

Да цяперашняга часу прысуд не перагледжаны.

Зняволены М. Жамчужны адбыў ужо каля чатырох гадоў (тры гады і дзевяць месяцаў) з прызначанага судом пакарання. З'яўляючыся асобай пенсіённага ўзросту, М. Жамчужны адчувае ў зняволенні дадатковыя пакуты, акрамя абумоўленых самім фактам пазбаўлення волі.

Хочам звярнуць увагу на тое, што хоць М. Жамчужны і з'яўляецца злосным парушальнікам устаноўленага рэжыму адбыцця пакарання, але ўсе парушэнні апошняга часу звязаныя з асцярогай стаць ахвярай нефармальных адносінаў, якія склаліся сярод зняволеных пры папушчальніцтве адміністрацыі папраўчай установы, што, у сваю чаргу, расцэньваецца намі як форма жорсткага і бесчалавечнага абыходжання са зняволеным.

Асуджэнне і ўмовы адбыцця пакарання Міхаілам Жамчужным сталі прадметам абмеркавання на пасяджэнні Камітэта супраць катаванняў ААН у траўні 2018 года падчас прадстаўлення пятага Перыядычнага дакладу Беларусі. Сваю заклапочанасць сітуацыяй, якая склалася ў дачыненні да М. Жамчужнага, таксама неаднаразова выказвалі прадстаўнікі міжнародных і праваабарончых арганізацый, у тым ліку Еўрапейскі парламент і Камітэт супраць катаванняў.

У сувязі з гэтым, кіруючыся прынцыпамі гуманізму і справядлівасці,

Мы, прадстаўнікі праваабарончых арганізацый, звяртаемся з просьбай аб памілаванні Жамчужнага Міхаіла Ігаравіча і вызваленні яго ад далейшага адбыцця пакарання.

Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый

Беларускі Дом правоў чалавека імя Б. Звозскава

ПУ "Беларускі дакументацыйны цэнтр"

РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт"

Ініцыятыўная група "Ідэнтычнасць і права"

Офіс па правах людзей з інваліднасцю

Простае таварыства "Ініцыятыва FORB»

Праваабарончы цэнтр "Вясна"

Камітэт абароны рэпрэсаваных "Салідарнасць"

Установа "Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве "Хьюман Канстанта"

Асветніцкая ўстанова "Цэнтр прававой трансфармацыі"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства