Праваабаронца абскарджвае рашэнне суда па справе забароны пікету ў падтрымку прафсаюза РЭП
Светлагорская праваабаронца Алена Маслюкова 7 ліпеня накіравала ў судовую калегію па грамадзянскіх справах Гомельскага абласнога суда скаргу. У касацыйнай інстанцыі яна абскарджвае рашэнне раённага суда, які прызнаў законнай забарону пікета ў падтрымку незалежнага прафсаюза РЭП.
Светлагорскі райвыканкам не даў дазволу на правядзенне пікету 1 чэрвеня па надуманай прычыне - у гэты дзень, у гэты ж час і ў тым жа месцы па паведамленні мясцовых чыноўнікаў павінна было адбыцца свята для ўсёй сям'і "Мама, тата, я - футбольная сям'я!", прымеркаваны да Дня абароны дзяцей.
Па словах праваабаронцы, суддзя Людміла Седзько не звярнула ўвагі на той факт, што на момант яе звароту па дазвол на правядзенне мірнага сходу пазначанае чыноўнікамі мерапрыемства не было запланаванае, такім чынам, павінна прымяняцца правіла першага таго, хто звярнуўся.
"Замест таго, каб садзейнічаць ажыццяўленню грамадзянамі свайго права на выказванне меркавання з выкарыстаннем мірнага сходу светлагорскія чыноўнікі шукаюць непатрэбныя і непрапарцыйныя абмежаванні гэтых правоў, што і выявілася ў маім канкрэтным выпадку," - заяўляе Алена Маслюкова.
Праваабаронца Леанід Судаленка адзначае, што 1 чэрвеня планавалася правесці акцыі падтрымкі прафсаюза РЭП у Гомелі і сямі райцэнтрах. Ні адно з заяўленых сходаў улада не дазволіла.
"Мы казалі і вымушаныя паўтараць зноў - на выказванне меркавання і мірныя сходы ў краіне фактычна ўстаноўлена табу, хоць падобнае, згодна з Канстытуцыяй дапускаецца толькі пры увядзенні надзвычайнага становішча. Улада не пакідае нам іншага выбару, акрамя як пісаць скаргі ў Камітэт ААН па правах чалавека, чым мы абавязкова выкарыстаемся па ўсіх гэтых забаронаў", - падкрэсліў юрыст.