viasna on patreon

Абарона Курапатаў: пачатак перамоваў і шмат пратаколаў

2018 2018-06-20T08:21:57+0300 2018-06-20T08:21:57+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kurapaty-siychyk-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Вячаслаў Сіўчык у Курапатах. Фота: Радыё Свабода.

Вячаслаў Сіўчык у Курапатах. Фота: Радыё Свабода.

Прадстаўнікоў аргкамітэта па абароне Курапатаў запрасілі на сёння, 20 чэрвеня, у Міністэрства культуры. Пра гэта БелаПАН  паведаміў сустаршыня ствараемай партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец. Паводле яго слоў, прадстаўнікоў аргкамітэта па абароне Курапатаў прыме намеснік міністра культуры Аляксандра Яцко. Будзе абмяркоўвацца сітуацыя вакол працы забаўляльнага комплексу з рэстаранам „Поедем поедим”, які размешчаны за 50 метраў ад месца масавых расстрэлаў ахвяр сталінскіх рэпрэсій.

19 чэрвеня забаўляльна-рэстаранны комплекс “Поедем поедим” пікетавалі актывісты Руху салідарнасці “Разам”, а таксама прадстаўнікі іншых грамадскіх рухаў. Дзень адзначыўся масавым складаннем пратаколаў адміністрацыйнага правапарушэння па арт 18.34 КаАП (парушэнне Правілаў дарожнага руху).  Найбольш пратаколаў складзена на Вячаслава Сіўчыка – 4.

 «Мы тут спакойна стаім, пад аўтамабілі ня кідаемся, але — так, не даём сюды праезду. Бо гэты аб’ект пабудаваны з парушэньнем закону, і тое, што тут адбываецца цяпер, — гэта не змаганьне за правілы дарожнага руху, а палітыка. За 20 дзён улада магла б вызначыцца і закрыць гэты кабак на костках. Але яна валяе дурня, працягвае зьдзекавацца з памяці беларусаў, зь іх трагедыі. І, вядома, дурнямі выставілі супрацоўнікаў ДАІ. Яны спасылаюцца на правілы, што тут прылеглая тэрыторыя. Але насамрэч тут найперш ахоўная зона Курапатаў, з гэтага трэба зыходзіць», — перадае словы Вячаслава Сіўчыка на сваёй старонцы ў фэйсбуку Алена Талстая.

 Усяго цягам дня супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі склалі 13 пратаколаў на пікетоўшчыкаў: Вячаслаў Сіўчык – 4 пратаколы, Леанід Кулакоў – 3 пратаколы, Сяргей Мацкойць – 2 пратаколы, Ніна Багінская таксама 2 пратаколы, па адным – у Святланы і Георгія Софіных.

Журналіст Радыё Свабода Алег Груздзіловіч пацікавіўся ў супрацоўніка ДАІ: За што канкрэтна караюць удзельнікаў акцыі пратэсту? Які артыкул Правілаў дарожнага руху парушыў, паводле яго, Вячаслаў Сіўчык, стаўшы перад аўтамабілем?

«Тое, што ён стаіць, яшчэ не парушэньне. Стаяць тут можна, бо гэта ня вуліца ў горадзе, празь якую трэба пераходзіць у вызначаным месцы, і не шаша, а дарога праз прылеглую тэрыторыю. На ёй рух рэгулюецца 135-м артыкулам ПДР. Паводле гэтага артыкула пешаходу тут знаходзіцца можна, у яго нават ёсьць перавага ў параўнаньні з аўтамабілем. Але пешаход ня можа неабгрунтавана замінаць руху аўтамабіля. То бок калі пешаход знаходзіцца тут на дарозе, ён не павінен спыняцца перад аўтамабілем, замінаючы ягонаму руху, а павінен сысьці, даць магчымасьць праехаць. Калі не дае такой магчымасьці, значыць, парушае закон», — сказаў супрацоўнік ДАІ.

 Паводле міліцыянта, парушэньне 135 артыкула ПДР караецца паводле 1-й часткі 23-га артыкула Адміністрацыйнага кодэксу штрафам ад 1 да 3 базавых велічынь — за стварэньне перашкоды транспартнаму сродку. Альбо паводле 3-й часткі таго ж артыкула — стварэньне аварыйнай сытуацыі — штрафам ад 3 да 8 базавых велічынь.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства