viasna on patreon

Вынесена папярэджанне праціўнікам будаўніцтва акумулятарнага завода

2018 2018-06-11T08:24:13+0300 2018-06-11T08:24:13+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/berasce-akumuliatarny.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Будаўніцтва акумулятарнага завода. Фота: virtualbrest.by

Будаўніцтва акумулятарнага завода. Фота: virtualbrest.by

Пракуратура Берасця вынесла афіцыйнае папярэджанне чатыром праціўнікам будаўніцтва акумулятарнага завода.

Як паведаміў belapan.by праваабаронца Раман Кісляк, 7 чэрвеня шэсць жыхароў Берасця і Берасцейскага раёна падалі ў Берасцейскі гарвыканкам заяву.

У ёй яны апавясцілі мясцовую ўладу, што 10 чэрвеня на адной з пляцовак у цэнтры горада яны маюць намер давесці да жыхароў рэгіёна змест адказу ўрадавай камісіі на калектыўны зварот супраць будаўніцтва акумулятарнага завода, пад якім падпісаліся амаль 37 тыс. жыхароў Берасця і Берасцейскага раёна. Яны лічаць, што завод пагражае іх здароўю.

Паводле слоў праваабаронцы, 8 чэрвеня чатырох з шасці падпісантаў заявы выклікалі ў пракуратуру Брэста позвамі. З іх вынікала, што актывістам неабходна з’явіцца для дачы тлумачэнняў, звязаных з парушэннем заканадаўства аб парадку правядзення масавых мерапрыемстваў.

„У пракуратуры ім вынеслі афіцыйныя папярэджанні аб недапушчальнасці парушэння закона „Аб масавых мерапрыемствах”, палічыўшы інфармаванне масавым мерапрыемствам, што неправамерна, — сказаў Кісляк. — Актывістаў грамадскай кампаніі супраць гэтага завода вяжуць па руках і нагах. Не даюць збіраць подпісы, перашкаджаюць інфармаванню жыхароў Брэста пра змест адказу чыноўнікаў на калектыўны зварот”.

Праваабаронца падкрэсліў, што пасля правядзення 29 красавіка санкцыянаванага ўладамі мітынгу „Берасцейкі супраць свінцу”, на які сабралася каля дзвюх тысяч чалавек, праціўнікі акумулятарнага завода запалохваліся і зазнавалі рэпрэсіі. „Улады кінулі ўсе сілы, каб збіць грамадскую актыўнасць супраць гэтага завода”, — заявіў Кісляк. Узвядзенне акумулятарнага завода пачалося на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне „Берасце”. Будаўніцтва вядзе ТАА „АйПаўэр” — рэзідэнт СЭЗ, падрадчык — кітайскае ТАА „Аньхойская знешнеэканамічная будаўнічая карпарацыя”.

На заводзе плануецца наладзіць поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Амаль 37 тыс. подпісаў супраць будаўніцтва завода былі перададзеныя ў Адміністрацыю прэзідэнта ў лютым. Аднак урадавая камісія не выявіла парушэнняў у рэалізацыі праекта па будаўніцтве завода. 17 мая на гэты адказ камісіі была накіраваная адпаведная скарга на імя Аляксандра Лукашэнкі.

1 чэрвеня ў Берасцейскі райвыканкам пададзеная заяўка на правядзенне двух пікетаў „Берасцейкі супраць свінцу” — 19 і 26 чэрвеня побач з будоўляй. 5 чэрвеня ў Берасцейскі гарвыканкам — заяўка на сем пікетаў супраць акумулятарнага завода: 22, 23, 25, 27, 28, 29 і 30 чэрвеня на пешаходнай пляцоўцы на адной з вуліц у цэнтры горада. Раней у Берасці гарвыканкам былі пададзеныя заяўкі на правядзенне ў цэнтры горада трох акцый супраць акумулятарнага завода: двух мітынгаў (31 сакавіка і 10 чэрвеня), а таксама дэманстрацыі і мітынгу „Марш супраць свінцу” (3 чэрвеня). Мясцовая ўлада іх забараніла на падставе таго, што ў адпаведнасці з рашэннем гарвыканкама, на гэтых пляцоўках не дапускаецца правядзенне масавых мерапрыемстваў.

З 25 лютага кожную нядзелю на плошчу Леніна ў Берасці прыходзяць праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Яны стаяць групамі, гутараць, абмяркоўваюць навіны, звязаныя з будаўніцтвам прадпрыемства, кормяць галубоў. 


Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства