viasna on patreon

Зміцер Дашкевіч: Гэты крымінальны артыкул ужо даўно састарэў

2018 2018-05-22T08:58:48+0300 2018-05-22T08:58:47+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dashkevich-2014.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Зміцер Дашкевіч

Зміцер Дашкевіч

Апублікаваны праект зменаў у Крымінальны кодэкс. Дакумент падрыхтаваны Саветам міністраў і ўнесены на разгляд у парламент. Стала вядома, што плануецца дэкрыміналізаваць дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Норма будзе пераведзена з крымінальнага кодэкса ў адміністратыўны.

“Адменяць артыкул альбо відазменяць – гэта ні на што не ўплывае”, – распавёў сайту palitviazni.info былы палітвязень Зміцер Дашкевіч, які ў свой час якраз і быў асуджаны за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

У 2005 годзе перад прэзідэнцкімі выбарамі беларускімі ўладамі быў прыняты новы артыкул Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь, накіраваны на абмежаванне правоў беларускіх грамадзянаў. Праз год артыкул «арганізацыя дзейнасці аб’яднання, фонда ці рэлігійнай арганізацыі, якая не прайшла дзяржаўнай рэгістрацыі, ці ўдзел у ёй», пачаў актыўна выкарыстоўвацца супраць актывістаў моладзевай дэмакратычнай арганізацыі “Малады Фронт”, якая не мела рэгістрацыі.

У сакавіку 2006 году была ўзбуджаная крымінальная справа па арт. 193.1 супраць чатырох актывістаў “Маладога Фронту” –  Зміцера Дашкевіча, Алега Корбана, Барыса Гарэцкага і Сяргея Лісічонка.

1 лістапада 2006 году лідар “Маладога Фронта” Зміцер Дашкевіч быў асуджаны на 1,5 гады зняволення.

– Будзе адменены артыкул, які прадугледвае зняволенне за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, альбо не – гэта ні на што не ўплывае, – кажа Зміцер Дашкевіч. – Артыкул апошнім часам і так знаходзіўся пад негалоснай забаронай. Па-першае, ён быў выразна палітычным, а таму не сумяшчальны з жаданнем весці дыялог з Захадам. І, па-другое, улады, калі спрабавалі знішчыць любое іншадумства з дапамогай гэтага артыкула, зразумелі, што нічога ў іх не атрымалася. Рэжым убачыў, што не той век на вуліцы, каб дзейнічаць такімі метадамі, артыкул даўно састарэў. Таму нават тыя арганізацыя, што зараз не зарэгістраваныя ў Беларусі, як дзейнічалі, так і вядуць працу да гэтага часу. І новых крымінальных спраў па гэтым артыкуле апошнім часам не было.

– Норма будзе пераведзена з крымінальнага кодэкса ў адміністратыўны, будуць даваць штрафы. Максімальнае пакаранне будзе складаць 50 базавых велічыняў, але калі прызнаеш віну — усяго 0,5 базавай.

– Улады могуць зарабіць і іншым чынам, таму не думаю, што гэты артыкул будзе выкарыстоўвацца, каб некага штрафаваць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. У Захада можа ў такім выпадку з’явіцца шмат пытанняў да ўладаў. Апошнім пры неабходнасці прасцей адправіць чалавека за краты альбо аштрафаваць за “лаянку” альбо “хуліганства”. Тут міліцыя і суддзі ўжо добра набілі руку.

– А чаму наогул не адменяць норму?

– Такі крок для рэжыма недапушчальны, бо гэтым самым прызнавалася б абсурднасць нормы, якая існуе ўжо 13 год.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства