Прадстаўнік ПА АБСЕ: Мяне непакояць прэвентыўныя арышты і запалохванні ў Беларусі
Кіраўнік працоўнай групы па Беларусі Парламенцкай асамблеі АБСЕ Кент Харстэд занепакоены «ўсё больш небяспечнай атмасферай адносна дэманстрацый, якія праходзілі ў апошнія тыдні і якія плануюцца заўтра» ў краіне.
Пра гэта гаворыцца ў яго заяве, разасланай прэс-службай ПА АБСЕ.
Паводле інфармацыі БелаПАН, Харстэд заклікаў беларускія ўлады праяўляць стрыманасць і забяспечыць «захаванне асноватворных правоў грамадзян, у тым ліку права на свабоду меркаванняў і мірную дэманстрацыю».
«Мяне асабліва турбуюць прэвентыўныя арышты і запалохванні, якія, як паведамляецца, накіраваны на тое, каб перашкодзіць пэўным людзям прыняць удзел у дэманстрацыях», - заявіў Харстэд.
Пры гэтым ён дадаў, што ў дэманстрантаў "таксама ёсць абавязальніцтвы".
«Свабода сходаў звязана з абавязкамі. Арганізатары і ўдзельнікі дэманстрацыяў павінны сачыць за тым, каб яны адбываліся ў спакойнай і мірнай абстаноўцы. Я лічу, што пераважная большасць людзей у Беларусі чакаюць, што паводзіны ўсіх удзельнікаў дэманстрацый будуць умеранымі і адказнымі», - сказаў кіраўнік працоўнай групы.