Журналіста Парфёненку не акрэдытавалі ў восьмы раз
Гарадзенскі журналіст Віктар Парфёненка стаў “чэмпіёнам” па неакрэдытацыі ў якасці журналіста "Беларускага Радыё Рацыя".
Па інфармацыі прэсавай службы БАЖ, ён спрабаваў восем разоў цягам апошніх год акрэдытавацца ў якасці замежнага журналіста.
Чарговую заяву ў Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь у якасці карэспандэнта "Беларускага Радыё Рацыя" сябра ГА "БАЖ" падаваў два з паловай месяцы таму.
9 студзеня журналісту па тэлефоне паведамілі, што яго заява адхіленая.
— Я прачакаў два с паловай месяцы і заўважу, што гэта дзіўная сітуацыя. Паводле нарматыўных дакументаў, разгляд заяўкі на акрэдытацыю праводзіцца на працягу двух месяцаў, — распавядае Вітаўт Парфёненка. — Але чамусьці гэтая ўстанова традыцыйна не паведамляе журналістам, якія падаюць на акрэдытацыю. Неабходна самому тэлефанаваць і высвятляць як там ідуць справы. Я затэлефанаваў, каб даведацца адказ. Яны пагарталі паперкі і сказалі, што мая справа была разгледжаная. І ў акрэдытацыі адмоўлена. На маю думку, такая адмова ў акрэдытацыі сведчыць, што нічога не змянілася ў палітыцы Міністэрства замежных справаў ў адносінах да беларускіх журналістаў, якія працуюць на замежныя СМІ. А значыць размаўляць пра нейкую там “лібералізацыю” ці “пацяпленне” не выпадае. МЗС цудоўна ведае, што цяпер мае паперы разглядаюцца Камітэтам ААН па правах чалавека акурат з нагоды неакрэдытацыі мяне ў якасці журналіста.
Журналіст будзе чакаць пісьмовага адказу з міністэрства, а затым далей змагацца далей за сваё права на прафесію.