Шэсце і мітынг на “Дзяды” – спосаб папаўнення дзяржбюджэту?
Менскі гарвыканкам і абласны выканаўчы камітэт дазволілі правядзенне Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі – БНФ (КХП-БНФ) мітынга, прысвечанага Дню памяці продкаў “Дзяды” ў Курапатах 30 кастрычніка. Гэта адно з тых нямногіх масавых мерапрыемстваў, якое ўлады ў апошнія гады дазваляюць правесці, ды і то толькі ў сталіцы.
Патрэба ў атрыманні не аднаго, а адразу двух дазволаў палягае ў спецыфіцы заяўленага мерапрыемства: збор і шэсце праводзіцца на тэрыторыі горада Мінска, а мітынг ва ўрочышчы Курапаты, размешчаным на тэрыторыі Мінскага раёна.
Традыцыйна, гарадскія і абласныя улады пры дазволе на правядзенне масавага мерапрыемства вылучаюць дадатковыя ўмовы для заяўнікоў і арганізатараў, а менавіта: заключэнне дамоваў аб ахове грамадскага правапарадку падчас правядзення мерапрыемства з аплатаю аказаных паслуг, а таксама заключэнне дамоваў аб аказанні платных паслуг па медыцынскаму абслугоўванню і па ўборцы тэрыторыі пасля шэсця і мітынгу. Пры гэтым улады спасылаюцца на артыкул 10 Закона Рэспублікі Беларусі” Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”.
Прычым, агульная сума аплаты па такіх “сумніўных” паслугах складае, звычайна, некалькі тысячаў рублёў (3-5 тысяч даляраў).
Пры невыкананні ўмовы па аплаце паслуг арганізатары падвяргаюцца адміністрыцыйнаму спагнанню ў выглядзе штрафаў. Так, напрыклад, у 2014 годзе пасля правядзення шэсця ў Менску, мітынгу ў Курапатах 2 лістапада і жалобнай акцыі ў Лошыцкім Яры заяўніка масавага мерапрыемства, намесніка старшыні КХП-БНФ Юрася Беленькага суды аштрафавалі па трох пратаколах на суму каля 10 мільёнаў недэмінаваных рублёў (ч.2. арт 23.34 КаАП РБ). У пратаколе была адзначаная наступная фармуліроўка: “не ўзгадніў меры па забяспячэнні аховы парадку”. Суддзя вырашыла, што менавіта Юрась Беленькі вінаваты ў тым, што КХП-БНФ не заключыла дамову аб забеспячэнні парадку падчас шэсця і не аплаціла адпаведныя паслугі міліцыі і медыцынскай службы.
Праваабаронцы адзначалі тады, што паводле “Закону аб масавых мерапрыемствах”, які нібыта парушыў Юрась Беленькі, плата за паслугі па ахове бяспекі і медыцынскай дапамозе не носіць абавязковага характару, а вызначаецца адмысловым рашэннем мясцовага органа ўлады, у дадзеным выпадку Мінгарвыканкамам. Гэтай няпэўнасцю і карыстаюцца беларускія ўлады: з праўладных палітычных сілаў грошы за масавыя мерапрыемствы не бяруць, а прадстаўнікам апазыцыі пры жаданні могуць выставіць грашовыя прэтэнзіі.
Варта адзначыць, што рэгуляванне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў у Беларусі, замацаванае ў Законе “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” ад 30 снежня 1997 года (у рэдакцыі ад 08.11.2011), супярэчыць міжнародным стандартам. У сумесным заключэнні Венецыянскай камісіі і БДІПЧ/АБСЕ (CDL-AD (2012) 006) адзначана:
“Закон аб масавых мерапрыемствах характарызуецца падрабязным празмерным рэгуляваннем працэдурных аспектаў правядзення сходаў. Закон стварае складаную працэдуру захавання жорсткай і працаёмкай працэдуры атрымання дазволу, у той жа час пакідаючы большую свабоду дзеянняў адміністрацыйным органам для прымянення Закона. Гэтая працэдура не адлюстроўвае пазітыўнае абавязацельства дзяржавы забяспечваць і заахвочваць ажыццяўленне права на свабоду мірных сходаў і на свабоду выказвання меркаванняў”.
Акрамя таго, Камітэт па правах чалавека ААН неаднаразова адзначаў парушэнні права на свабоду мірных сходаў з боку Беларусі (арт.21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах).
Намеснік старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі не пагаджаецца аплочваць паслугі, спасылаючыся на тую акалічнасць, што 30 лістапада запланаванае не камерцыйнае мерапрыемства, а патрыятычнае мерапрыемства, прысвечанае дзяржаўнаму святу Дзень памяці продкаў “Дзяды”. Ён, ад імя КХП-БНФ, накіраваў праект дамовы ў ГУУС Мінгарвыканкама на бязвыплатнай аснове, прыводзячы наступныя аргументы:
“У адпаведнасці з Кіруючымі прынцыпамі па свабодзе мірных сходаў БДІПЧ АБСЕ (Выданне 2-е), пункт 5.2 вызначана: “Органам публічнай улады неабходна ўзяць на сябе выдаткі, звязаныя з забяспячэннем дастатковага ўзроўню бяспекі (уключаючы кіраванне транспартнымі патокамі і вялікай колькасцю людзей). Дзяржава не павінна спаганяць ніякіх дадатковых грашовых сродкаў за належнае забяспячэнне аховы парадку падчас сходу. Ад арганізатараў некамерцыйных грамадскіх сходаў ня трэба патрабаваць страхавання грамадзянскай адказнасці за іх мерапрыемства”. У адпаведнасці з вышэйсказаным, згодна з арт. 353 Грамадзянскага кодэксу Рэспублікі Беларусь, дадзены дагавор заключаецца на безвыплатнай аснове”.
Юрыст Праваабарончага цэнтра “Вясна” Павел Сапелка, каментуючы практыку з аплатай паслуг міліцыі па ахове парадку, спасылаецца яшчэ і на Закон "Аб органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь":
“Па законе "Аб органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь", органы ўнутраных спраў – гэта дзяржаўныя праваахоўныя органы, якiя ажыццяўляюць барацьбу са злачыннасцю, ахову грамадскага парадку і забяспечваюць грамадскую бяспеку. Патрабаваць ад грамадзян грошы за тое, што дзяржаўны орган, які фінансуецца з бюджэту, будзе выконваць свае прамыя абавязкі – няправільна.
Акрамя таго, такая практыка супярэчыць ўскладзеным міжнароднымі абавязальніцтвамі Беларусі пазітыўным абавязкам дзяржавы па стварэнні ўмоў па рэалізацыі права грамадзян на мірныя сходы.”