viasna on patreon

Human Rights Watch заклікае генпракурора Беларусі не выдаваць Чары Анамурадава Туркменістану

2016 2016-09-09T13:03:32+0300 2016-09-09T13:35:11+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/hrw-annamuradov.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Туркменскі дысідэнт Чары Анамурадаў

Туркменскі дысідэнт Чары Анамурадаў

Міжнародныя праваабаронцы накіравалі Аляксандру Канюку ліст, у якім заклікаюць генпракурора ўстрымацца ад экстрадыцыі і вызваліць Чары Анамурадава з-пад варты, каб ён мог вярнуцца ў Швецыю, дзе атрымаў прытулак. 

Рашэнне па пытанні аб экстрадыцыі Чары Анамурадава, які ў выніку затрымання ў аэрапорце Мінска беларускімі памежнікамі 18 ліпеня, утрымліваецца ў СІЗА №1 Мінска, генпракуратура мусіць агучыць у другой дэкадзе верасня.

Human Rights Watch нагадвае беларускаму генпракурору, што Чары Анамурадаў у 1990-х гадах працаваў у Туркменістане незалежным журналістам, але ў 1999 годзе яму давялося бегчы з краіны з прычыны пераследу, у 2002 годзе ён атрымаў прытулак у Швецыі і мае два грамадзянствы - расійскае і шведскае. Улады Туркменістана дамагаюцца экстрадыцыі Анамурадава па справе аб махлярстве і дачы хабару, узбуджанай ў 2006 годзе па частцы 4 артыкула 228, частцы 2 артыкула 185 і артыкуле 33 Крымінальнага кодэкса Туркменістана. Праваабаронцы выказваюць упэўненасць, што крымінальная справа супраць Анамурадава палітычна матываваная і ўяўляе сабой ганенне за яго незалежную журналісцкую працу і крытыку палітыкі туркменскага ўрада. “Грунтуючыся на нашым маніторынгу становішча з правамі чалавека ў Туркменістане за больш чым дваццаць гадоў, мы мяркуем, што ў выпадку вяртання ў Туркменістан Анамурадаў падвергнецца пераследу і катаванням”, - падкрэсліваецца ў лісце.

Са словаў адвакатаў Анамурадава, Human Rights Watch паведамляе, што запыт туркменскіх уладаў аб экстрадыцыі грунтуецца на Мінскай канвенцыі 1993 года аб прававой дапамозе і прававых адносінах па грамадзянскіх, сямейных і крымінальных справах і на нормах Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Мінская канвенцыя 1993 года не прадугледжвае судовага разгляду пытання аб правамернасці затрымання.

У звязку з гэтым, Human Rights Watch прыводзіць нормы міжнароднага права ў галіне правоў чалавека і беларускага заканадаўства, якія тычацца прынцыпу нявысылкі.

Прынцып нявысылкі, замацаваны ў міжнародным праве пра бежанцаў і ў галіне правоў чалавека, азначае поўную забарону на прымусовае выправаджэнне чалавека ў іншую дзяржаву, калі ёсць сур'ёзныя падставы меркаваць, што там яму пагражаюць катаванні альбо жорсткае, бесчалавечнае ці прыніжаючае годнасць абыходжанне ці пакаранне.

У артыкуле 3 Канвенцыі супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання, да якой далучылася Беларусь, гаворыцца, што ні адна дзяржава не павінна высылаць, вяртаць («refouler») або выдаваць якую-небудзь асобу іншай дзяржаве, калі існуюць сур'ёзныя падставы меркаваць, што ёй можа пагражаць там прымяненне катаванняў. У сваіх рашэннях, згодна з Канвенцыяй, дзяржава павінна прымаць пад увагу ўсе абставіны, якія адносяцца да справы, уключаючы існаванне ў дадзенай дзяржаве пастаяннай практыкі грубых, абуральных парушэнняў правоў чалавека. Артыкул 7 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП) таксама забараняе вяртанне чалавека ў краіну, дзе яму рэальна могуць пагражаць катаванні або «жорсткае, бесчалавечнае або прыніжаючае яго годнасць абыходжанне ці пакаранне». У сувязі з прынцыпам нявысылкі дзяржавам забаронена высылаць тых, хто падпадае пад абарону Канвенцыі 1951 года аб статусе бежанцаў, а таксама пратаколу 1967 года да яе. У міжнародным праве бежанцам лічыцца асоба, якая «ў вынiку цалкам абгрунтаваных апасенняў стаць ахвярай пераследу па прыкмеце расы, веравызнання, грамадзянства, прыналежнасці да пэўнай сацыяльнай групы або палітычных перакананняў знаходзіцца па-за краінай сваёй грамадзянскай прыналежнасці і не можа карыстацца абаронай гэтай краіны ці не жадае карыстацца такой абаронай з прычыны такiх апасенняў [...]». Канвенцыя забараняе вяртаць бежанцаў на тэрыторыю, дзе iх жыццю або свабодзе можа пагражаць небяспека: «Дзяржавы, якія дамаўляюцца, не будуць ніякім чынам высылаць або вяртаць бежанцаў на мяжу краіны, дзе iх жыццю або свабодзе пагражае небяспека з прычыны іх расы, рэлігіі, грамадзянства, прыналежнасці да пэўнай сацыяльнай групы або палітычных перакананняў».

Больш за тое, артыкул 484 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Беларусі прадугледжвае адмову ў выкананнi просьбы аб выдачы або экстрадыцыі чалавека па запыце замежнай дзяржавы, калі «мэтамі гэтай просьбы з'яўляюцца крымінальны пераслед або пакаранні асобы, у дачыненні да якой паступіла такая просьба, незалежна ад расы, полу, веравызнання, грамадзянства, нацыянальнасці, прыналежнасці да пэўнай сацыяльнай групы або палітычных перакананняў».  

Спасылаючыся на прыведзеныя прававыя нормы, Human Rights Watch заклікае Генеральнага пракурора Беларусі Аляксандра Канюка ўстрымацца ад экстрадыцыі ці іншых формаў вяртання Чары Анамурадава ў Туркменістан і вызваліць яго з-пад варты, каб ён мог вярнуцца ў Швецыю.

Файлы

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства