Прызначана дата разгляду скаргі Аляксандра Лапіцкага ў судзе
Як стала вядома праваабаронцам, прыватную скаргу на пастанову суда Фрунзенскага раёна аб прызнанні вінаватым у абразе прадстаўнікоў улады і накіраванні Аляксандра Лапіцкага на прымусовае лячэнне разгледзіць 3 чэрвеня Мінскі гарадскі суд.
Калі рашэннем суда скарга 80-гадовага пенсіянера не будзе задаволеная, то вынесеная раней пастанова ўступіць у законную сілу, і Аляксандра Лапіцкага адправяць у псіхіятрычную лякарню.
Нагадаем, што ў 2011 годзе пенсіянер Аляксандр Лапіцкі пачаў адсочваць разбор з нагоды выбуху ў мінскім метро. У сваім блогу ён дэталёва распісваў, што, на ягоную думку, у трагедыі вінаваты высокія службовыя асобы. Міліцыя неаднаразова адмаўляла ў завядзенні крымінальнай справы на пенсіянера, аднак у гэтым годзе справа дайшла да суду.
12 красавіка суд Фрунзенскага раёна Мінска вызваліў 79-гадовага жыхара сталіцы Аляксандра Лапіцкага ад крымінальнай адказнасці па артыкулах 391, 369, 368 Крымінальнага кодэкса (“Абраза суддзі альбо народнага засядальніка”, “Абраза прадстаўніка ўлады”, “Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”) у сувязі з тым, што злачынства было здзейсненае грамадзянінам у стане неадэкватнасці.
Праваабарончы цэнтар «Вясна» ўжо выступіў з заявай, у якой патрабуе спыніць пераслед Аляксандра Лапіцкага і перагледзець заканадаўства адносна паклёпу на дзяржаўных асобаў. Праваабаронцы не выключаюць, што арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнае Аляксандра Лапіцкага палітвязнем.