Студэнтку пагражаюць адлічыць з БарДУ за ўдзел у флэш-мобе
Актывістка Руху «За Свабоду» Аліна Нагорная атрымала папярэджанне пра адлічэнне з Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэту пасля таго, як зняла відэа ў падтрымку студэнцкага флэш-моба #танчымЗаРэформы.
Незалежныя студэнцкія арганізацыі запусцілі флэшмоб «Танчым за рэформы» у лютым. Яны хацелі звярнуць увагу на адсутнасць рэформ у беларускіх ВНУ. Відэа Аліны Нагорнай з сябрамі з’явілася ў сацсетках 25 траўня. Ягоны сюжэт — просты, студэнты танчуць каля ўніверсітэта, у якім вучацца, у дадзеным выпадку гэта Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт.
Праз некалькі дзён, 27 траўня, з ёй у сацсетках звязалася супрацоўніца ўніверсітэта. «Аліна, калі вы сёння да 17.00 не выдаліце з кантактаў відэа „Танцы за рэформы“, будзеце адлічаныя», — напісала Ірына ў асабістых паведамленнях у сацсетцы «Вконтакте».
«Я здала сесію з сярэднім балам 8,2, — адказала ёй Нагорная. — За што вы можаце мяне адлічыць?»
У якасці падставы для адлічэння супрацоўніца ўніверсітэта называла курсавую. Па словах Аліны Нагорнай, якая нядаўна аднавілася на 4 курс, і даведалася пра неабходнасць напісання работы пад час сесіі, выкладчыкі далі ёй час да жніўня.
Праз нейкі час тая ж жанчына напісала студэнтцы ў Viber. «Аліна, мы не плануем вас адлічаць, але пераканаўчая просьба выдаліць гэтае відэа. У нас ва ўніверсітэце добра функцыянуе студэнцкае самакіраванне, і ўсе пытанні, якія ўзніклі, вы можаце абмеркаваць з імі. Не кідайце цень на ўніверсітэт», — адзначыла супрацоўніца ўніверсітэта.
Нагорная пры гэтым падкрэсліла, што «відэа не было знятае з мэтай кінуць цень менавіта на наш універсітэт, а тычыцца сістэмы нашай адукацыі ў цэлым».
Актывістка Руху «За Свабоду» называе гэтыя пагрозы незаконнымі. «Думаю, што будуць валіць на курсавой. Пагрозы незаконныя. І парушаюць маё канструкцыйнае права», — сказала Аліна Нагорная сайту Pyx.by.