Супольная пазіцыя беларускіх праваабаронцаў напярэдадні чарговага раунда Дыялога па правах чалавека ЕС - Беларусь
Беларускія праваабарончыя арганізацыі падтрымліваюць працяг Дыялога па правах чалавека ЕС - Беларусь. Напярэдадні чарговага раунда мы заклікаем бакі захоўваць тэму правоў чалавека ў цэнтры ўвагі пры выбудоўванні ўзаемаадносінаў паміж Еўрапейскім Саюзам і Беларуссю і заяўляем сваю супольную пазіцыю адносна выканання правоў чалавека ў Рэспубліцы Беларусь.
Мы канстатуем адсутнасць істотнага прагрэсу і сістэмных зменаў у галіне правоў і свабодаў чалавека ў Беларусі.
У краіне дагэтуль:
- захоўваецца і ўжываецца смяротнае пакаранне;
- ігнаруюцца важныя рэкамендацыі міжнародных органаў па ўмацаванні судовай сістэмы;
- істотна абмяжоўваюцца грамадзянскія, палітычныя і сацыяльна-эканамічныя правы, у тым ліку свабода асацыяцый, свабода выказвання меркаванняў, свабода сходаў;
- ёсць факты пераследу праваабаронцаў і журналістаў за іх прафесійную дзейнасць.
Сур'ёзнае паляпшэнне сітуацыі магчымае толькі ў выніку сістэмных зменаў у галіне правоў і свабодаў чалавека і пры выбудоўванні каштоўнаснага дыялогу як паміж Беларуссю і міжнароднымі партнёрамі, так і – і нават у першую чаргу – унутры краіны.
Беларуская праваабарончая супольнасць мусіць стаць суб'ектам Дыялога па правах чалавека ЕС - Беларусь і быць уключаная ў гэты працэс.
Беларускія праваабарончыя арганізацыі мусяць быць уключаныя таксама і ў іншыя дыялогавыя працэсы ўнутры краіны. У сувязі з гэтым мы заклікаем урад наладзіць дыялог у галіне правоў чалавека паміж дзяржаўнымі інстытутамі і праваабарончымі арганізацыямі і ва ўзгадненні з імі распрацаваць Нацыянальны план па правах чалавека. Асновай гэтага плана могуць стаць рэкамендацыі, якія Рэспубліка Беларусь атрымала ў рамках працэдуры Універсальнага перыядычнага агляду. Праваабарончыя арганізацыі супольна распрацоўваюць індыкатары выканання гэтых рэкамендацый, якія дазволяць ацаніць змены ў сітуацыі з правамі чалавека ў Рэспубліцы Беларусь.
Мы таксама заклікаем урад няўхільна выконваць міжнародныя абавязальніцтвы, добраахвотна прынятыя на сябе Рэспублікай Беларусь у рамках ААН, АБСЕ, іншых міжнародных структураў і механізмаў, і прыняць меры па імплементацыі заключэнняў створаных у іх рамках дагаворных органаў, у прыватнасці Камітэта па правах чалавека ААН.
АУ "Офіс па правах людзей з інваліднасцю"
АУ "Цэнтр прававой трансфармацыі"
Беларускі дакументацыйны цэнтр
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава
ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"
Праваабарончы цэнтр "Вясна"
РГА "Прававая ініцыятыва"
РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт"
Таварыства "Ініцыятыва Forb"