“Пратрымайся да «Вясны»!
20 мая ў сталічным прэс-клубе адбылася святочная імпрэза з нагоды 20-годдзя Праваабарончага цэнтра “Вясна”.
Зала была запоўненая. Сярод гасцей былі і прадстаўнікі шэрагу амбасадаў еўрапейскіх краін, а таксама — павераны ў справах ЗША ў Беларусі Скот Роланд і супрацоўнікі амерыканскага дыпламатычнага прадстаўніцтва.
“Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не змянілася, і місія «Вясны» не завершаная»,— сказаў кіраўнік арганізацыі і былы палітвязень Алесь Бяляцкі.
Першы сакратар амбасады ЗША Моніка Плант у сваёй прамове выказала спадзяванне, што «дзейнасць «Вясны» паспрыяе таму, што Беларусь стане свабоднай і дэмакратычнай краінай», паведаміла Радыё Свабода.
Свой выступ яна скончыла воклічам «Жыве Беларусь!», на які зала адгукнулася аплядысментамі.
З юбілеем «Вясну» павіншавалі таксама прадстаўнікі шэрагу няўрадавых арганізацыяў Беларусі, праваабаронцы, юрысты, палітыкі. Падарункамі для юбіляраў сталі фатаздымкі, салодкія пачастункі, а таксама спевы, бел-чырвона-белыя кветкі і нават выратавальны круг з надпісам “Пратрымайся да “Вясны!”