viasna on patreon

Магілёўскім прадпрымальнікам перашкаджаюць правесці свой форум

2016 2016-05-18T09:46:58+0300 2016-05-18T09:47:25+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/shumchanka-4.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Анатоль Шумчанка.

Анатоль Шумчанка.

З’езд рэгіянальных бізнесменаў павінен адбыцца ў канцы траўня, аднак арганізатары да гэтага часу не могуць знайсці памяшканне.

Лідар прадпрымальніцкага рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка анансаваў форум яшчэ напачатку сакавіка. Аднак да гэтага часу ў прадпрымальнікаў няма зарэзерваванага месца. Як сцвярджае Шумчанка, правесці форум мяшаюць мясцовыя ўлады:

– Гатэль “Магілёў” адмовіў у памяшканні для правядзення форуму прадпрымальнікаў па рашэнню ўлад горада Магілёва. Нас вадзілі за нос амаль месяц. Спачатку нам сказалі “ТАК”, потым узялі паўзу і сказалі, што прыязджае Мядзведзеў з Расіі, а значыць не могуць даць залу, потым кармілі “заўтракамі”. А сёння высветлілася, што нібыта горад праводзіць нейкія “інвестыцыйныя мерапрыемствы” і таму «Перспектыве» адмаўляюць! Цікава, што некалькі дзён таму на мой тэлефон тэлефанавала дзяўчына з гэтай жа гасцініцы, казала, што даты нашы вольныя, аднак пасля ўмяшання адміністратара ўсё было аспрэчана, маўляў, дзяўчына новая і не ведае, што кажа. Форум правядзем у любым выпадку.

Дарэчы, у Гомелі нам таксама гасцініцы адмовілі ў правядзенні форума на падставе мясцовых уладаў! Таму там знойдзена прыватнае памяшканне. Падобныя выхадкі мясцовых царкоў і службістаў – яркае сведчанне «дэмакратычнай дзяржавы», у якой нельга нават правесці канферэнцыю, мэтай якой значыцца дыялог з уладай, – напісаў Шумчанка ў сваім FB. У дадзены момант Шумчанка спрабуе вырашыць пытанне з памяшканнем праз іншую магілёўскую гасцініцу – «Турыст»:

– Прама зараз патэлефанаваў у гасцініцу «Турыст» горада Магілёва. Спытаў на 30 траўня 2016 года канферэнц-залу. Дзяўчына адказала, што ў гэты дзень усе залы вольныя. Забраніраваў. Заўтра еду ў Магілёў адмыслова і вязу гарантыйны ліст. Аб усіх далейшых дзеяннях буду паведамляць дадаткова. Вельмі спадзяюся, што ў кагосьці хопіць розуму не ставіць палкі ў колы. Наша возьме!

На форуме, як мяркуецца, Шумчанка і яго калегі абмяркуюць, як трэба весці дыялог з уладамі.

Нагадаем, што ўзімку па краіне пракацілася хваля мітынгаў прадпрымальнікаў супраць указа прэзідэнта №222, накіраванага на абавязковую сертыфікацыю тавару. Нягледзячы на выступы супраць, указ не адмянілі і ўжо ў сакавіку большасць прадпрымальнікаў вярнуліся да гандлю, у тым ліку і ў Магілёве.

"Магілёўская Вясна".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства