У Азербайджане праваабаронца Інтыгам Аліеў выходзіць на свабоду
28 сакавіка ў Азербайджане выходзіць на свабоду яшчэ адзін палітвязень – праваабаронца Інтыгам Аліеў. Вярхоўны суд змяніў яму турэмны тэрмін на ўмоўны. Адвакат Аліева заявіў, што будзе дамагацца поўнай рэабілітацыі падабароннага ў Еўрапейскім судзе па правах чалавека.
Пленум Вярхоўнага суда Азербайджана сёння прыняў рашэнне аб змякчэнні пакарання Інтыгаму Аліеву, замяніўшы пазбаўленне волі тэрмінам у 7,5 гадоў на ўмоўнае пакаранне тэрмінам у 5 гадоў, і пастанавіў неадкладна вызваліць праваабаронцу.
Адвакат Джавад Джавадаў распавёў інфармацыйнаму рэсурсу contact.az, што сёння падчас разгляду справы на Пленуме Вярхоўнага суда абарона па-ранейшаму настойвала на спыненні крымінальнай вытворчасці і апраўданні Інтыгама Аліева. У той жа час, абарона не пярэчыла касацыйнаму пратэсту пракурора аб змякчэнні пакарання ў сувязі са станам здароўя праваабаронцы.
Пазітыўна ацаніўшы рашэнне пленума, Джавадаў заявіў, што абарона накіруе ў ЕСПЧ скаргу аб прызнанні парушэння правоў Аліева, гарантаваных Еўрапейскай канвенцыяй па правах чалавека, і поўнай яго рэабілітацыі.
Сын праваабаронцы Наджмін Каміл назваў вердыкт суда аб вызваленні свайго бацькі «чаканым рашэннем». «Хоць мы не лічым, што гэта аднаўленне справядлівасці, паколькі характар прысуду застаўся абвінаваўчым, аднак вызваленне важна для здароўя бацькі і працягу яго дзейнасці», - сказаў Каміль. Дачка праваабаронцы Нармін Камільсой, у сваю чаргу, сказала: «Вядома, мы чакалі апраўдання, бо гэта быў несправядлівы арышт, але тым не менш мы рады. Цяпер ён зможа прайсці лячэнне, працягваць праваабарончую дзейнасць, і дапамагаць іншым палітвязням. Мы дзякуем усім яго адвакатам, яны вельмі стараліся. Дзякуем ўсім міжнародным арганізацыям, сябрам за мяжой, якія ўвесь гэты час падтрымлівалі нас і на імгненне не пакідалі нас адных», - сказала яна.
Нагадаем, Інтыгам Аліеў быў прызнаны Amnesty İnternational "вязнем сумлення". Яго вызвалення і іншых палітвязняў настойліва патрабавалі ЗША, ЕС, СЕ, АБСЕ і іншыя міжнародныя структуры.