viasna on patreon

МУС больш не хоча абараняць жывёл

2016 2016-01-27T16:33:17+0300 2016-01-27T16:50:58+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/abhodzhanne_z_zhyvelami.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Міністэрства унутраных справаў запрасіла грамадзянаў да абмеркавання прапановаў лібералізацыі адміністратыўнага заканадаўства. Сярод іншага, МУС прапануе выключыць з кампетэнцыі міліцыі ажыццяўленне адміністратыўнай дзейнасці адносна фактаў жорсткага абыходжання з жывёламі. Паводле меркавання чыноўнікаў, гэта з'яўляецца «неўласцівай для міліцыі функцыяй» і перашкаджае ім «выкарыстоўваць супрацоўнікаў для рэальнага забеспячэння грамадскай бяспекі, прафілактыкі злачынстваў».

Для збору меркаванняў грамадзянаў быў запушчаны адмысловая анлайн-апытанка. Ужо ёсць і папярэднія вынікі.

Калі прапановы МУС будуць уведзеныя ў заканадаўства, адміністратыўныя пратаколы адносна фактаў жорсткага абыходжання з жывёламі павінныя будуць складаць не міліцыянеры, а іншыя дзяржаўныя органы. Фактычна, у такім выпадку шматлікія факты жорсткага абыходжання з жывёламі могуць застацца беспакаранымі.

«Сцверджанні міністэрства аб абгрунтаванасці прапанаванай рэформы не адпавядаюць рэчаіснасці, і не маюць нічога агульнага з лібералізацыяй, а скіраваныя выключна на змяньшэнне абсягу адказнасці, ускладзенай на МУС», - лічаць актывісты ініцыятывы «Не — жорсткаму абыходжанню з жывёламі!».

Папраўкі ў Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях, якія ўсклалі на супрацоўнікаў міліцыі абавязак складаць пратаколы аб адміністратыўных правапарушэннях паводле артыкулу 15.45 КаАП «Жорсткае абыходжанне з жывёламі», былі ўнесеныя ўсяго год таму. Да гэтага пратаколы паводле артыкулу 15.45 павінныя былі афармляць супрацоўнікі выканкамаў, што істотна ўскладняла практычнае ўжыванне гэтай нормы.

Абсалютна відавочна, што супрацоўнікі выканкамаў, якія не ведаюць правілаў агляду месца здарэння, не валодаюць спецыяльнымі навыкамі затрымання правапарушальнікаў, а таксама не могуць без прамаруджвання ўмешвацца ў сітуацыю, ніякім чынам не могуць у поўнай меры забяспечыць збор доказаў факта правапарушэння, даследваць усе абставіны справы, і, тым больш, аператыўна папярэдзіць, ці спыніць парушэнне закона без прававой падтрымкі органаў унутраных справаў.

У гэтым пытанні вельмі дзіўна выглядае пазіцыя МУС, якое звярнулася да грамадскага меркавання, і просіць грамадзянаў вырашыць: ці павінны супрацоўнік унутраных органаў, які гэтаму спецыяльна навучаўся ў Акадэміі міліцыі, ці ў іншай навучальнай установе на факультэце правазнаўства, складаць пратаколы аб адміністратыўных правапарушэннях, ці не.

Уявіце: у двары нейкі маньяк рэжа сабаку на кавалкі, а ўсё, што вы можаце зрабіць — гэта занесці заяву ў адміністрацыю свайго раёна, бо ў міліцыі вас не стануць слухаць, бо гэта нібыта не іх абавязак. Рэакцыі адміністрацыі, у такім выпадку, паводле заканадаўства аб зваротах грамадзянаў, можна чакаць цэлы месяц! А пры аператыўным звароце ў РУУС, да участковага, ці патрульнага міліцыянера можна аператыўна і своечасова папярэдзіць жорсткасць і затрымаць злачынцу.

Alona Vałyniec-Čarniajeva

Нагадаем, што з прапановай ускласці абавязак за складанне пратаколаў па артыкуле 15.45 «Жорсткае абыходжанне з жывёламі» у 2014 годзе ў розныя дзяржаўныя органы звярталіся вядомыя людзі краіны (калектыўны зварот ад пісменнікаў, музыкаў, палітыкаў), заабарончыя арганізацыі, а таксама сотні грамадзянаў.

Важна, што папярэджанне нематываванай жорсткасці ў абыходжанні з жывёламі наўпрост звязанае з захаваннем грамадскай бяспекі. Катаванне і здзекі ў дачыненні да жывёлаў нярэдка становяцца першай прыступкай перад злачынствамі, скіраванымі супраць чалавека. Гэта свайго кшталту псіхалагічны тэст, які асацыяльна настроеныя асобы і патэнцыйныя маньякі прадпрымаюць, каб пераканацца ў магчымасці і сваёй здольнасці пайсці супраць маралі і закону. Прапанова МУС фактычна гарантуе, што яны не будуць спыненыя на раннім этапе. Аднак, своечасова рэагуючы на такія правапарушэнні, супрацоўнікі міліцыі могуць папярэджваць больш сур'ёзныя злачынствы.

Абаронцы жывёлаў пачалі сбор подпісаў супраць дадзенай ініцыятывы МУС.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства