Збіццё Паўла Дабравольскага: ГА “БАЖ” патрабуе ўзбудзіць крымінальную справу
Праўленне ГА “БАЖ” 26 студзеня прыняло заяву з нагоды збіцця карэспандэнта TUT.by Паўла Дабравольскага. Заяву з патрабаваннем высветліць і прыцягнуць да адказнасці асобаў, што збівалі журналіста, накіравалі ў Следчы камітэт.
Заява ГА “БАЖ” з нагоды збіцця журналіста Паўла Дабравольскага
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” абурана збіццём сябра нашай арганізацыі, журналіста Паўла Дабравольскага ў будынку суда падчас выканання рэпарцёрам прафесійных абавязкаў. Такія дзікунскія дзеянні дыскрэдытуюць беларускія ўлады. Патрабуем правесці праверку па факце збіцця журналіста і прыцягнуць вінаватых да адказнасці.
25 студзеня ў будынку суда Фрунзенскага раёна г. Мінска супрацоўнікі міліцыі і сілавых структур жорстка збілі выдаленых з залы суда грамадскіх актывістаў і журналіста партала TUT.by Паўла Дабравольскага, які фіксаваў інцыдэнт на відэа.
Дзеянні прадстаўнікоў сілавых структур з’яўляюцца грубым парушэннем правоў журналіста і падпадаюць пад дзеянне арт. 198 Крымінальнага кодэкса РБ («Стварэнне перашкодаў законнай прафесійнай дзейнасці журналіста»).
Збіццё журналіста службовымі асобамі ў публічным месцы, якое сімвалізуе аблічча беларускага закона, – скандальнае і абуральнае. Абсурдным з’яўляецца і той факт, што ў той жа самы дзень у тым жа самым будынку суда Павел быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці і пакараны штрафам.
Скандальны выпадак дыскрэдытуе намаганні беларускай дзяржавы, якая афіцыйна падтрымлівае міжнародныя пагадненні па абароне свабоды слова і правоў чалавека.
ГА “БАЖ” патрабуе высветліць асобаў, якія збівалі журналіста, і ўзбудзіць у дачыненні да іх крымінальную справу.
Праўленне ГА "БАЖ", 26 студзеня 2016 года.
Між тым, бачанне гэтай жа сітуацыі міліцыяй кардынальна адрозніваецца. 26 студзеня ГУУС Мінгарвыканкама размясціла на сваім сайце каментар, у якім гаворыцца, што П. Дабравольскі “пранік у службовае памяшканне, дзе знаходзіліся парушальнікі правапарадку, перашкаджаў законным дзеянням супрацоўнікаў міліцыі, на заўвагі спыніць свае супрацьпраўныя дзеянні не рэагаваў”.
Паводле ГУУС, “у адпаведнасці з Законам “Аб органах унутраных спраў” для спынення супрацьпраўных дзеянняў прымянялася фізічная сіла. “Па факце правамернасці яе прымянення ў ГУУС Мінгарвыканкама прызначана службовая праверка”.