viasna on patreon

Непразрыстасць працэдураў, пакуты сваякоў

2016 2016-01-26T21:20:06+0300 2016-02-18T14:45:14+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Не гледзячы на ​​ўзятыя абавязальніцтвы як сябар Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (АБСЕ) «прадастаўляць грамадскасці інфармацыю адносна прымянення смяротнага пакарання», усе звесткі аб вынесеных і прыведзеных у выкананне прысудах з'яўляюцца засакрэчанымі.

Грамадскасці невядомыя імёны расстраляных і іх колькасць. Дзяржава толькі аперуе лічбамі вынесеных прысудаў, якія можна сабраць у агульную карціну з розных ведамстваў – Міністэрства юстыцыі, МУС ці Канстытуцыйнага суда.

Таксама невядома каму і за якія дзеянні смяротнае пакаранне было замененае на пажыццёвае зняволення. Паводле даных СМІ, толькі за два гады былі памілаваны 156 асуджаных. Аднак дзейнасць Камісіі па памілаванні закрытая ад грамадскасці і невядома, на якіх падставах і ў дачыненні да якіх асобаў прымаецца рашэнне, ці няма злоўжыванняў паўнамоцтвамі або фактаў карупцыі гэтага ведамства. Праваабаронца Ірына Тоўсцік перапісвалася з прыгавораным да смерці Андрэем Жуком, асуджаным за забойства дваіх інкасатараў СВК «Бальшавік-Агра», якія перавозілі грошы для выплаты заробкаў работнікам сельгаспрадпрыемства: «Гэта была кароткая перапіска, якая спынілася пасля яго хуткага расстрэлу. У сваіх лістах Андрэй Жук разважаў пра межы справядлівасці смяротнага пакарання. Прыводзіў прыклады, калі аднаго за падобнае злачынства прысудзілі да 25 гадоў зняволення, другога – да пажыццёвага зняволення, а яго – да расстрэлу. Тым не менш, Андрэй трымаўся даволі цвёрда, ведаючы аб прысуджэнні яму смяротнага пакарання, ён сябе не апраўдваў і гатовы быў панесці любое пакаранне. У яго засталося двое дзяцей. Малодшага, які нарадзіўся, калі ён сядзеў у турме, Андрэй не бачыў. Пісаў, што калі б думаў пра дзяцей і сям'ю, ніколі б злачынства не здзейсніў, ды і не планаваў нікога забіваць, мабыць, ад страху...»

Грамадства павінна ўсведамляць, што вынесены смяротны прысуд тычыцца не толькі вінаватага, але і прыносіць жорсткія пакуты яго сваякам. Згодна з КК Беларусі, блізкія і сям'я пакаранага пазбаўлены магчымасці пахаваць роднага чалавека і потым наведваць яго магілу – целы пасля смяротнага пакарання родным не выдаюцца, і месца пахавання не паведамляецца. У пасведчанні аб смерці ў графе «прычына смерці» ставяць прочырк. Па сведчаннях былога начальніка менскага СІЗА Алега Алкаева, ён «бачыў шмат пакутаў і істэрык». У інтэрв'ю Amnesty International таксама ўзгадваў і пра пакуты асуджаных – аднойчы ў камеры апынуліся два асуджаныя да смяротнага пакарання, спачатку павесіўся адзін, затым другі дастаў яго з пятлі і ў ёй жа павесіўся. Дзяжурны позна заўважыў, што адбываецца, і не паспеў іх выратаваць. Цела самагубцаў былі перададзеныя родным за два дні да даты, на якую было прызначанае выкананне прысуду.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства