viasna on patreon

Праваабаронца Натальля Сацункевіч: мае ганарары — бясплатны нататнік і вялікае задавальненьне

2015 2015-12-11T08:34:20+0300 2015-12-11T08:34:21+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/action-2015-11-24-2.jpg
Назіральнікі на акцыі да гадавіны рэферэндуму 1996 года ў Мінску 24 лістапада 2015 года.

Назіральнікі на акцыі да гадавіны рэферэндуму 1996 года ў Мінску 24 лістапада 2015 года.

10 сьнежня ў Беларусі, як і ва ўсім сьвеце, адзначаюць Дзень правоў чалавека. Нядаўна шэрагі праваабаронцаў папоўніла Натальля Сацункевіч, супрацоўніца Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Імя беларускай праваабаронцы Натальлі Сацункевіч нядаўна прагучала ў сувязі з судом за ўдзел у несанкцыянаванай вулічнай акцыі. На дзяўчыну, якая была на акцыі як назіральніца ад Беларускага Хэльсынскага камітэту, прычым працавала ў адмысловай камізэльцы, міліцыянты склалі пратакол і перадалі справу ў суд. Судзьдзя, аднак, паспрабаваў разабрацца ў сытуацыі і працэс адклаў, адправіўшы матэрыялы справы на дапрацоўку. У Беларусі гэткі вынік часам азначае, што ад чалавека адчапіліся, але — ці назаўсёды?

У міжнародны Дзень правоў чалавека карэспандэнт Свабоды павіншаваў Натальлю Сацункевіч са сьвятам і запытаўся, чаму яна вырашыла пайсьці ў праваабаронцы ды як да гэтага ставяцца ў яе на працы і ў сям’і.

— Натальля, ці быў нейкі асабісты імпульс для таго, каб вы пачалі займацца праваабарончай дзейнасьцю?

— Не згадаю пра пэўную сытуацыю, але ўвогуле я пачала цікавіцца гэтай тэмай, асабліва пытаньнямі дыскрымінацыі па розных прыкметах — па гендэрнай, па колеры скуры, моўнай прыкмеце. У Беларусі я асабліва шмат бачу праблем з правамі жанчын, з адносінамі да жанчын. Фактычна амаль кожны дзень фіксую на сабе ці на тых, хто побач са мной, нейкія праблемы з парушэньнем правоў. І вось, калі я пачала гэтым цікавіцца, дык знайшла інфармацыю пра Школу правоў чалавека, якую ладзяць у Вільні беларускія праваабаронцы. Падала заяўку, закончыла школу і стала праваабаронцам. Усё проста.

Зьвесткі пра летнюю Школу правоў чалавека Натальля Сацункевіч знайшла на сайце «Вясны». Зладзілі навучаньне БХК, «Вясна» ды іншыя праваабарончыя арганізацыі Беларусі. Паводле маладой праваабаронцы, у школе іх навучалася каля 20 чалавек з розных рэгіёнаў Беларусі. Большасьць слухачоў былі студэнтамі розных ВНУ, але трапляліся і прадстаўнікі грамадзкіх ды нават дзяржаўных арганізацый. Навучаньне праходзіла цягам 9 дзён, але за гэты час, як кажа пра сябе Натальля, яна атрымала шмат ведаў, якія жадае выкарыстаць дзеля абароны правоў людзей у Беларусі. Натальля трапіла ў групу назіральнікаў за вулічнымі акцыямі і ўжо некалькі разоў працавала як назіральніца. Тое, што 24 лістапада менавіта на яе ды на назіральніка Сяргея Касьпяровіча былі складзеныя пратаколы, дзяўчына тлумачыць тым, што яны ў гэтай справе былі навічкамі.

— Вядома, у Беларусі ў працы праваабаронцы, як я цяпер бачу, ёсьць пэўныя асаблівасьці, тут заўсёды трэба быць падрыхтаваным да ўсяго. Але ў нашым канкрэтным выпадку, магчыма, гэтак дзейнічалі дзеля таго, каб адбіць менавіта ў нас, навічкоў, жаданьне гэтым займацца. Хаця, калі мы працавалі, дык адзначалі і станоўчыя моманты ў дзеяньнях міліцыянтаў, якія працавалі на акцыях. Збольшага нашыя справаздачы дзеля таго і існуюць, каб зрабіць лепшымі камунікацыі паміж удзельнікамі акцый і міліцыяй, — кажа Натальля Сацункевіч.

Натальля Сацункевіч стала працуе ў Інстытуце мікрабіялёгіі НАН РБ, яна малодшы навуковы супрацоўнік, піша кандыдацкую дысэртацыю. Як там паставіліся да яе праваабарончай дзейнасьці, у прыватнасьці, ці адрэагавалі на тое, што яе спрабавалі працягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці за удзел у несанкцыянаванай акцыі?

— Калегі, якія працуюць са мной, вядома, больш-менш у курсе маіх праваабарончых спраў. Ведалі і пра адміністрацыйны пратакол, пра суд. Ад іх была падтрымка. Што да адміністрацыі, дык я лічу, што тое, чым я займаюся не ў працоўны час, іх не датычыцца і пакуль сапраўды ніякай рэакцыі не было.

— А ў сям’і? Як маці адрэагавала на тое, што вас пацягнулі ў суд? Справу Алеся Бяляцкага не згадвала?

— Мама, вядома, вельмі ўстрывожаная тым, што адбываецца. Але, мне здаецца, мы знайшлі паразуменьне, бо я ёй растлумачыла, што я не займаюся нічым процізаконным і няма нічога дрэннага ў тым, каб некуды езьдзіць, вывучаць правы чалавека. Спадзяюся, зь яе боку ня будзе ніякіх перашкод, але, вядома, я бачу, што яна хвалюецца.

Натальля Сацункевіч расьсьмяялася на маё пытаньне пра тое, якія ганарары яна атрымлівае за сваю праваабарончую працу і згадала толькі адзін прыклад «матэрыяльнага ўзнагароджаньня» — нататнік, які атрымала падчас вучобы, у які цяпер заносіць чарнавікі сваіх праваабарончых справаздач. Запытаў таксама пра яе ацэнку агульнай сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і ці бачыць яна нейкую дынаміку да лепшага?

— Не, грошай ніякіх я не атрымліваю, а атрымліваю выключна задавальненьне ад таго, чым займаюся, бо лічу гэта важнай і правільнай справай. Што да сытуацыі з правамі чалавека, дык, безумоўна, парушэньняў у нас вельмі шмат і, адпаведна, шмат напрамкаў для працы праваабаронцаў. Але мне невядома такое месца ў сьвеце, дзе не было б парушэньняў правоў чалавека. Нам ёсьць што выпраўляць і найперш, на маю думку, трэба ініцыяваць зьмены ў шэраг законаў, каб прывесьці нашыя законы ў адпаведнасьць да міжнароднага заканадаўства.

— Некаторыя лічаць, што пакуль пры ўладзе Аляксандр Лукашэнка, кардынальна сытуацыя з правамі чалавека ня зьменіцца. А як вы мяркуеце?

— Ведаеце, у нас усё ж не манархія і рашэньні, спадзяюся, прымаюцца не выключна адным чалавекам. Перакананая, што станоўчыя зьмены магчымыя і павінны быць. Але ўсё залежыць у тым ліку ад кожнага з нас. Што да дынамікі за апошні час, дык усё ж мне цяжка параўноўваць — займаюся правамі чалавека толькі некалькі месяцаў. Але я бачу ў людзях, якія вакол мяне ў звычайным жыцьці, ня толькі ў грамадзкім, што ў іх ёсьць пэўны інтарэс да гэтай тэмы. Калі пачынаеш размаўляць пра правы людзей, дык некаторыя рэчы ім падаюцца вельмі цікавымі, адгукаюцца людзі, і гэта дадае надзеі, што зьмен можна дамагацца.

Натальля Сацункевіч адказвала на пытаньні на добрай беларускай мове. Праваабаронца кажа, што ў школьныя гады мела «складаныя адносіны» з беларускай мовай і чула яе толькі на вёсцы ад бабулі, але цяпер радая таму, што беларускай мовы ў яе жыцьці «становіцца ўсё болей».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства