viasna on patreon

Палітвязьні — хто гэта такія?

2015 2015-07-06T11:27:04+0300 2015-07-06T11:27:04+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/palitvjazni-ofis-antyprapahandy.jpg

Палітвязьні — хто гэта такія? Усякі раз, калі тэма палітзьняволеных закранаецца на міжнародным узроўні, беларускае кіраўніцтва з зайздроснай упартасьцю сьцьвярджае: маўляў, цяпер не савецкія часы, «палітычных» у сучаснай Беларусі няма, а ёсьць людзі, якіх саджаюць па крымінальных справах, і потым ужо за кратамі яны, так бы мовіць, становяцца палітычнымі дзеячамі. Што думаюць на гэты конт удзельнікі перадачы — зь нядаўніх асуджаных ды колішніх турэмных начальнікаў, а таксама з былых савецкіх палітзьняволеных?

«У нашай калёніі палітыкай цікавіліся недзе 90% асуджаных»

Палітвязень Мікола Статкевіч, кандыдат у прэзыдэнты ў 2010 годзе, быў арыштаваны адразу пасьля выбараў падчас мірнай акцыі на Плошчы. Cёлета паплечнікі Статкевіча на свабодзе вырашылі зноў вылучыць яго, цяпер асуджанага Магілёўскай турмы, кандыдатам на прэзыдэнта. Сярод тых, хто будзе ачольваць штаб у яго падтрымку нядаўні палітзьняволены Мікалай Аўтуховіч і палітвязень савецкіх часоў Сяргей Ханжанкоў. Жонка Статкевіча Марына Адамовіч патлумачыла «Свабодзе ў турмах», што яе муж «цудоўна разумее, што нам яшчэ толькі належыць змагацца за тое, каб у нас былі выбары, а не так званая электаральная кампанія. Каб мы маглі выбіраць. Ён, уласна кажучы, за гэта і змагаўся і ў мінулай кампаніі. І сёньня ён у турме менавіта дзеля таго, каб гэты выбар у нас быў».

Магілёвец Генадзь, у мінулым вязень Бабруйскай папраўчай калёніі № 2. Быў асуджаны на чатыры гады за «хуліганку», але быў вызвалены праз два гады па амністыі.

Паводле яго словаў, багата сядзельцаў не цураюцца палітыкі, дыскутуюць на палітычныя тэмы, чытаюць газэты, у тым ліку незалежныя. Калі гаварыць пра іх стаўленьне да выбараў, то, як мяркуе Генадзь, вызваліўшыся, яны наўрад ці прагаласуюць за дзейнага прэзыдэнта. Ці падтрымаюць яны кампанію Статкевіча або прагаласуюць за каго іншага, суразмоўца акрэсьліць ня змог.

Генадзь кажа, што ў калёніі ён сядзеў у адзін час з Алесем Бяляцкім.

Але як і многія іншыя ЗК, на кантакты зь ім не наважваўся, бо адміністрацыя імкнулася ўсяляк ізаляваць гэтага праваабаронцу ад іншых. Былы асуджаныя сьцьвярджае, што зьняволеныя нярэдка абмяркоўвалі лёс Бяляцкага і нічога кепскага пра палітвязьня не казалі:

«Нармальны мужчына, усе казалі. Але хто зь ім пагаварыў — гэта адразу дзесяць сутак у ШЫЗА. Так і выходзіць, што ён быў фактычна ў ізаляцыі. Там жа стукануць, і ня будзеш ведаць, хто і калі. Адміністрацыя будзе ведаць умомант... Як толькі ў 2014 годзе выйшла амністыя, яго тут жа з зоны прыбралі. Адміністрацыі было нявыгадна, што ён сядзеў у іх. Пра яго ж ніхто не забываў. У кожнай газэце, што мне прыходзіла, пра яго пісалі».

Газэты, якія дасылалі Генадзю ў калёнію, як ён кажа, разыходзіліся па руках. Асуджаныя з ахвотаю іх чыталі:

«Сам пачытаў і даў другому. Гэтак і пайшло. Каму яшчэ што прыйшло, мне далі. Чыталі з ахвотай. Мне жонка дасылала «Народную волю», «Свободные новости».

«Палітыкай асуджаныя дужа цікавіліся, — працягвае Генадзь. — Дужа шмат гаварылі пра наш беларускі лад. Пра Аляксандра Рыгоравіча. Пра ягонае атачэньне. Гаварылі заўжды з толкам. Выбіралі тэму і дыскутавалі. Тэлевізар на зоне даюць глядзець, дык навіны былі на першым месцы. Нават калі нейкі фільм быў, то казалі — глядзім навіны. Цікавяцца становішчам у краіне працэнтаў 90 асуджаных. Вось цяпер будуць прэзыдэнцкія выбары, то я ўпэўнены, зьняволеныя ведаюць, што іх ужо „зрабілі“.

— Калі гаварылі пра палітыку, то, відаць, і тэму палітвязьняў закраналі.Што асуджаныя ведаюць пра іх?

Гаварылі, што ўсе кандыдаты ў прэзыдэнты пасьля выбараў траплялі за краты. Вось і ўся наша палітыка...Ад улады ніхто ж не адмовіцца. Чалавек жа 20 гадоў добра еў, добра спаў. Бяз бою яе не аддадуць...»

З зоны, — дадае Генадзь, — выразьней відаць, хто пра што думае і кажа. Словам Лукашэнкі ён ня верыць.

«За кратамі вельмі многія баяцца, што можа быць яшчэ горш»

Адрозна ад Генадзя, Сяргей сядзеў у калёніі для паўторна асуджаных у Івацэвічах. У адзін час разам зь ім там утрымліваўся палітвязень Мікола Аўтуховіч. Паводле Сяргея, палітыкай сярод тамтэйшых сядзельцаў цікавілася прыкладна траціна. Гэтыя імкнуліся пайсьці на кантакт зь Мікалаем. Астатнія ж або абсалютна нічога ня ведалі ды не імкнуліся нічога ведаць, або проста баяліся гаварыць пра палітыку. Многія глыбока расчараваліся ў «палітычных», якія падавалі прашэньні аб памілаваньні.

«За кратамі, як і на волі вельмі многія баяцца, што заўсёды можа быць горш, — кажа Сяргей. — Я ж бачыўся зь Міколам кожны дзень. Шмат людзей зьвярталася, якія хадзілі да яго, прасілі Аўтуховіча аб дапамозе. Калі Мікола „ўскрыўся“, ён быў кінуты ў ШЫЗА. Нашы камэры былі побач і ўвечары мы размаўлялі зь ім „праз трубу“. Магу сказаць, што гэта вельмі годны і вельмі мужны чалавек».

Жыхар Салігорску Аляксандар Бут-Гусаім 15 гадоў таму быў асуджаны на пажыцьцёвае зьняволеньне (ПЗ). Яму адзінаму з «пэзэшнікаў» удалося дамагчыся перагляду сваёй справы ды зьмены прысуду. У калёніі ў Наваполацку ён пазнаёміўся з кандыдатам на прэзыдэнта Андрэем Саньнікавым. Кажа, што знаёмства зь ім было адным з найбольш яркіх ды пазытыўных уражаньняў падчас адседкі. І нават тое, што былы кандыдат на прэзыдэнта напісаў прашэньне на імя свайго праціўніка Лукашэнкі, ніколькі гэтага ўражаньня не сапсавала. Хто бываў на зоне, ведае, як адміністрацыя можа нацкоўваць «блатных» на прыстойных людзей, каб прынізіць іх ды стварыць ім невыносныя ўмовы, кажа колішні асуджаны на ПЗ.

«Корань зла — у несправядлівым прысудзе»

Былы начальнік «Валадаркі» ды калёніі строгага рэжыму ў Навасадах Алег Алкаеў кажа, што пры ім ў менскім СІЗА сядзелі палітвязьні: Чыгір, Лявонаў, Клімаў, Статкевіч, Кудзінаў, Шчукін. Зь некаторымі ён працягвае сустракацца і цяпер:

«Асабістае ўражаньне ад „палітычных“? Нармальныя людзі. Яны ўсьведамлялі, што трапілі ў турму. Іншая справа — за што? Як начальнік турмы я зь імі праблемаў ня меў. Але ва ўсім сьвеце ў задачу адміністрацыі турмы не ўваходзіць унікаць у сьледчыя праблемы, рабіць рэвізію, правільна гэты вязень сядзіць ці не. Гэтага чамусьці ня можа зразумець наша грамадзянская супольнасьць.

Мяне многія пытаюцца пра катаваньні ў дачыненьні да палітвязьняў. Я бы назваў гэта інакш — зьдзек. Палітычныя як першаходы прыгнечаныя нават не турэмным бытам, а тымі ўмовамі, нярэдка спэцыяльна створанымі, калі прыніжаецца чалавечая годнасьць. І гэта віна цяперашняй адміністрацыі, якая выконваючы загад зьверху, ідзе на розныя парушэньні, каб зламаць вязьня, прымусіць яго пакаяцца. Тыя, хто некага забіў, згвалтаваў, нешта скраў, будуць маўчаць, калі, напрыклад, на той жа расьцяжцы іх у парушэньне ўсякіх інструкцый пратрымаюць не хвіліну, а дваццаць, бо вінаватыя... А ў палітычных, якія нічога такога не ўчынілі, гэтыя супрацьпраўныя дзеяньні выклікаюць незадаволенасьць...Я б сёньня ставіў пытаньне адносна судоў. У нас няма незалежнага суду. Корань зла — у несправядлівым прысудзе. Тыя ж Статкевіч, Саньнікаў, Някляеў, Міхалевіч — людзі, якія трапілі за краты ні за што», — перакананы былы галоўны беларускі турэмнік.

Згодна з ацэнкамі праваабарончага цэнтру «Вясна», сёньня ў беларускіх вязьніцах утрымліваецца шэсьць палітвязьняў: Мікола Статкевіч, Ігар Аліневіч, Яўген Васьковіч, Мікола Дзядок, Арцём Пракапенка, Юры Рубцоў. Тым часам некаторыя іншыя беларускія праваабаронцы настойваюць на далучэньні да гэтага сьпісу найменей двух зьняволеных Андрэя Бандарэнкі ды Міхаіла Жамчужнага.

Чаму паняцьце «палітвязень» у наш час настолькі не акрэсьлена, што заўсёды ўзьнікаюць спрэчкі ў сувязі з колькасьцю такіх асуджаных? Каго лічаць «палітвязьнямі» былыя савецкія палітзьняволеныя?

Журналіст Радыё Свабода, маскоўскі праваабаронца ды палітвязень брэжнеўскіз часоў Аляксандар Падрабінэк, які ў пэрыяд 1970-1980 быў двойчы судзімы за «распаўсюд заведама ілжывых выдумак, якія ганьбяць савецкі дзяржаўны ды грамадзкі лад» і адбываў пакараньне ў лягерах паўночна-усходняй Сыбіры ды Якуціі, сьведчыць, што гэтаксама як і ў Беларусі, у Расеі ды шэрагу іншых постсавецкіх краін маецца шмат блытаніны вакол пытаньня дэфініцыі, каго называць палітвязьнямі. Адбываецца гэта з-за таго, што паняцьце "палітвязень" яшчэ са старых, нават дасавецкіх (расейска-імпэрскіх) часоў было акружана арэолам гераізму.

«Рабы КПСС»

Паводле Аляксандра Падрабінэка, нават у савецкі час, «калі да палітвязьняў адназначна ставіліся як да людзей, якіх трэба абараняць, таксама ня ўсё было з усімі ясна. Бывала, што людзей саджалі па крымінальных артыкулах. — фарцоўка, валюта, хуліганка — усё што заўгодна. Часам гэта было абгрунтавана, часам — не. Часам гэта было прыдумана самімі людзьмі». Напрыклад, у крымінальных лягерах людзі, якія, кажучы цывільнай мовай, павялі сябе няправільна і баяліся помсты з боку зладзейскага закону. Яны выколвалі сабе на ілбе, напрыклад, татуіроўку «Раб КПСС». Гэта быў спосаб сысьці з крымінальнага сьвету ў палітычны, бо ім тады давалі артыкул 70 КК СССР («антысавецкая агітацыя і прапаганда»). Але ж дысыдэнцкая супольнасьць не лічыла такіх палітвязьнямі. Дарэчы, і цяпер ёсьць тыя, якія ўчыніўшы цяжкія крымінальныя злачынствы, настойваюць, што іх пасадка мае палітычную падаплёку, што гэта помста ўладаў, і г.д.

Як перакананы былы савецкі палітзьняволены, «палітвязьнем трэба называць чалавека, які асуджаны па палітычных матывах, незалежна ад таго, што гэтыя матывы сабой уяўляюць».

На пытаньне, чаму расейскі ды беларускі кіраўнікі ўсё ж баяцца прызнаць наяўнасьць прысудаў па «палітычных матывах» ды заявіць, што гэтыя асуджаныя не крымінальнікі, а пакараныя паводле артыкула накшталт савецкага 70-га, Аляксандар Падрабінэк адказвае: 

«Я думаю, што такіх кіраўнікоў як Лукашэнка ды Пуцін гняце мінулае. Бо ў мінулым, у СССР, лічылася, што сыстэма практычна ідэальная, што людзей, якія хочуць зьмяніць палітычны лад, — іх проста ня можа быць наагул. Абодва паўтараюць тое, што казалі савецкія кіраўнікі ў тыя гады, калі ім таксама на міжнародных сустрэчах упікалі, што „ў вас вунь колькі лягераў палітвязьняў“. Яны адказвалі: „Не, гэта не палітвязьні, гэта людзі, асуджаныя паводле Крымінальнага кодэксу“. І яны тут як бы нават ня вельмі хлусілі. Бо ў нас іншага кодэксу, паводле якога маглі пасадзіць у турму ды прызначыць крымінальнае пакараньне, не было. Пытаньне ж у тым, што сабой уяўляюць тыя крымінальныя абвінавачаньні. І вось тут нашы ўлады і ў Савецкім Саюзе хітравалі, і Пуцін з Лукашэнкам хітруюць, калі кажуць, што палітвязьняў няма. Таму што істотная ня тая фармальная акалічнасьць, што асуджаныя паводле КК, а тая сутнасная акалічнасьць, за што менавіта яны асуджаныя».

«Ці ёсьць розьніца паміж цяперашнім ды савецкім часам? Так, і яна велізарная, —  працягвае былы савецкі палітзэк. —  Але бяда ў тым, што гэтая розьніца ўвесь час скарачаецца. Важная ж не абсалютная велічыня, а вэктар разьвіцьця — куды мы ідзем. Мы можам ісьці вельмі марудна, але, галоўнае, у той бок, у які трэба. Мы ж ідзём даволі хутка, і ня ў той бок, у які трэба, а ў процілеглы».

«Новыя палітзьняволеныя непазьбежныя»

Палітвязень хрушчоўскіх часоў, мянчук Сяргей Ханжанкоў, які ў 1963 быў асуджаны на дзесяць гадоў лягераў (Мардовія) за «спробу зрабіць дывэрсію» і «антысавецкую агітацыю і прапаганду» таксама перакананы, што ў Беларусі, як і ў Расеі «яшчэ не пераадолелі камуністычнага мінулага»:

«Нібыта на словах мы адмовіліся ад камунізму, але на справе — не. Таму што тая ж рэпрэсіўная сыстэма, тая ж дыктатура, адсутнасьць канкурэнцыі ўва ўсім — у эканоміцы, у палітыцы. Тое, што было і пры савецкай уладзе. А калі не паставіць правільны дыягназ, то як тады лячыць хваробу? Тут, па-мойму, самае галоўнае засяродзіцца на гэтым.

Што да пытаньня, каго ў Беларусі можна называць палітвязьнямі... Крытэры ёсьць. Гэта людзі, каторыя сядзяць за свае перакананьні, за спробы ўвасобіць іх у жыцьцё. Саджаць за гэта цалкам ненармальна. Усе, хто ў нас цяпер сядзіць паводле гэтых крытэраў, яны ўсе палітзьняволеныя, безумоўна».

«Як ні сумна, — працягвае Сяргей Ханжанкоў, — мы вельмі моцна залежым ад Расеі. Дакладней ад пуцінскага новаімпэрскага рэжыму, які там існуе. Калі зьменіцца рэжым у Расеі, дай Бог, то ўсё пойдзе зусім іншым шляхам. Цяпер жа ёсьць магчымасьць для ўсякіх авантурыстаў тыпу Лукашэнкі займаць такую пазыцыю: ні нашым, ні вашым. Маўляў, мы ня ў складзе Расеі, мы самастойныя. Насамрэч гэта проста ягоная вотчына. І пры гэтым, канечне, непазьбежныя палітзьняволеныя, гэта абавязкова, таму што ён ня можа „пускаць насамацёк“. Ён будзе іх адлоўліваць па меры зьяўленьня. Але гэта, вядома, ня сталінскі рэжым, там бралі ні за што людзей. І расстрэльвалі. Цяпер такога няма. Цяпер прагматызм. Не перашкаджайце мне, і я ня буду вас саджаць, няхай жыць будзеце беднавата, але гэта ўжо ня самае страшнае».

— Сёньня нярэдка можна пачуць, што цяперашнія палітвязьні слабейшыя духам за савецкіх, што яны ламаюцца ў зонах і, выйшаўшы на волю, баяцца (калі яны не эмігравалі, а засталіся дома) нават і рот раскрыць... Тыя ж палітвязьні савецкіх часоў, адматаўшы вялікія тэрміны, выходзілі на волю і ня думалі мяняць сваіх перакананьняў, за якія былі асуджаныя... Былыя беларускія палітвязьні, якіх вы ведаеце, яны застаюцца са сваімі перакананьнямі, не мяняюць сваёй пазыцыі?

Ханжанкоў: «Не, не застаюцца. Але прычыны тут больш глыбокія, справа не ў асобе. Проста людзі, якія там пабывалі , яны пераконваюцца, што гэта ўсё пакуль нясвоечасова. Іх не падтрымліваюць. Гэта ўсё роўна, што лбом прабіваць сьцяну... Тым больш у беларускіх палітвязьняў усё замыкаецца на коле пытаньняў, якія зусім не хвалююць масы беларускага народу, калі можна так сказаць. Яны вельмі падобныя да нейкай сэкты. Што ня ёсьць добра. Таму яны паступова ціхенька адыходзяць убок. Казулін, некаторыя іншыя, тая моладзь, якая прайшла праз арышты...Чалавек неабавязкова ламаецца, ён проста адыходзіць убок і дае праявіць сябе іншым... Такіх прыкладаў шмат ня толькі ў наш час і ў нашай гісторыі. Тая ж раснйская рэвалюцыя. Пакуль для тых жа бальшавікоў удала ня склалася каньюнктура, яны таксама былі ўсе адышлі. Ленін жа быў за мяжою. Нават ня марыў аб нейкай рэвалюцыі ў Расеі...

Каб сёньня пашыраўся дэмакратычны рух, зьяўляліся партыі — то зусім іншая справа, былыя палітвязьні былі б на месцы... Каб нармальныя палітычныя ўмовы, то чаму б некаму зь іх ня стаць лідэрамі? Знайшліся б лідэры, канечне».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства