Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Снежань 2014 года
У снежні сітуацыя з правамі чалавека пагаршалася, замацоўваліся і пашыраліся негатыўныя тэндэнцыі парушэння і абмежавання правоў як на заканадаўчым узроўні, так і на праваўжывальным.
Зафіксаваны сур’ёзны наступ на свабоду слова. 17 снежня адразу ў двух чытаннях Палатай прадстаўнікоў былі прыняты папраўкі да Закона “Аб сродках масавай інфармацыі”, якія дазволяць дзяржаве значна ўзмацніць ціск на незалежныя медыі. Ужо 18 снежня праект закона быў ухвалены Саветам Рэспублікі, а 20 снежня -- падпісаны кіраўніком дзяржавы А. Лукашэнкам (тэрмін уступлення ў дзеянне – 1 студзеня 2015 года). Згодна з новаўвядзеннямі, на інтэрнэт-СМІ стане цалкам распаўсюджвацца дзеянне закона аб СМІ, за выключэннем патрабавання аб рэгістрацыі. Папраўкі таксама вызначаюць, якую інфармацыю забаронена распаўсюджваць у СМІ. Так, забараняецца ў тым ліку распаўсюд «інфармацыі, якая здольная нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь». Абмежаванне доступу да інтэрнэт-СМІ стане магчымым за два вынесеныя папярэджанні на працягу года, а таксама за распаўсюд імі забароненай інфармацыі і невыкананне уладальнікам інфармацыйнага інтэрнэт-рэсурсу законнага патрабавання дзяржаўнага органа аб ліквідацыі парушэнняў заканадаўства аб СМІ. Пры гэтым за распаўсюд інфармацыі, якую ўлады могуць палічыць пагражаючай нацбяспецы, блакаванне сайтаў будзе ажыццяўляцца без вынясення якіх-небудзь папярэджанняў. Яшчэ адзін з вельмі сур’ёзных выклікаў для медыя-супольнасці: магчымасць Мінінфармацыі даць указанне блакаваць інтэрнэт-рэсурс у па-засудовым парадку.
Разам з тым, нават не дачакаўшыся ўступлення паправак да закона ў дзеянне, пачынаючы з 19 снежня некалькі інфармацыйных інтэрнэт-рэсурсаў у Рэспубліцы Беларусь падвергліся блакіроўцы.
У прыватнасці, без тлумачэння прычын быў абмежаваны доступ карыстальнікаў да сайтаў belapan.com і belapan.by, naviny.by,belaruspartisan.org, charter97.org, udf.by, 21.by, gazetaby.com, zautra.by.
Дадзеныя рэпрэсіўныя меры ў адносінах да незалежных медыяў эксперты звязалі з падрыхтоўкай уладаў да прэзідэнцкіх выбараў (павінны адбыцца ў 2015 годзе), а таксама аб’ектыўным асвятленнем крызісных праяваў у эканоміцы краіны.
Прадстаўнікі медыяў па-ранейшаму сутыкаліся з затрыманнямі падчас ажыццяўлення прафесійнай дзейнасці, адміністрацыйным пераследам за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі на фоне пастанянных адмоў у такіх акрэдытацыях з боку беларускага МЗС, пракуроскімі папярэджаннямі.
Выказванне меркаванняў шляхам правядзення публічных мерапрыемстваў было скрайне мінімізаваным. Былі забаронены больш за дзесяць мірных сходаў, да Дня правоў чалавека дазволены быў толькі адзін пікет – у Брэсце. Працягваўся адміністрацыйны пераслед за ўдзел у масавых мерапрыемствах, у тым ліку – дазволеных уладамі, а таксама практыкаваліся беспадстаўныя адвольныя затрыманні.
Беларускія ўлады выразна прадэманстравалі, што не намераны спыняць рэпрэсіўную палітыку ў адносінах да апанентаў і іншадумцаў, праяўляць палітычную волю ў пытанні вызвалення палітвязняў. Нягледзячы на тое, што ў снежні на волю выйшлі два палітычныя зняволеныя – Васіль Парфянкоў і Эдуард Лобаў, гэта не стала знакам на змяненне курсу па дадзенай вострай праблеме, паколькі вызваленне было звязана выключна са сканчэннем поўных тэрмінаў адбыцця пакарання. Нязменнасць пазіцыі ўладаў у пытанні палітычнга пераследу пацвердзіла з’яўленне новага палітвязня – грамадскага актывіста Юрыя Рубцова, які з 22 снежня пачаў адбываць паўтары гады абмежавання волі ў спецкамендатуры в. Куплін Пружанскага раёна. Такім чынам, снежань завяршаўся з шасцю палітычнымі вязнямі ў месцах пазбаўлення і абмежавання волі: Мікалай Статкевіч, Ігар Аліневіч, Мікалай Дзядок, Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка і Юрый Рубцоў. Гатоўнасць уладаў да выкарыстання крымінальнага пераследу як сродку спынення ці абмежавання публічнай дзейнасці асобаў прадэманстраваў і арышт супрацоўнікамі КДБ журналіста, карэспандэнта газеты «Белорусы и рынок» Аляксандра Алесіна, які з’яўляецца экспертам у вайсковых пытаннях. Ён быў абвінавачаны ў супрацоўніцтве з замежнымі спецслужбамі. Пасля вызвалення з СІЗА КДБ журналіст заявіў, што ў сваёй працы выкарыстоўвае выключна адкрытыя крыніцы інфармацыі, якія не з’яўляюцца сакрэтнымі. Аляксандр Алесін застаецца пад следствам і падпіскай аб нявыездзе.
Пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека адбывлася на фоне нарошчвання і пашырэння кантактаў Еўрапескага Саюзу і ЗША з беларусікімі ўладамі, што прымушала сумнявацца ў з захаванні прынцыповай пазіцыі Захаду адносна ўзнаўлення кантактаў з афіцыйным Мінскам толькі пасля вызвалення палітвязняў. Такім чынам, назіраўся далейшы практычны адыход ЕС і ЗША ад каштоўнаснай пазіцыі да прагматычнага супрацоўніцтва, навязваемага беларускім бокам. Гэта стала трывожнай тэндэнцыяй, паколькі найперш са знешнепалітычны фактарам звязваліся спадзяванні станоўчай дынамікі па праблемах палітвязняў, дэмакратыі і правоў чалавека ў сітуацыі практычнай адсутнасці рычагоў уплыву па дадзеных пытаннях унутры краіны.
Палітычныя зняволеныя, крымінальны пераслед грамадскіх актывістаў
1 снежня палітвязню Эдуарду Лобаву споўнілася 26 гадоў. Гэта чацвёрты Дзень нараджэння, які Эдуард сустрэў у зняволенні. 18 снежня ў 8 гадзін раніцы Эдуарда Лобава вызвалілі з Івацэвіцкай папраўчай калоніі №22 пасля поўнага адбыцця пакарання. Яго сустракалі сям’я і паплечнікі. Ён паведаміў, што яшчэ ў 2011 годзе яму тройчы прапаноўвалі пісаць прашэнне аб памілаванні, але ён адмовіўся. З таго часу больш прапановаў не было. Былы палітвязень сказаў, што ў сувязі з прызначэннем прэвэнтыўнага нагляду (на год) ён пакуль не вызначыўся, чым будзе займацца: раней планаваў з’ехаць за мяжу вучыцца. Ён падкрэсліў, што ў турме ягоныя погляды не змяніліся, і ён будзе працягваць грамадска-палітычную дзейнасць. 19 снежня Эдуард Лобаў правёў першую пасля вызвалення прэс-анферэнцыю. Узгадваючы суд 24 сакавіка 2011 года над сабой і Дзмітрыем Дашкевічам, ён адзначыў: “Гэты працэс правялі фармальна, паколькі ад самага пачатку было вядома, каму і які тэрмін будзе свяціць і было вядома, што гэтая справа цалкам падстаўная. Увогуле, я не разглядаў гэта як суд”. Былы палітвязень адзначыў, што адносіны з іншымі зняволенымі былі нармальнымі. Супрацоўнікі калоніі ведалі, за што ён сядзіць, здаралася што выклікалі на пэўныя размовы. Па словах Лобава, не адчуваў асаблівага прэсінгу на сабе як на палітвязня, хаця за чатыры гады атрымаў 18 спагнанняў, сядзеў у карцэры. Лічыць, што ніякіх адрозненняў паміж ім і астатнімі зняволенымі не было. Умовы ў калоніі, дзе адбываў тэрмін, ён назваў звычайнымі, але прызнаўся, што яму няма з чым параўноўваць, паколькі ў іншых калоніях ён не быў. Закранаючы тэму медыцынскага абслугоўвання, Эдуард Лобаў распавёў, што звяртаўся да лекараў са звычайнымі хваробамі, і яму дапамагалі здавальняюча, а тыя, у каго розныя складаныя альбо хранічныя захворванні, скардзяцца на медыцыну вельмі часта. Што тычыцца харчавання, дык яно было звычайным для такіх устаноў: раніцай каша на вадзе, на абед – суп, макароны ці ізноў каша з якой-небудзь каўбасой, увечары -- бульба з рыбай ці кіслая капуста: “Наколькі я зразумеў, гэтую ежу даюць так, каб падтрымліваць жыццядзейнасць. Для гэтага такой нормы якраз і дастаткова”.
4 снежня Валерыя Хоціна, жонка палітвязня Мікалая Дзядка, паведаміла, што яе мужу ў Магілёўскай турме №4 правялі псіхолага-псіхіятрычную экспертызу, што адбываецца з усімі вязнямі перад судом у зняволенні. Паводле Валерыі Хоцінай, вынікі экспертызы пакуль невядомыя. 6 снежня Валерыя Хоціна паведаміла, што Мікалаю Дзядку выставілі абвінавачанне ў злосным непадпарадкаванні законным патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы (арт. 411 Крымінальнага кодэкса), што пагражае яму яшчэ годам зняволення. Па яе словах, суд можа адбыцца ў студзені 2015 года, будзе выязным а паседжанне пройдзе ў закрытым рэжыме. Яшчэ адна непрыемная навіна – Мікалая Дзядка пазбавілі спаткання, запланаванага на 5 студзеня, якога яны з жонкай чакалі амаль год. Гэта адбылося з-за таго, што зняволены нібыта стварыў канфліктую сітуацыю ў камеры, але Мікалай гэта адмаўляе. Пасля гэтага, па словах В. Хоцінай, палітвязень канчаткова вырашыў сысці ў адзіночную камеру. Паводле Валерыі, муж маральна трымаецца добра, з лістоў і тэлефоннай размовы з у яе склалася ўражанне, што новая хваля ціску не зламала яго, ён больш хвалюецца за сваіх родных, чым за сябе.
5 снежня каля 7 гадзін раніцы з папраўчай калоніі № 9 у Горках выйшаў на волю пасля адбыцця пакарання палітвязень Васіль Парфянкоў. Сябры і журналісты сабраліся сустрэць Васіля, аднак яго ў суправаджэнні міліцыі даставілі да цягніка на Воршу на чыгуначны вакзал. У Воршы адбылася сустрэча з паплечнікамі, пасля якой Парфянкоў накіраваўся ў Мінск. Васіль Парфянкоў адзначыў, што падчас знаходжання ў калоніі яму было вынесена 39 спагнанняў за розныя парушэнні рэжыму адбыцця пакарання, а перад вызваленнем, 11 лістапада, у калоніі адбыўся выязны суд, на якім яму быў прызначаны прэвентыўны нагляд тэрмінам на 1 год. Былы палітвязень паведаміў, што ў той дзень разглядаліся адразу каля 40 падобных спраў. Адносна таго, ці можна у калоніі абскардзіць накладзеныя спагнанні, Васіль сказаў, што тэарэтычна гэта зрабіць можна, аднак, паколькі хадайніцтвы, скаргі, разглядае той самы чалавек, які выносіў спагнанне, вынікаў гэта не дае: начальнік калоніі перадае зняволенаму стандартную адпіску, што пакаранне вынесена цалкам законна. Па ягоных словах, можна напісаць скаргу і ў пракуратуру ці Дэпартамент выканання пакаранняў, аднак такія скаргі вельмі рэдка трапляюць за сцены калоніі. На працягу года ўтрымання ў калоніі Васіль Парфянкоў усяго дзён 5 выходзіў на працу, у жылой зоне правёў усяго 29 дзён, затым ён быў змешчаны ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу), а таксама неаднаразова змяшчаўся ў штрафны ізалятар. Падчас «атаваркі» была магчымасць набываць у краме на 300 тысяч рублёў на месяц, і звычайна ён набываў фрукты, яблыкі, апельсіны. Адзначыў, што ў краме былі і кілбасы, і сыр. На ўвесь час зняволення Парфянкоў быў пазбаўлены спатканняў і перадач ад сваякоў. Стан медыцынскага абслугоўвання ў калоніі ў Горках Парфянкоў назваў вельмі дрэнным, практычна адсутнічалі лекі. Напрыклад, ВІЧ-інфікаваным патрэбны адмысловыя лекі, якія выдзяляе, Чырвоны крыж, але іх запатрабаваць было вельмі складана. Але хворых на сухоты трымаюць асобна і ў ПКТ, і ў камерах. Штрафны ізалятар уяўляе сабой звычайную камеру на 8 месцаў з драўлянай падлогай, нары на дзень прымацоўваюцца да сценаў. Тут удзень ляжаць забаронена. Ёсць лаўка, на якую можна прысесці, і стол. У халодны час камера ацяплялася, але пад раніцу было халодна. 19 снежня Васіль Парфянкоў, нягледзячы на прэвентыўны нагляд, з'ехаў ва Украіну. Паводле яго слоў, вяртацца ў Беларусь не мае намеру і збіраецца «абараняць Украіну ад расійскіх акупантаў». У Львоўскай вобласці знаходзіцца жонка Парфянкова з 11-месячным сынам.
6 снежня Валянціна Аліневіч, маці палітвязня Ігара Аліневіча, паведаміла, што сын даслаў дадому ліст, з якога вынікае, што ён ведае пра ўзбуджэнне новай крымінальнай справы супраць ягонага паплечніка Мікалая Дзядка. Спадарыня Валянціна адзначыла, што раней яе ліст да сына не прапусціла турэмная цэнзура таму, што ў ім перадаваліся прывітанні ад Мікалая Статкевіча і Мікалая Дзядка. 25 снежня Валянціна Аліневіч распавяла, што яна з мужам мела доўгатэрміновае спатканне з сынам, але замест звычайных 3 сутак яно доўжылася толькі суткі. Па словах Валянціны Аліневіч, Ігар схуднелы, бледны, бо ўвосень адбыў каля 40 сутак у карцары. Пры гэтым настрой у яго добры і бадзёры. Маці палітвязня сказала, што калі ўсе астатнія зняволеныя выходзілі са спатканняў з прадуктамі, якія ім дазволілі вынесці, то Ігару нават ніводнага яблыка не далі забраць.
6 снежня ў лісце да бялыніцкага журналіста Барыса Вырвіча палітвязень Мікалай Статкевіч паведаміў, што да яго даходзяць не ўсе лісты з волі, у прыватнасці, што не атрымліваў ад журналіста лістоў ужо некалькі месяцаў, “ды і не толькі вашых”. Пры гэтым спадар Вырвіч кожны месяц дасылаў палітвязню ліст альбо паштоўку з апошнімі навінамі з жыцця дэмакратычных сіл Магілёўшчыны. Мікалай Статкевіч напісаў, што “толькі лісты ад сваякоў больш-менш даходзілі, бо там мажлівы кантроль. Я пішу, напрыклад, бацьку і жонцы па пэўных днях тыдня і паведамляю, якія іхнія лісты атрымаў”. Палітвязень паведаміў журналісту, што яго павінны перавесці ў калонію 12 студзеня 2015 года, калі скончацца тры гады вызначанага судом турэмнага рэжыму. “Тут мелі права пры адсутнасці спагнанняў вярнуць мяне ў калонію і праз 1,5 гады, але ж гэта не для “палітычных”. З калоніі могуць вярнуць ізноў сюды, але маёй пазіцыі гэта не зменіць”, - адзначыў Мікалай Статкевіч. 17 снежня Марына Адамовіч, жонка Мікалая Статкевіча, мела з ім двухгадзіннае спатканне праз шкло з тэлефонам. Па словах Марыны Адамовіч, Статкевіч не змяніўся: вельмі ясныя і светлыя вочы, ніякіх расчараванняў, стомленасці, зняверанасці, ён упэўнены ў сябе, вельмі моцны і мужны з абсалютна дакладным разуменнем таго, што ён робіць, дзеля чаго і на што яшчэ ён гатовы пайсці дзеля сваіх перакананняў. З нагоды розных захадаў з розных бакоў наконт таго, каб напісаць прашэнне ад памілаванні, Мікалай Статкевіч сказаў жонцы, што нельга адной паперкай перакрэсліць усё жыццё, і гэтага ён не зробіць ніколі. Марына Адамовіч адзначыла, што яе муж рыхтуецца да этапу ў калонію, аднак не ведае, куды будзе накіраваны. Па ягоных словах, крыху лепей апошнім часам стала з атаваркай, павялічыўся асартыменту ў турэмнай краме.
13 снежня Віялета Пракапенка, маці палітвязня Арцёма Пракапенкі, падчас кароткатэрміновага спаткання з сынам даведалася, што той застаўся злосным парушальнікам рэжыму адбыцця пакарання, з-за чаго ён не можа разлічваць на датэрміновае вызваленне. Па яе словах, гадавы тэрмін папярэдняга спагнання заканчваўся ў верасні, але ў ліпені было вынесена новае, і толькі праз год пасля сканчэння ягонага дзеяння Арцём зможа разлічваць, калі не будзе болей пакаранняў, на УДВ. Парушэннем палічылі тое, што ў спякоту зняволены быў у шлёпанцах, а не ў турэмных чаравіках. Падобныя дзеянні іншых зняволеных не караюцца. Віялета Пракапенка наведала намесніка начальніка калоніі і спытала, як справы сына. Той адказаў, што з ім пакуль усё нармальна, але ў яго ўсё ў галаве. Па меркаванні маці палітвязня, прадстаўнік адміністрацыі меў на ўвазе, што калі б Арцём напісаў прашэнне, то быў бы ўжо на волі, але ён адмаўляецца пісаць. Віялета Пракапенка таксама паведаміла, што ў калоніі сын ужо не працуе, паколькі няма заказаў (раней Арцём працаваў з металлам). Паводле маці зняволенага, пра страчаны заробак сын не шкадуе, бо яны за месяц зараблялі па 20-40 тысяч.
22 снежня ў Беларусі з'явіўся новы палітвязень: актывіст з Гомеля Юры Рубцоў пачаў адбываць паўтары гады абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу №7 у вёсцы Куплін Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці. Адразу ён атрымаў заўвагу ад адміністрацыі спецкамендатуры за тое, што на дзень спазніўся з прыездам у Куплін. Актывіст патлумачыў, што паводле атрыманага паведамлення, ён павінен быў прыбыць на месца адбыцця пакарання цягам 3 дзён, як ён і разлічыў. Але высветлілася, што палітвязень мусіў весці адлік не ад часу атрымання паведамлення, а з нуля гадзін таго дня. Адміністрацыя ўстановы запатрабавала ад Рубцова тлумачальную запіску, але ён прынцыпова не піша і не падпісвае ніякія афіцыйныя паперы. Па словах Юрыя Рубцова, у спецкмендатуры ёсць кухня, гатаваць ежу зняволеныя павінны самі. Крамы няма, толькі раз на два тыдні прыяжджае аўталаўка. За межы камендатуры выходзіць нельга, толькі з пісьмовага дазволу. Пасялілі Ю. Рубцова ў невялікім пакоі, дзе знаходзіцца тры двух’ярусныя ложкі. Дзе будзе працаваць, Юрыю пакуль невядома. Ён паводле прафесіі -- кіроўца. Працу давядзецца, хутчэй за ўсё, шукаць у Пружанах. Аўтобус у Куплін ходзіць два разы на тыдзень, і могуць паўстаць пытанні з тым, як дабірацца.
19 снежня маці і бабуля палітвязня Яўгена Васьковіча наведалі яго ў калоніі. Спатканне цягнулася дзве гадзіны. Рушанія Васьковіч, маці Яўгена, паведаміла, што перадала ў магілёўскую папраўчую калонію № 15 лекі і вітаміны, бо ў сына ўзніклі праблемы са здароўем: палітвязня трывожыць спіна і страўнік. Маці даслала Яўгену яшчэ і канцылярскую бандэроль з канвертамі і паштоўкамі. Сябры і аднапартыйцы сабралі для Яўгена перадачу з цёплымі рэчамі, гігенічнымі сродкамі, аформілі падпіску на газеты і часопісы. Па словах Рушаніі Васьковіч, зняволены мае працу -- шые фуфайкі, у яго ёсць два выходных на тыдзень. Яна выказала спадзяванне, што сына вызваляць раней вызначанага судом тэрміну пакарання за добрыя паводзіны.
Смяротнае пакаранне
1 снежня Камітэт па правах чалавека ААН выказаў сур'ёзную занепакоенасць тым, што Беларусь прывяла ў выкананне смяротны прысуд у дачыненні да асобы, скарга якой знаходзілася на разглядзе Камітэта. Камітэт быў праінфармаваны аб тым, што смяротны прысуд, вынесены Аляксандру Грунову, прыведзены ў выкананне 22 кастрычніка. “Пазіцыя Камітэта па правах чалавека адносна незадавальнення просьбы Камітэта аб прыняцці часовых мер абароны ў пазбяганне непапраўнай шкоды застаецца нязменнай", заявіў сэр Найджэл Родлі, старшыня Камітэта. Ён падкрэсліў, што Беларусь не першы раз прыводзіць у выкананне смяротны прысуд у дачыненні да заяўнікаў, чые зарэгістраваныя справы знаходзяцца на стадыі разгляду. «Гэта ўяўляе сабой сур'ёзнае парушэнне Беларуссю сваіх міжнародна-прававых абавязацельстваў”, - адзначыў Сэр Найджэл. У адпаведнасці са сваёй практыкай Камітэт апрацягне разгляд справы Грунова, нягледзячы на прывядзенне прысуду ў выкананне.
3 снежня па запыце БелаПАН Вярхоўны суд паведаміў, што прыгавораны Мінскім абласным судом да смяротнага пакарання Эдуард Лыкаў напісаў прашэнне аб памілаванні. Запыт быў зроблены пасля таго, як стала вядома пра выкананне смяротнага прысуду ў дачыненні да Аляксандра Грунова. Праваабаронцы выказвалі меркаванне, што ў той жа час маглі расстраляць і Эдуарда Лыкава, таксама асуджанага ў 2013 годзе. У адказе Вярхоўнага суда за подпісам намесніка старшыні ВС Валерыя Калінковіча сказана, што паколькі асуджаны Лыкаў звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі з хадайніцтвам аб памілаванні, «выкананне прысуду ў дачыненні да асобы, асуджанай да смяротнай кары, прыпыняецца да разгляду хадайніцтва аб памілаванні». Адвакат Аляксандр Клюкач адмовіўся паведаміць, у якім стане знаходзіцца яго падабаронны і калі ён падаў прашэнне аб памілаванні.
4 снежня маці пакаранага смерцю гамельчука Аляксандра Грунова - Вольга Грунова звярнулася ў Канстытуцыйны суд з просьбай даць ацэнку калізіі Крымінальна-выканаўчага кодэкса, які забараняе выдаваць целы пакараных смерцю і паведамляць пра месцы іх пахавання, што супярэчыць Канстытуцыі Беларусі і Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Жанчына прасіла Гомельскі абласны суд паведаміць ёй пра дакладны час выканання прысуду і месца пахавання сына, але суд са спасылкай на артыкул 175 Крымінальна-выканаўчага кодэкса адмовіў у гэтым. “У сувязі з гэтым заяўляю, што заканадаўства і практыка, якая склалася ў краіне, пасля прывядзення ў выкананне смяротнага прысуду ў дачыненні да майго сына працягвае прычыняць мне душэўныя пакуты і псіхічны стрэс”, - адзначыла Вольга Грунова. Яна лічыць, што абстаноўка поўнай сакрэтнасці вакол працэдуры смяротнага пакарання, месцаў пахавання расстраляных, адмовы ў выдачы целаўдля пахавання раўнацэнныя па сваёй сутнасці запалохванню і пакаранню сем’яў расстраляных, паколькі іх наўмысна пакідаюць у стане няпэўнасці і псіхічных пакутаў. “Такое стаўленне дзяржавы да сям'і, сваякоў пакаранага смерцю раскрывае парушэнне ч.3 артыкула 25 Канстытуцыі, згодна з якой “ніхто не павінен падвяргацца жорсткаму, бесчалавечнаму абыходжанню”. Гэта пацягнула за сабою і парушэнне артыкула 7 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, які ўстанаўлівае, што “ніхто не павінен падвяргацца жорсткаму, бесчалавечнаму абыходжанню”, - напісала маці пакаранага смерцю гамельчука. У звароце ў КС Вольга Грунова просіць распачаць вытворчасць па справе аб скасаванні ў нарматыўна-прававых актах супярэчнасцей і калізій у святле гарантый ч. 3 артыкула 25 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і артыкула 7 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, а таксама прыняць рашэнне аб унясенні змянаў у заканадаўства. 15 снежня Вольга Грунова атрымала адказ на свой зварот у Канстытуцыйны суд. КС нагадаў жыхарцы Гомеля, што, згодна заканадаўству, уносіць прапановы ў вышэйшую судовую інстанцыю маюць права Палата прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі, прэзідэнт, Вярхоўны суд і Савет міністраў. «У РБ для грамадзян устаноўлены ускосны доступ да канстытуцыйнага правасуддзя – яны звяртаюцца з ініцыятывай аб унясенні прапаноў да органаў, якія валодаюць правам унясення ў КС такіх прапаноў», - патлумачылі Вользе Груновай у КС і прапанавалі звярнуцца да пералічаных органаў. 23 снежня Вольга Грунова звярнулася да Прэзідэнта, абедзьвух палат Парламента, Вярхоўнага суда і Урада краіны з просьбай ініцыяваць перад Канстытуцыйным судом пытанне аб неканстытуцыйнасці Крымінальна-выканаўчага кодэкса, які забараняе выдаваць целы растраляных і паведамляць аб месцах іх пахавання.
13 снежня суд Цэнтральнага раёна Гомеля адмовіў Вользе Груновай ва ўзбуджэнні грамадзянскай справы супраць Гомельскага абласнога суда і Дэпартамента выканання пакаранняў, якія адмаўляюцца паведаміць месца пахавання яе сына. 13 снежня жанчына падала скаргу на дадзеную адмову раённага суда ў Гомельскі абласны суд. Раней старшыня Гомельскага абласнога суда Сяргей Шаўцоў адмовіў Вользе Груновай у задавальненні просьбы выдаць цела сына або паказаць месца яго пахавання. Суд спаслаўся на артыкул 175 Крымінальна-выканаўчага кодэкса, згодна якому «смяротнае пакаранне выконваецца непублічна шляхам расстрэлу. Цела для пахавання не выдаецца, аб месцы пахавання не паведамляецца». З дапамогаю праваабаронцаў жыхарка Гомеля распачала стратэгічную цяжбу, накіраваную на змяненне як заканадаўства, так і практыкі яго прымянення, якія кожны раз вядуць да пакут бацькоў ды сваякоў расстраляных у Беларусі.
Ужыванне катаванняў і іншых відаў жорсткага і бесчалавечнага абыходжання
10 снежня Праваабарончы цэнтр “Вясна” прэзентаваў аналітычнае даследванне “Справаздача па выніках маніторынгу месцаў прымусовага ўтрымання ў Рэспубліцы Беларусь”. Маніторынг, які ахоплівае перыяд з 2013 па 2014 год, праводзіўся шляхам аналізу пенітэнцыярнага заканадаўства, атрымання аб'ектыўных звестак як з адкрытых крыніц, так і шляхам інтэрв'юіравання зняволеных. Адначасова рабіліся захады ў рамках нацыянальнага заканадаўства па паляпшэнні ўмоў утрымання зняволеных. Выступаючы пад час прэзентацыі справаздачы яе аўтар Павел Сапелка адзначыў, што ў даследванні прыводзяцца актуальныя дадзеныя аб колькасці месцаў зняволення і колькасці саміх зняволеных, падрабязны аналіз працоўных правоў зняволеных, якія, як паказвае маніторынг, паўсюдна парушаюцца. Прыведзены таксама аналіз заканадаўства, якое рэгламентуе правы зняволеных на перапіску і на звароты ў розныя інстанцыі, якія неабгрунтавана абмяжоўваюцца. Асаблівая ўвага нададзеная аналізу магчымасцяў грамадзянскага кантролю месцаў абмежавання свабоды і зроблена выснова пра татальны закрыты характар такіх устаноў. Праваабаронцы канстатуюць практычную адсутнасць магчымасці заканадаўча весці такі кантроль. У даследванні ўдзялялася пэўная ўвага праблеме катаванняў і жорсткаму, бесчалавечаму абыходжанню ў месцах пазбаўлення волі. Прыводзяцца задакументаваныя прыклады падобнага абыходжання і робіцца выснова аб тым, што такія выпадкі, як правіла не раследваюцца незалежнымі і аб’ектыўнымі інстанцыямі. Павел Сапелка прызнаў, што “у праваабаронцаў абмежаваныя магчымасці, каб уплываць на сітуацыю ў месцах прымусовага ўтрымання ў поўнай меры, аднак ёсць магчымасць рабіць такія факты публічнымі і прапаноўваць дзяржаве прымаць пэўныя захады па выключэнню такіх парушэнняў. Па выніках маніторынгу даследчыкамі прапанаваныя меры як у галіне нарматыўнага рэгулявання, так і ў галіне правапрымянення, якія дазваляюць палепшыць становішча зняволеных.
19 снежня актывіст прафсаюза РЭП Аляксандр Вайцешык атрымаў ліст за подпісам Галаўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Дэпартамента фінансаў і тыла Міністэрства ўнутраных спраў А. Л. Жука, у якім паведамлялася, што спецыялісты гэтай дзяржаўнай установы разглядзелі яго зварот па фактах невыканання патрабаванняў санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства ў ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ) аддзела ўнутраныях спраў Нясвіжскага райвыканкама. У лісце паведамляецца, што падчас абследавання ІЧУ Нясвіжскага РАУС выяўлена, што шэраг фактаў, выкладзеных Вайцешыкам ў сваей скарзе Генеральнаму пракурору, падцвердзіліся. У прыватнасці, у адказе адзначаецца, што камеры ў ІЧУ сапраўды патрабуюць правядзення рамонту, а для ўсталявання ў камерах санвузлоў і пляцоўкі для шпацыру на тэрыторыі ўстановы патрэбны вялікія фінансавыя ўкладанні. Таксама ў лісце паведамлялася, што ў штаце ІЧУ не прадугледжана стаўка медработніка, таму агляд стану здароўя праводзіцца міліцыянерамі. У лісце адзначалася, што ў адпаведнасці з планам ліквідацыі выяўленных парушэнняў у снежні 2014 года ў ІЧУ пачынаюцца працы па рамонту камер, а начальніку Нясвіжскага РАУС будзе накіравана пісьмовае патрабаванне па ліквідацыі парушэнняў санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства.
23 снежня пракуратурай Салігорскага раёна паведаміла, што па звароце актывіста “Еўрапейскай Беларусі” Уладзіміра Лемеша была праведзена праверка ўмоў утрымання зняволенных у ізалятары часовага ўтрымання Салігорсага РАУС. У выніку парверкі былі выяўлены асобныя парушэнні Правіл унутраннага распарадку спецыяльных устаноў ораганаў унутранных спраў. Як выявілася, сваю ўвагу пракуратура звярнула толькі на адно са шматлікіх парушэнняў: колькасць пасадачных месцаў на лаве ў камеры, а таксама за сталом апынулася меншай за колькасць месцаў у камеры. З гэтай нагоды пракурор Салігорскага раёна Алег Аўдзей накіраваў начальніку Салігорскага РАУС інфармацыю аб неабходнасці даўкамплектавання камер неабходным інвентаром. Усе астатнія прыклады Уладзіміра Лемеша пра прыніжаючыя чалавечую годнасць умовы ўтрымання ў ІЧУ пракуратура Салігорскага раёна назвала набгрунтаванымі. Згодна з адказам з пракуратуры, падчас праверкі нібыта былі апытаныя былыя сукамернікі У. Лемеша, супрацоўнікі ІЧУ. Разам са спецыялістамі Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі агледжаныя камеры, узяты пробы вады, нібыта зроблены замеры штучнага асвятленні і мікраклімата, і на момант абследвання камер парушэнняў не было выяўлена.
Пераслед праваабаронцаў і праваабарончыя арганізацыі
17 снежня праваабаронца Алена Танкачова, кіраўнік Цэнтра прававой трансфармацыі “Lawtrend” паведаміла, што ў гэты дзень яна была запрошана ў аддзел па грамадзянстве і міграцыі ГУУС Мінгарвыканкама для таго, каб азнаёміцца з матэрыяламі справы і мець магчымасць падаць поўны тэкст скаргі. Аднак, калі яна прыйшла ў міліцыю, ёй уручылі апавяшчэнне аб тым, што яшчэ 12 снежня было прынята рашэнне пакінуць у сіле пастанову РУУС Першамайскага раёна Мінска аб высылцы з Беларусі і забароне на ўезд у краіну на тры гады. Ні адзін з аргументаў, якія былі прыведзены ў скарзе праваабаронцы адносна непрапарцыйна прынятага рашэння, няправільнай ацэнкі фактычных абставін не былі прынятыя да ўвагі. 24 снежня Алена Танкачова накіравала ў суд Першамайскага раёна Мінска скаргу на рашэнне РУУС Першамайскага раёна пра яе высылку з краіны. У гэты ж дзень у РУУС ёй на месяц працягнулі магчымасць знаходжання на тэрыторыі Беларусі -- да разгляду скаргі ў судзе. Падставай для рашэння пра высылку Алены Танкачовай сталі факты нязначнага перавышэння хуткасці аўтамабілем Танкачовай, зафіксаваныя відэакамерамі.
Адміністрацыйны пераслед грамадска-палітычных актывістаў, адвольныя затрыманні
1 снежня ў судзе Чыгуначнага раёна Віцебска адбыліся працэсы над удзельнікамі фотасесіі на фоне графіці -- каардынатарам аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Таццянай Севярынец і журналістам Кастусём Мардзвінцавым. У міліцыі фотасесію кваліфікавалі як "несанкцыянаванае пікетаванне" (арт. 23.34 КаАП). Суддзя Алена Цыганкова вырашыла праводзіць працэсы ў закрытым рэжыме – у сваім уласным кабінеце, і толькі пасля ўмяшальніцтва старшыні суда ўпусціла ў кабінет 5 чалавек – роўна столькі, колькі колькі было вольных крэслаў. А. Цыганкова не задаволіла хадайніцтвы Кастуся Мардзвінцава, каб працэс праводзіўся на беларускай мове або каб быў запрошаны перакладчык. Адвод суддзі таксама не быў задаволены – а гэтага патрабавалі і Кастусь Мардзвінцаў, і Таццяна Севярынец, убачыўшы яўна негатыўнае стаўленне Алены Цыганковай да ўсіх прысутных. Суд цалкам падтрымаў меркаванне міліцыі, і ў выніку Таццяна Севярынец была аштрафавана на 25 базавых велічынь, Кастусь Мардзвінцаў – на 20 базавых велічынь. У канцы снежня за ўдзел у фотасесіі ўжо былі аштрафаваны журналістты Алена Сцяпанава і Зміцер Казакевіч (па 20 базавых велічыняў) і актывістка аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Алена Шабуня (18 базавых велічынь).
3 снежня суд Чыгуначнага раёна Віцебска асудзіў выпадковага мінака Пятра Бярлінава, які далучыўся да ўдзельнікамі фотасесіі на фоне графіці, да трох сутак арышту. Гэтыя трое сутак, якія ў якасці пакарання за “ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве” Пятру Бярлінаву вынесла суддзя Алена Цыганкова, ён ўжо адбыў: з моманту затрымання 28 лістапада да 13 гадзін 1 снежня. Яго затрымалі на вуліцы, завезлі ў РАУС Чыгуначнага раёна, склалі пратакол за нібыта адміністрацыйнае правапарушэнне. Паводле Пятра Бярлінава, ён хацеў бліжэй пазнаёміцца з удзельнікамі фотасесіі, бо сярод іх заўважыў журналістаў. А ў яго ёсць праблема, да якой бы ён хацеў прыцягнуць увагу. Некалькі гадоў таму ў яго забралі зямельны ўчастак разам з пабудовамі, узамен далі трохпакаёвую кватэру, але ён лічыць, што гэта не раўнацэнная кампенсацыя страчанай маёмасці. У новую кватэру ён не перасяляецца з прынцыповых меркаванняў.
12 снежня ў судзе Чыгуначнага раёна Віцебска пачаўся разгляд справы праваабаронцы Паўла Левінава па абвінавачанні ва ўдзеле ў несанкцыянаванным масавым мерыпрыемстве – фотасесіі на фоне графіці. Вяла паседжанне суддзя Алена Цыганкова. Павел Левінаў спрабаваў давесці, што фотасесія – гэта не пікетаванне, што фатаграфавацца нікому не забаронена і нават папрасіў дадаць да матэрыялаў справы фотаздымкі з уласнага архіву, зробленыя ў розных абставінах. Таксама Павел Левінаў прасіў далучыць да справы фотаздымкі з акцыі, якую замежныя журналісты правялі ў Брусэлі дзеля падтрымкі віцебскіх калег -яны таксама сфатаграфаваліся з папяровымі кветкамі і птушкамі, зробленымі з газеты. А яшчэ трымалі ў руках шыльдачкі з надпісам "Хіба гэта злачынства?" Але суддзя вырашыла, што гэтыя матэрыялы да справы дачынення не маюць. Маёр міліцыі Аляксандр Рыбакоў, складальнік пратаколаў на ўдзельнікаў фотасесіі, падтрымаў яе рашэнне. Праваабаронца некалькі разоў абвяшчаў адвод суддзі Алены Цыганковай і нават напісаў скаргу на імя старшыні суда з просьбай "вярнуць суддзю ў прававое поле". Але спадарыня Цыганкова на адводы не пагадзілася. Двойчы Павел Левінаў хадайнічаў, каб матэрыялы справы вярнулі ў РАУС Чыгуначнага раёна на дапрацоўку, бо маёр міліцыі Аляксандр Рыбакоў парушыў заканадаўства. У прыватнасці, ён склаў пратакол правапарушэння ў адсутнасць Паўла Левінава – у той час, калі праваабаронца быў у ад'ездзе і папярэджваў пра гэта міліцыянта. Суддзя прыняла хадайніцтва наконт удзелу ў парацэсе адваката, з якім Павел Левінаў заключыў дамову, у сувязі з чым працэс быў перанесены. 17 снежня Павел Левінаў быў прызнаны вінаватым ва «ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаванні» і аштрафаваны на 25 базавых велічынь.
3 снежня ў судзе Мінскага раёна пачаўся разгляд адміністрацыйнай справы намесніка старшыні КХП-БНФ Юрася Беленькага па абвінавачанні ў парушэнні парадку правядзення масавага мерапрыемства – мітынгу ў Курапатах 2 лістапада. Паколькі ў суд не з’явіліся сведкі з боку міліцыі, якія займаліся аховаю правапарадку падчас правядзення мітынгу, суд быў перанесены. Рашэнне па справе не было вынесена і 17 снежня. У гэты дзень стала вядома, што ў сувязі з хваробай памяняўся суддзя. Судовы працэс пачаў суддзя Ігар Іглікаў, але перанёс яго на пазнейшы тэрмін. 24 снежня Юрась Беленькі быў прызнаны вінаватым і асуджаны да штрафу ў памеры 25 базавых велічынь. Гэта была трэцяя адміністрацыйная справа, заведзеная на Юрася Беленькага за арганізацыю дазволеных уладамі мітынгу і шэсця ў Курапаты і Лошыцкі Яр 2 і 9 лістапада адпаведна.
4 снежня Віталь Гуляк -- яшчэ адзін прысутны на Дні памяці паўстанцаў 1863 года, што адбываўся 26 кастрычніка ў Свіслачы і Якушоўцы, быў аштрафаваны па абвінавачанні ва “ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве”. Абвінавачванне базавалася на складзеным у Свіслацкім РАУСе пратаколе пра адміністрацыйнае правапарушэнне. Віталь Гуляк у той дзень не трымаў ніякай сімволікі, ні выкрыкваў лозунгаў, не выступаў, ніякім чынам не парушаў грамадскага парадку, але фактычна за саму прысутнасць на Дні памяці ў Свіслачы суддзя Ваўкавыскага раённага суду Юрый Якімовіч пакараў яго штрафам у памеры 20 базавых велічынь.
4 снежня ў судзе Кобрынскага раёна пачаўся разгляд адміністрацыйнай справы Алеся Меха па абвінавачанні ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве -- ушанаванні памяці паўстанцаў 1963 года ў Свіслачы. Намеснік старшыні суда Кобрынскага раёна Пятро Цімашэнка, які вёў судовы працэс, задаволіў хадайніцтва Алеся Меха пра выклік свіслацкіх сведкаў-міліцыянтаў на судовы працэс. Пратакол правапарушэння яны складалі завочна, і ў ім прысутнічаюць фактычныя памылкі. Па словах Алеся Меха, сведкаў-міліцыянтаў ён не ведае, і прозвішчы іх упершыню даведаўся ў Кобрынскім РАУС падчас азнаямлення з матэрыяламі справы. У дадзеных імі тлумачэннях напісана, што яны пазналі старых сябраў Партыі БНФ, хаця ні сам Алесь, ні тым больш ягоны 17-гадовы сын Антон (на яго таксама складзены пратакол правапарушэння), не з’яўляюцца сябрамі партыі. 11 снежня Пётр Цімашэнка прызнаў Алеся Меха вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрымстве і аштрафаваў на 10 базавых велічынь.
8 снежня Свіслацкі раённы суд аштрафаваў сябра АГП Уладзіміра Пруднікава на 10 базавых велічынь па абвінавачанні ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ў Свіслачы 26 кастрычніка. Адміністрацыйны працэс вёў старшыня Свіслацкага раённага суда Аляксандр Шылін.
15 снежня сябра АГП Канстанцін Дзмітрыеў з Азёраў быў аштрафаваны за ўдзел у Дні памяці ў Свіслачы. Свіслацкі раённы суд настаяў на яго прысутнасці ў час разгляду адміністрацыйнага пратакола – актывіст быў вымушаны ехаць з Мінску, дзе працуе, у раённы цэнтр Свіслач. У выніку разгляду адміністрацыйнай справы яго аштрафавалі на 10 базавых велічынь.
16 снежня ў Свіслачы старшыня мясцовага раённага суду Аляксандр Шылін аштрафаваў Аляксандру Васілевіч, старшыню Гродзенскай абласной арганізацыі партыі АГП на 25 базавых велічынь.
23 снежня суд Шклоўскага раёна пакараў штрафам у памеры 25 базавых велічынь намесніка старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва за ўдзел у адзначэнні Дня памяці паўстанцаў Кастуся Каліноўскага. Разглядала справу суддзя Свялана Баранцэва. Рыгор Кастусёў у сваім выступе адзначыў, што не прызнае сваёй віны ў здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння. Удзел у пахаванні грамадскага актывіста Віктара Дзясяціка, ускладанне кветак да помнікаў і запальванне свечак каля іх, ушанаванне памяці герояў-паўстанцаў не можа быць правапарушэннем. Рыгор Кастусёў стаў дванаццатым чалавекам, аштрафаваным за прысутнасць у Свіслачы і Якушоўцы на ўшанаванні памяці паўстанцаў 1863 года, а таксама на пахаванні мясцовага актывіста Віктара Дзясяціка.
5 снежня сябра аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя» Андрэя Гайдукова выпусцілі пасля 10-сутачнага арышту. Пасля гэтага яго завезлі ў суд Наваполацка, дзе за раздачу ўлётак асудзілі асудзілі яшчэ на 5 сутак, прызнаўшы вінаватым у парушэнні арт. 23.34 КаАП (парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства). Маці бачыла актывіста толькі 20 хвілін. Ён быў хворы: у яго кашаль, баліць горла. Андрэй Гайдукоў папярэдні арышт атрымаў 25 лістапада таксама за раздачу ўлётак пра палітвязняў Полацку.
12 снежня ў цэнтры Мінска непадалёк ад Кастрычніцкай плошчы быў затрыманы актывіст грамадскага аб’яднання “Альтэрнатыва” Аляксей Шубара. Ён стаяў у адзіночным пікеце з бел-чырвона-белым сцягам, трымаючы ў руках плакат з надпісамі “Людзі, трэба тэрмінова спыніць Пуціна” і “Не сусветнай вайне”, выказваючы такім чынам пратэст супраць палітыкі прэзідэнта Расіі і распальвання трэцяй сусветнай вайны. Выходныя да суда актывіст правёў у РУУС Цэнтральнага раёна. 15 снежня суд Цэнтральнага раёна Мінска пакараў Аляксея Шубару арыштам на сем сутак. Суддзя Наталля Вайцэховіч прызнала яго вінаватым у парушэнні арт.23.34 КаАП (парушэнне паарадку правядзення масавых мерапремстваў). Сведкамі на судзе выступілі супрацоўнікі РУУС Цэнтральнага раёна Грызенка і Корзун, якія ажыццяўлялі затрыманне.
12 снежня стала вядома, што ў Баранавічах праваахоўныя органы затрымалі актывіста Зміцера Палойку, які апошнія паўгады быў ва Украіне. Ён быў затрыманы на вакзале, як толькі выйшаў з цягніка “Харкаў-Баранавічы”. На яго быў складзены адміністрацыйны пратакол за дробнае хуліганства, і 11 снежня Баранавіцкі гарадскі суд прызнаў яго вінаватым і пакараў 10 суткамі арышту. Пастанову пра арышт вынес старшыня суда Мікалай Кміта. Падчас адбыцця арышту супрацоўнікі міліцыі выклікалі і дапытвалі ўсю радню Палойкі, забараняючы ім пакідаць Баранавічы. Пасля адбыцця арышту Зміцер Палойка паведаміў, што падставай для затрымання было тое, што ягонае прозвішча знаходзілася ў спісах батальёна «Данбас», які быў апублікаваны ў інтэрнэце. Актывіст не прызнаваў сваёй датычнасці да «Данбаса». Па ягоных словах, амаль кожны дзень у ІЧУ да яго прыходзілі гутарыць супрацоўнікі КДБ, у тым ліку -- намеснік старшыні Баранавіцкага аддзялення КДБ, а таксама супрацоўнікі крымінальнага вышуку. Супрацоўнікі спецслужб пыталіся ў яго пра беларусаў, якія знаходзяцца ва Украіне.
18 снежня ў Бабруйскім судзе прайшло пасяджэнне па справе звольненых з завода ТДіА сябраў Свабоднага прафсаюза Беларускага Аляксандра Варанкіна, Мікалая Жыбуля, Аляксандра Грамыкі і Алега Шаўчэнкі, абвінавачаных ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерыпрыемстве – праведзенай імі галадоўцы. Справу разглядала суддзя Наталля Шэгеда. На пасяджэнне ў якасці сведак выклікалі супрацоўніка міліцыі, які ў дзень галадоўкі дзяжурыў у будынку гарвыканкаму, ахоўніка і намесніка начальніка аховы з завода ТДіА. У сведак суддзя запыталася, ці бачылі яны абвінавачаных у дні галадоўкі на прахадной завода і ў гарвыканкаме, і яны гэта падцвердзілі. Адзначылі, што ў галадоўнікаў не было ніякіх плакатаў, яны не выкрыквалі лозунгі. Віну Аляксандр Варанкін, Мікалай Жыбуль, Аляксандр Грамыка і Алег Шаўчэнка не прызналі. Адзінае, з чым яны пагадзіліся - што не бралі ў гарвыканкаме дазвол на правядзенне галадоўкі. Яны патлумачылі суддзі, што гэта быў іх жэст адчаю пасля звальнення. Суддзя азнаёмілася з асабістымі справамі "свабодаўцаў" і ўбачыла, што ніхто з іх дагэтуль не прыцягваўся да адказнасці. Але Наталля Шэгеда адзначыла, што галадоўка атрымала шырокі грамадскі розгалас, і таму аштрафавала кожнага на 7 базавых велічынь.
20 снежня ў судзе Маскоўскага раёна Мінска адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы рэжысёра Вольгі Мікалайчык, якую абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Вольга была затрымана ўвечары 19 снежня каля Чырвонага касцёлу, дзе ладзілася акцыя памяці падзей 19 снежня 2010 года, якую здымала Вольга Мікалайчык. Падчас акцыі актывістка Ніна Багінская разгарнула бел-чырвона-белы сцяг. Калі амапаўцы сталі затрымліваць Багінскую, Вольга заступілася за яе, у выніку – Багінскую адпусцілі, а Вольгу затрымалі. Вольга Мікалайчык была дастаўлена ў РУУС Маскоўскага раёна, дзен яе быў складзены пратакол правапарушэння. Адміністрацыйную справу разглядала суддзя Таццяна Мотыль. Прызначаны на 10 гадзін раніцы працэс давялося перанесці, паколькі згубіўся пратакол правапарушэння. Супрацоўнікам міліцыі прыйшлося складаць новы, са шматлікімі нестыкоўкамі, на якія падчас разгляду справы ў 17 гадзін звярнуў увагу адвакат: "публічна выказвала грамадска-палітычныя асабістыя інтарэсы шляхам размахвання бел-чырвоным сцягам без адпаведнага дазволу Мінгарвыканкама, чым парушыла ўсталяваны парадак арганізацыі і правядзення пікетавання". Сведкі з боку міліцыі так і не з’явіліся ў судзе. Нягледзячы на ўсе нестыкоўкі, суддзя вынесла рашэнне пакараць Вольгу Мікалайчык на 15 базавых велічынь.
22 снежня ў судзе Светлагорскага раёна адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы ў дачыненні інваліда-вазочніка 1 групы Юрыя Ляшэнкі. Жыхар Гомеля 25 лістапада спрабаваў зладзіць пікет каля будынку райвыканкаму ў абарону правоў людзей з абмежаванымі магчымасцямі, у тым ліку ў знак пратэсту супраць невыканання правоў інвалідаў пры капітальным рамонце з элементамі мадэрнізацыі жылога двухпавярховага дома па вуліцы Леніна. Райвыканкам забараніў праводзіць масавае мерапрыемства. Правядзенню акцыі інваліду перашкодзіла «хуткая дапамога», якая забрала яго ў шпіталь. Юрыя Ляшэнку абвінавацілі ў парушэнні арт. 23.34 КаАП (парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства). Суддзя Ірына Алісейка пакарала грамадскага актывіста штрафам у памеры 2 базавыя велічыні. Асноўныя прэтэнзіі на судзе тычыліся таго, што пікет Ю. Ляшэнка праводзіў на адлегласці бліжэй чым 50 метраў да будынка выканкама.
23 снежня Аляксандар Ахмач быў аштрафаваны на 10 базавых велічынь за фатаграфаванне з плакатам «Russianarmygo home» у Брэсцкай крэпасці, якое адбылося 8 верасня. Суддзя суда Ленінскага раёна Брэста Святаслаў Каліна палічыў фатаграфаванне правядзеннем масавага мерапрыемства. Пра гэтым актывіст даведаўся з ліста з суда, на апошняе паседжанне якога ён не пайшоў, даслаўшы хадайніцтва разглядаць справу ў яго адсутнасць. Таксама, у сваім хадайніцтве Аляксандар Ахмач прасіў суд спыніць супраць яго адміністрацыйны працэс, бо сышоў тэрмін даўніны па ягонай справе. Аднак, апошнюю заўвагу суд да ўвагі не прыняў і прызнаў актывіста вінаватым. У судовай пастанове ўказвалася, што Ахмач «у судзе сваю віну не прызнаў і патлумачыў, што ўчыніў дадзеныя дзеянні таму, што хацеў выказаць сваю нязгоду з прысутнасцю вайсковых злучэнняў Расійскай Федэрацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Дадзеныя фотаздымкі з указаным надпісам зрабіў у мемарыяльным комплексе „Брэсцкая крэпасць-герой“ на фоне вайсковых пахаваньняў і вайсковай тэхнікі, таму што выказваў сваё незадавальнеьне наяўнасцю Брэсцкай крэпасці на месцы старога гораду Берасця, які знеслі пры будаўніцтве крэпасці».
27 снежня ў судзе Першамайскага раёна Віцебска адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы віцебскага актывіста КХП БНФ Сяргея Каваленкі. Трое сутак да судовага працэсу ён утрымліваўся ў ІЧУ, трымаючы галадоўку. Актывіст быў затрыманы 24 снежня – у той дзень у Віцебску быў вывешаны бел-чырвона-белы сцяг. На судовы працэс Сяргея Каваленку прывезлі ў кайданках. Паводле першага міліцэйскага пратакола, Сяргей Каваленка быў затрыманы за дробнае хуліганства - нібыта недалёка ад уласнага дома ён спраўляў малую патрэбу. У другім пратаколе супрацоўнікі РАУС Першамайскага раёна напісалі, што ён не падпарадкаваўся іх патрабаванням – адмаўляўся ехаць для разбіральніцтва ў пастарунак. Актывіст хадайнічаў, каб яму далі час на заключэнне дамовы з мінскім адвакатам, але суддзя Андрэй Прэйс хадайніцтва не задаволіў: ён заявіў, што ў Каваленкі быў час, каб наняць адваката, пакуль ён знаходзіўся ў ізалятары часовага ўтрымання. Актывіст засведчыў, што такой магчымасці яму не далі: у першы дзень забаранілі тэлефанаваць жонцы, каб даведацца нумар адваката, а на другі сказалі, што ў ІЧУ зламаўся тэлефонны апарат. Паводле судовага рашэння, Сяргею Каваленку вынесены 10 сутак арышту: трое сутак нібыта з дробнае хуліганства, і яшчэ сем – нібыта за непадпарадкаванне міліцыі.
28 снежня на памежным пераходзе «Гудагай» для правядзення асабістага мытнага дагляду памежнікі знялі з цягніка намесніка старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіля Палякова, які вяртаўся з Вільні ў Мінск. Падчас пільнага дагляду ён быў вымушаны здымаць вопратку і нават абутак. Натуральна, што цягнік не чакаў, пакуль скончацца «разборкі» на мяжы. Пасля дагляду палітык быў вымушаны дабірацца да Мінску самастойна, чакаючы амаль тры гадзіны мясцовага дызель-цягніка. Памежнікі і мытнікі нават не хавалі тое, што асабістыя дадзеныя палітыка знаходзяцца ў іх нейкай спісачнай базе дадзеных. Па дазвол на правядзенне асабістага дагляду палітыка мытнікі тэлефанавалі начальніку Ашмянскай мытні. Аналагічны выпадак адбыўся з палітыкам 4 снежня ў нацыянальным аэрапорце «Мінск», калі ён накіроўваўся ў Варшаву. Тады памежнікі для правядзення мытнага дагляду рэчаў нават вярнулі здадзены раней багаж. У выніку Васіль Палякоў ледзь не спазніўся на самалёт.
Абмежаванні свабоды слова і права на распаўсюд інфармацыі, пераслед журналістаў
2 снежня да штрафу ў памеры 40 базавых велічынь па абвінавачанні ў парушэнні арт. 22.9 ч. 2 Адміністрацыйнага кодэксу (незаконны выраб і распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі) быў асуджаны гродзенскі журналіст-фрылансер Андрэй Мялешка. Пастанову вынес суддзя Ленінскага раённага суда Юрый Казакевіч. Правапарушэннем суддзя прызнаў тое, што 16 кастрычніка Андрэй Мялешка ў абласной бібліятэцы імя Карскага на прэзентацыі гістарычных выданняў запісаў кароткі каментар аднаго з аўтараў кніжкі – прафесара Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Валерыя Чарапіцы. Пазней аўдыёфрагмент быў змешчаны на сайце “Беларускага Радыё Рацыя”. РАУС Ленінскага раёна пачаў па гэтым факце ў дачыненні Мялешкі адміністрацыйную справу. Гэта ўжо трэці штраф Андрэю Мялешку за журналісцкую дзейнасць на працягу года.
3 снежня ў кнігарню “ЛогвінаЎ” прыйшла пазапланавая фінансавая праверка падатковых служб, арганізаваная на замову Міністэрства інфармацыі. Кнігарня на час праверкі была апячатана, што з’яўляецца выключным пры падобных працэдурах. 17 снежня стала вядома, што па выніках праверкі інспекцыя Міністэрства па падатках і зборах Цэнтральнага раёна Мінска прыйшла да высновы, што ў кнігарні нібыта адбываўся продаж кніжнай прадукцыі без абавязковай рэгістрацыі ў Міністэрстве інфармацыі ў якасці кнігараспаўсюдніка. Дадзенае патрабаванне ўступіла ў сілу ў студзені 2014 года. За гэты час кнігарня восем разоў звярталася ў Міністэрства інфармацыі па рэгістрацыю, але ўвесь час атрымлівала адмовы па відавочна надуманых прычынах. У выніку праверкі інспекцыя прыйшла да высновы, што праз незаконны гандаль кнігарня нібыта атрымала амаль мільярд рублёў прыбытку, залічыўшы ў прыбытак увесь валавы аб’ём продажу. У верасні 2013 года Ігар Логвінаў бў пазбаўлены Міністэрствам інфармацыі Беларусі ліцэнзіі на выдавецкую дзейнасць за выданне альбома «Прэс-фота Беларусі 2011», які праз доўгі час пасля выхаду ў свет быў прызнаны экстрэмісцкім. Увесь час існавання кнігарня “Логвінаў” з’яўлялася не толькі месцам продажу кніг і часопісаў, але важным цэнтрам беларускай культуры і грамадскай пляцоўкай, месцам сустрэчы чытачоў і літаратараў. 29 снежня стала вядома, што суд над кнігарняй прызначаны на 5 студзеня 2015 года.
4 снежня ў беларускіх незалежных медыях з’явілася інфармацыя аб затрыманні журналіста газеты «Белорусы и рынок» Аляксандра Алесіна. У КДБ не пацвердзілі і не абверглі звестак пра затрыманне. 5 снежня Праваабарончы цэнтр "Вясна" і ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” заклікалі КДБ Рэспублікі Беларусь праінфармаваць грамадскасць пра прычыну і месца ўтрымання пад вартай Аляксандра Алесіна, а таксама пра сутнасць прад'яўленага яму абвінавачання. “Мяркуем, што інфармацыя пра затрыманне, змяшчэнне пад варту асобы, сутнасць падазрэнняў і абвінавачванняў, працэсуальны статус, месца ўтрымання і іншыя аспекты, якія не маюць дачынення да дэталяў крымінальнага пераследу, не можа парушыць таямніцу следства, якая ахоўваецца па закону, і не паставіць пад пагрозу інтарэсы дзяржаўнай бяспекі, аховы грамадскага парадку”, – указвалася ў заяве. 8 снежня стала вядома ад родных Аляксандра Алесіна, што Камітэт дзяржаўнай бяспекі выставіў журналісту абвінавачанне ў здрадзе дзяржаве і выдачы дзяржаўнай таямніцы замежнай дзяржаве, замежнай арганізацыі ці прадстаўніку, альбо шпіянажы. Яны адзначылі, што разам з Алесіным абвінавачваецца дыпламат адной з краін, Аляксандар Алесін не з’яўляецца асноўным фігурантам справы. 10 снежня Аляксандар Алесін быў вызвалены з СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыездзе. Журналіст заявіў, што лічыць сябе ні ў чым не вінаватым і перакананы, што яго падставілі людзі, з якімі ён супрацоўнічаў. Ён падкрэсліў, што браў інфармацыю з адкрытых крыніц Спадар Алесін паведаміў, што з яго знята абвінавачанне ў здрадзе дзяржаве, засталося абвінавачанне ў супрацоўніцтве з замежнымі спецслужбамі (арт. 356.1 КК РБ -- замах на ўстанаўленне супрацоўніцтва са спецыяльнай службай, органам бяспекі або разведвальным органам замежнай дзяржавы). Аляксандар Алесін не абверг і не пацвердзіў, што яго затрымалі пасля сустрэчы з заходнім дыпламатам, паколькі ён даў падпіску аб неразгалошванні матэрыялаў следства. Выявілася, што Аляксандар Алесін быў затрыманы яшчэ 26 ці 27 лістапада.
4 снежня міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч заявіў, што наспела вострая неабходнасць карэкціроўкі заканадаўства, звязанага з інтэрнэт-дзейнасцю. У прыватнасці, на яго думку, патрабуецца забарона доступу ўсіх інтэрнэт-карыстальнікаў да сайтаў, уключаных у спіс абмежаванага доступу. Гэтая ініцыятыва МУС была агучана на нарадзе ў Мінск па пытаннях супрацьдзеяння незаконнаму абароту наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў. Вядома, што ў спіс абмежаванага доступу ўнесены таксама і некаторыя незалежныя сайты, сярод якіх - charter97.org, belaruspartisan.org, spring96.org, блог Яўгена Ліпковіча ў livejournal ды іншыя грамадска- палітычныя сайты. Праваабаронцы, вітаючы захады ўладаў па ўзмацненні барацьбы з наркагандлем у Беларусі, пры гэтым выказалі нязгоду з тым, што пад гэтаю маркай дзяржава спрабуе зачысціць і без таго абмежаваную незалежную інфармацыйную прастору.
6 лютага ў Мінску пры выкананні прафесійных абавязкаў быў затрыманы фатограф-фрылансер, сябра ГА «БАЖ» Уладзімір Грыдзін. Яго затрымалі разам з грамадскімі актывістамі, дырэктарам “Арт-сядзібы” Паўлам Белавусам і журналістам Франкам Вячоркам, калі тыя раздавалі мінакам каля Камароўскага рынка стужкі з беларускім арнаментам. Уладзь Грыдзін фатаграфаваў працэс. Міліцыянты сказалі, што ім нехта патэлефанаваў і паведаміў пра “акцыю”. Затрыманых даставілі ў РУУС Савецкага раёна Мінска, дзе ўзялі з іх тлумачэнні і адпусцілі без складання пратаколаў.
8 снежня суддзя суда Крычаўскага раёна Алена Азаранка вынесла рашэнне спагнаць з журналістаў газеты “Вольны горад” - яе выдаўца Уладзіміра Кудраўцава, рэдактара Сяргея Няроўнага і журналіста Мікалая Гердзія кампенсацыю за нанесеныя начальніку аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Крычаўскага райвыканкама Марыне Максімавай маральныя страты ў памеры 7 000 000 рублёў, аплачаную ёй дзяржпошліну і выдаткаў, звязаных з удзелам яе прадстаўніка ў судзе. Журналісты “Вольнага горада” упэўненыя, што змешчаная ў “Вольным горадзе” інфармацыя ніякім чынам не можа ганьбіць гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю Марыны Максімавай, бо яна цалкам адпавядае сапраўднасці. У публікацыі “Не ў сваім крэсле?” няма ніякай абразы для Марыны Максімавай як для асобы. Прыказка ў артыкуле была дадзена, каб паказаць, што чалавек не разбіраецца ў сваёй працы. Аддзел ідэалогіі райвыканкама і мясцовая раёнка “Крычаўскае жыццё” не надавалі практычна ніякай увагі наступствам абвалу будынку актавай залыі сталовай мясцовай гімназіі, хаця гэта тэма рэгулярна асвятлялася АНТ, БТ, Белта, “Советской Белоруссией” і іншымі дзяржаўнымі выданнямі.
11 снежня суд Слонімскага раёна (суддзя Андрэй Ліхач) прызнаў журналіста, сябра ГА "БАЖ" Алеся Залеўскага вінаватым у "незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ" (арт.22.9 ч.2 КаАП) і аштрафаваў на 40 базавых велічынь. Алесь Залеўскі з'яўляецца штатным журналістам «Белсату», аўтарам і вядоўцам праграмаў «Людскія справы» і «Рэпартаж Залеўскага». У гэтым горадзе журналіст здымаў у Слоніме рэпартаж пра злоўжыванне і карупцыю ў сферы ЖКГ. Неўзабаве працай журналіста зацікавілася міліцыя, якая 4 снежня паведаміла яму дату судовага працэсу. Алесь Залеўскі звязаў такія дзеянні міліцыі з рэзанансам, які выклікаў яго рэпартаж. Сведкам у судзе выступаў суразмоўца Алеся Залеўскага, кіраўнік слонімскага ЖКГ Мікалай Сыантовіч. Ён пацвердзіў, што Залеўскі з ім гутарыў, але не казаў, для якога тэлебачання здымае сюжэт. Гэта ўжо другая адміністрацыйная справа ў дачыненні да Залеўскага цягам бягучага года. 16 снежня Алесь Залеўскі атрымаў папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння заканадаўства аб СМІ за подпісам намеснікам пракурора Мінска Казіміра Кежуна. Падставай для папярэджання стала праца журналіста падчас разгляду справы аб высылцы з Беларусі вядомай праваабаронцы Алены Танкачовай. Па інфармацыі, сабранай пракуратурай, у гэты дзень Алесь Залеўскі рабіў відэасюжэт ў інтарэсах тэлеканала “Белсат”, чым парушыў беларускае заканадаўства. Сам журналіст лічыць, што беларускія ўлады самі паставілі незалежных журналістаў у нелегальнае становішча, паколькі шмат разоў тэлеканал “Белсат” спрабаваў атрымаць афіцыйную акрэдытацыю ў Беларусі, але Міністэрства замежных спраў кожны год адмаўляла ў гэтым.
15 снежня гродзенскі журналіст-фрылансер Віктар Парфёненка пасля сёмай адмовы ў акрэдытацыі МЗС у якасці журналіста “Беларускага Радыё Рацыя” падаў скаргу ў суд Ленінскага раёна Гродна, каб дамагчыся акрэдытацыі праз суд. Журналіст некалькі разоў пісаў скаргі і ў само міністэрства, і ва ўрад Беларусі, даводзячы, што яго пазбаўляюць права на прафесію.
17 снежня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у двух чытаннях прынялі папраўкі ў Закон “Аб сродках масавай інфармацыі». Іх прадставіла міністар інфармацыі Лілія Ананіч. Згодна з папраўкамі, дзеянне Закона “Аб СМІ” распаўсюджвацца і на Інтэрнэт-рэсурсы, але дзяржаўная рэгістрацыя іх не прадугледжваецца. Міністэрства інфармацыі атрымала магчымасць абмяжоўваць доступ да сайтаў, якія на працягу года атрымалі два і больш пісьмовыя папярэджанні за распаўсюд інфармацыі, якая парушае нормы заканадаўства. Абавязак не дапускаць распаўсюду інфармацыі, змест якой супярэчыць закону, ускладаецца на ўладальніка інфармацыйнага рэсурсу. Абвяржэнне інфармацыі, распаўсюджанай у Інтэрнэце, мусіць адбывацца на тым самым інфармацыйным рэсурсе не пазней, чым у дзень, які надыходзіць за днём патрабавання аб абвяржэнні. Інфармацыя, якая абвяргаецца, мусіць быць выдаленая з рэсурсу.Таксама папраўкі прадугледжваюць абмежаванні долі замежнага капіталу ў фондзе СМІ — з 30 працэнтаў да 20. Уводзіцца дзяржаўны рэестар распаўсюднікаў СМІ. Па словах Ліліі Ананіч, «змены ў сферы Інтэрнэту стануць дзейсным інструментам рэалізацыі дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі». Абноўлены закон уступае ў дзеянне з 1 студзеня 2015 года. Між тым, яшчэ ў кастрычніку 2014 г. Камісія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі пісала ГА “БАЖ”, што “ў цяперашні час унясенне карэкціровак у акты заканадаўства Беларусі ў сферы свабоды выказвання меркавання не патрабуецца”. Пры гэттым міністр інфармацыі Лілія Ананіч сярод тых, хто браў удзел у распрацоўцы законапраекта, назвала Мінінфармацыі, Беларускі саюз журналістаў і Саюз выдаўцоў і распаўсюднікаў друку. 18 снежня Савет Рэспублікі ўхваліў праект закона "Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь “Аб сродках масавай інфармацыі”. 20 снежня папраўкі з закон былі падпісаны кіраўніком дзяржавы А. Лукашэнкам.
17 снежня ў судзе Бярозаўскага раёна адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы незалежнай журналісткі Тамары Шчапёткінай па абвінавачанні ў незаконным вырабе прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі (арт.22.9 ч.2 КаАП). Згодна з пратаколам, складзеным намеснікам начальніка аддзела аховы правапарадку Бярозаўскага РАУС капітанам міліцыі Мікалаем Пракуратам, гэта выявілася ў тым, што журналістка, не маючы акрэдытацыі, узяла інтэрв’ю ў загадчыка аптэкі № 18 Алега Казюпы, якое было размешчана на сайце “Беларускага Радыё Рацыя”. Суддзя Наталля Вакульчык прызнала Тамару Шчапёткіну вінаватай і вынесла рашэнне аб спагнанні штрафу памерам 30 базавых велічынь.
18 снежня сябру ГА “БАЖ” Алесю Ляўчуку патэлефанаваў супрацоўнік міліцыі, які прадставіўся ўчастковым Ленінскага РАУС г. Брэста Андрэем Кажэнкам. Супрацоўнік міліцыі зазначыў, што хоча апытаць журналіста датычна інтэрв'ю, якое ён браў 24 лістапада ў цэнтры горада. Ён таксама распавёў, што супраць Алеся Ляўчука адкрыты адміністрацыйны працэс, але пратакол нібыта “гуляў” па розных РАУС ужо тыдзень і толькі цяпер дабраўся да ўчастковага. 24 снежня суд Ленінскага раёна Брэста аштрафаваў Алеся Леўчука на 40 базавых велічынь па абвінавачанні ў незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ (ч. 2 арт. 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях). Ляўчук адзначыў, што калі азнаёміўся з матэрыяламі справы, там было напісана: КДБ устаноўлена, што ён працуе на тэлеканал “Белсат”. На судзе быў разгледжаны адказ з Міністэрства замежных спраў, у якім было сказана, што ў Леўчука няма акрэдытацыі ў якасці замежнага журналіста. Сам журналіст паказаў у судзе пісьмовае пацвярджэнне, што ён з'яўляецца пазаштатным карэспандэнтам БелаПАН, а таксама рэдакцыйнае пасведчанне, аднак “гэта нават не разглядалася”.
18 снежня ў судзе Горацкага раёна пасля доўгага перапынку працягнуўся разгляд справы па пазову старшыні Горацкай раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў Тамары Калтуновай да ЗАТ “БелаПАН” і прыватнага гандлёва-вытворчага ўнітарнага прадпрыемства "УзГорак", якое выдае газету пад такой жа назвай. Суддзя Віктар Яскевіч прыняў рашэнне спагнаць з прыватнага гандлёва-вытворчага ўнітарнага прадпрыемства "УзГорак", ЗАТ “БелаПАН” і журналіста Уладзіміра Лапцэвіча ў салідарным парадку 6 000 000 рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды старшыні Горацкай раённай арганізацыі БелТІ Тамары Калтуновай. Суд таксама абавязаў адказчыкаў аплаціць судовыя выдаткі, якія панесла Тамара Калтунова, у памеры 780 000 рублёў.
Пачынаючы з 19 снежня некалькі інфармацыйных інтэрнэт-рэсурсаў у Рэспубліцы Беларусь падвергліся блакіроўцы. У прыватнасці, без тлумачэння прычын быў абмежаваны доступ карыстальнікаў да сайтаў belapan.com і belapan.by, naviny.by,belaruspartisan.org, charter97.org, udf.by, 21.by, gazetaby.com, zautra.by. 21 снежня ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” выступіла з заявай, у якой адзначыла, што лічыц блакаванне шэрагу грамадска-палітычных сайтаў, за якое ніхто дагэтуль не ўзяў на сябе адказнасць, – гэта прававое бязмежжа. Няма ніякіх юрыдычных падстаў абмяжоўваць доступ грамадзян Беларусі да інфармацыі пра падзеі ў краіне.”Такія захады напярэдадні чарговай прэзідэнцкай кампаніі фактычна пазбаўляюць яе сэнсу, бо ў краіне дэ-факта ўведзена надзвычайнае інфармацыйнае становішча. Натуральна, што яны таксама абсалютна супярэчаць міжнародным абавязальніцтвам Беларусі ў галіне свабоды медыя і прадэклараваным намерам кіраўніцтва краіны палепшыць адносіны з Захадам. Відавочна, што атакі на незалежныя СМІ выклікаюць яшчэ большы недавер у грамадзян Беларусі да звестак, якія агучваюць афіцыйныя крыніцы. Гэта, у сваю чаргу, здольна толькі пагоршыць сітуацыю, у тым ліку эканамічную. Адсутнасць альтэрнатыўнай, прафесійна падрыхтаванай інфармацыі будзе спрыяць распаўсюду самых неверагодных чутак адносна рэальнага становішча спраў у краіне”, -- адзначалася ў заяве. ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” запатрабавала ад Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, а таксама ад ўсіх магчымых задзейнічаных у незаконным блакаванні суб’ектаў: “тэрмінова зрабіць усе магчымыя захады дзеля аднаўлення доступу да пералічаных сайтаў; правесці праверку незаконнага абмежавання на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь доступу да ўказаных вышэй сайтаў; вызначыць асобаў, вінаватых у парушэнні заканадаўства Рэспублікі Беларусь, і прыцягнуць іх да адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь”.
20 снежня па патрабаванні Мінгандлю дамен onliner.by быў выключаны з рэестра нацыянальнай даменнай зоны. “У сувязі з выяўленымі Міністэрствам гандлю Рэспублікі Беларусь парушэннямі уладальнікам інтэрнэт-рэсурсу onliner.by заканадаўства аб гандлі, у тым ліку рэгулюе парадак рэалізацыі тавараў (работ, паслуг) з выкарыстаннем сеткі Інтэрнэт, і непрыняцці ў раней устаноўленыя тэрміны мер па іх ліквідацыі, 20 снежня 2014 прынята рашэнне аб выключэнні адпаведнага даменнага імя з рэестра нацыянальнай даменнай зоны", - сказана ў паведамленні Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце Беларусі. Днём раней Міністэрства гандлю Беларусі паведаміла, што будзе закрываць інтэрнэт-крамы за ўказанне коштаў ва ўмоўных адзінках. Прэтэнзіі ў Мінгандлю да партала былі і раней. Так, у лістападзе па выніках праверкі ўладальнікаў некалькіх інтэрнэт-крам на гандлёвай пляцоўцы прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці. Onliner.by з'яўляўся найбуйнейшай гандлёвай пляцоўкай Беларусі. Там размяшчаюцца крамы фірм і прадпрымальнікаў, якія гандлююць гаджэтамі і бытавой тэхнікай. Партал ўваходзіць у пяцёрку самых папулярных сайтаў у інтэрнэце сярод беларусаў.
22 снежня афіцыйныя лісты за подпісам старшыні ГА "БАЖ" Жанны Літвіной былі накіраваны афіцыйныя звароты ў Генеральную пракуратуру РБ, Упраўленне МУС па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій (упраўленне “К”) і Аператыўна-аналітычны цэнтр пры Прэзідэнце. Журналісцкая арганізацыя запатрабавала разблакаваць сайты, высветліць і пакараць вінаватых у парушэнні шэрагу артыкулаў Канстытуцыі, Крымінальнага і Адміністрацыйнага кодэксаў. У звароце былі пералічаны сайты, якія блакаванню ў апошнія дні 2014 года: belapan.com, belapan.by, naviny.by, belaruspartisan.org, udf.by, 21.by, gazetaby.com, zautra.by, charter97.org. “Дзеючае заканадаўства РБ не дапускае абмежавання доступу да інтэрнэт-рэсурсаў для ўсіх інтэрнэт-карыстальнікаў Беларусі. Такое абмежаванне парушае правы і законныя інтарэсы як уладальнікаў гэтых інфармацыйных рэсурсаў, так і права грамадзян РБ на атрыманне і распаўсюд інфармацыі, гарантаванае арт.арт. 33,34 Канстытуцыі РБ”, – сказана ў лісце. ГА “БАЖ” звярнула ўвагу, што ўладальнікам інфармацыйных рэсурсаў belapan.com, belapan.by і naviny.by з’яўляецца ЗАТ «БелаПАН», зарэгістраванае ў РБ ў якасці інфармацыйнага агенцтва. Ніякіх папярэджанняў пра парушэнне заканадаўства яно не атрымлівала. “Абмежаванне доступу да сайтаў інфармацыйнага агенцтва парушае, акрамя права на распаўсюд інфармацыі, і камерцыйныя інтарэсы ЗАТ “БелаПАН”, а таксама яго падпісчыкаў (падпіска на інфармацыйныя, аналітычныя і мультымедыйныя матэрыялы БелаПАН ажыццяўляецца на платнай аснове). Арганізацыя нагадала, што, паводле арт. 7 закона “Аб СМІ”, незаконнае абмежаванне свабоды СМІ цягне за сабой адказнасць паводле арт. 22.9 КаАП ("Парушэнне заканадаўства аб СМІ") і арт. 198 КК РБ ("Стварэнне перашкодаў законнай прафесійнай дзейнасці журналіста"). “Акрамя таго, у дзеяннях асоб па незаконным абмежаванні доступу да сайтаў на тэрыторыі Беларусі можна ўгледзець прыкметы складаў злачынстваў, прадугледжаных главой 31 КК (“Злачынствы супраць інфармацыйнай бяспекі”) і арт. 232 КК (“Стварэнне перашкодаў законнай прадпрымальніцкай дзейнасці”). У сувязі з гэтым арганізацыя заклікала вызначаныя ведамствы тэрмінова ліквідаваць парушэнне правоў і законных інтарэсаў грамадзян і арганізацый, пацярпелых ад абмежавання доступу да сайтаў, правесці праверку іх незаконнага блакавання, высветліць асобаў, вінаватых у парушэнні заканадаўства, і прыцягнуць іх да вызначанай законам адказнасці.
22 снежня ў сваім звароце да беларускіх уладаў прадстаўнік Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) па пытаннях свабоды СМІ Дуня Міятавіч заявіла, што папраўкі ў закон аб СМІ і блакаванне незалежных сайтаў павінны быць адменены. Паводле яе слоў, папраўкі ў заканадаўства, якія робяць больш жорсткімі дзяржаўны кантроль над інтэрнэтам у Беларусі, уяўляюць сабой сур'ёзную пагрозу для свабоды слова і свабоды СМІ. “Гэтыя папраўкі заснаваны на няпэўна сфармуляваных прававых палажэннях і даюць дзяржаве шырокія правы для ўмяшання ў размяшчэнне любой інфармацыі ў інтэрнэце, - сказана ў звароце. - Яны таксама прымушаюць распаўсюднікаў інфармацыі задзейнічаць самацэнзуру. Інтэрнэт павінен заставацца для грамадзян вольнай прасторай для магчымасці абмену інфармацыяй і выказвання крытычных поглядаў. Шырокае тлумачэнне гэтых новых паправак прывядзе да празмернага кантролю онлайн-кантэнту з боку ўладаў”. Прадстаўнік АБСЕ таксама асудзіла блакаванне незалежных інфармацыйных сайтаў, у тым ліку charter97.org, naviny.by, belaruspartisan.org і БелаПАН, доступ да якіх для беларусаў абцяжараны або немагчымы.
24 снежня стала вядома, што Камітэт па правах чалавека ААН разгледзеў справу актывіста Руху “За свабоду” Віталя Сымоніка і ўстанавіў нарушэнне права на распаўсюд інфармацыі (арт. 19 Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах). У ліпені 2006 года Віталь Сымонік разам з актывістам Андрэем Шарэндай раздаваў улёткі з запрашэннем на мітынг 27 ліпеня, да гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларусі. Падчас раздачы іх затрымалі, улёткі канфіскавалі, а самі актывісты былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за распаўсюд інфармацыі пра забаронены мітынг. Дадзены мітынг спачатку быў дазволены ўладамі, а потым, калі стала вядома, што будзе прысутнічаць Аляксандр Мілінкевіч, масавае мерапрыемства забаранілі. Фармальнай жа прычынай забароны мітынгу стаў распаўсюд інфармацыі пра масавае мерапрыемства да атрымання дазволу мясцовых уладаў.
24 снежня друкарня адмовілася надрукаваць наклад газеты «Свободные новости плюс», ніяк гэта не абгрунтаваўшы рэдакцыі. Пазней намеснік дырэктара прыватнай друкарні «Плутас-маркет» Ігар Вішнеўскі патлумачыў сваю адмову паломкай абсталявання. На пытанне, чаму іншыя газеты на тым жа абсталяванні ўсё ж былі надрукаваныя, ён адказаў: «Ну… рамантавалі…». «Свободные новости плюс» — адна з самых папулярных недзяржаўных грамадска-палітычных газет Беларусі. Яе наклад перавышае 31 тысяч асобнікаў.
Абмежаванне свабоды сходаў
1 снежня праваабаронца Сяргей Гоўша атрымаў з Баранавіцкага гарвыканкама адказ на свій зварот за подпісам намесніка старшыні Дз. Касцюкевіча, у якім паведамлялася, што рашэнне ад 16.06.2009 г. № 1497 “Аб парадку правядзення масавых мерапрыемстваў у г. Баранавічы ” да канца 2014 года будзе прыведзена ў адпаведнасць з Пастановай Савета Міністраў ад 05.03.2012 года. Такое даручэнне Баранавіцкаму гарвыканкаму дадзена Брэсцкім абласным выканаўчым камітэтам. Баранавіцкі гарвыканкам неабгрунтавана патрабаваў ад грамадзян заключэння дамоў з праваахоўнымі органамі пры правядзенні масавых мерапрыемстваў. Пры гэтым згодна з Пастановай Савета Міністраў, выканаўчы камітэт на другі дзень пасля рэгістрацыі заявы на правядзенне масавага мерапрыемства павінен сам давесці копію заявы ў праваахоўныя органы, што якраз у Баранавічах і не выконвалася.
4 снежня намеснік старшыні па ідэалагічнай працы Салігорскага райвыканкаму Мікалай Маскевіч не дазволіў мясцовым прадстаўнікам Беларускага Хельсінскага Камітэта правядзенне на цэнтральнай плошчы горада пікета, прымеркаванага да міжнароднага Дня правоў чалавека. Сваю адмову чыноўнік абгрунтаваў неадпаведнасцю абранага праваабаронцамі месца для правядзення масавага мерапрыемства рашэнню Салігорскага райвыканкама ад 7 кастрычніка 2004 года “Аб мерах па папярэджанні надзвычайных задрэнняў пры правядзенні масавых мерапрыемстваў”. На афіцыйным сайце выканкама дадзенае рашэнне адсутнічае, а прадставіць копію гэтага дакумента на рукі галоўны ідэолаг раёну Мікалай Маскевіч катэгарычна адмовіўся. 26 снежня пракуратура Салігорскага раёна не стала рэагаваць на скаргу мясцовага прадстаўніка Беларускага Хельсінскага Камітэта Леаніда Мархоткі на нематываваную адмову ў правядзенні пікета з боку гарадскіх чыноўнікаў і адмову прадставіць дакумент, на падставе якога пікет быў забаронены. Пракурор Салігорскага раёна Алег Адзей пакінуў без разгляду. 30 снежня Леанід Мархотка накіраваў у суд Салігорскага раёна скаргу на забарону пікета. У сваёй скарзе ў суд правабаронца адзначыў, што падставай для забароны пікетавання стала рашэнне Салігорскага райвыканкама, тэкст якога чыноўнікі з невядомых прычын адмаўляюцца рассакрэціць.
5 снежня Баранавіцкі гарвыканкам забараніў пікет да 66-х угодкаў прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, які планавалі правесці 10 снежня праваабаронцы Сяргей Гоўша і Вячаслаў Болбат. Гэта стала вядома з ліста за подпісам намесніка старшыні Баранавіцкага гарвыканкама Дз. Касцюкевіча. Арганізатары своечасова падалі заяву і прыклалі да яе пісьмовыя дамовы па абслугоўванні пікета з гарадской паліклінікай і ЖКГ, а згодна з Пастановай Савета Міністраў ад 05.03.2012г. № 207, выканаўчы камітэт на другі дзень пасля рэгістрацыі заявы на правядзенне масавага мерапрыемства павінен сам давесці копію заявы ў праваахоўныя органы. Заяўнікі выканалі ўсе патрабаванні закона і выказалі намер аспрэчваць у судзе рашэнне выканкама.
5 снежня намеснік старшыні Бярозаўскага райвыканкама Яўген Тарасюк паведаміў праваабаронцам Сяржуку Русецкаму і Тамары Шчапёткінай, што змененае рашэнне Бярозаўскага райвыканкама “Аб парадку правядзення масавых мерапрыемстваў” № 138 ад 2010 г. згодна Пастанове Саўміна № 207 ад 2012 г. не прайшло юрыдычную экспертызу ў галоўным упраўленні юстыцыі Брэсцкага аблвыканкама. Паводле адказу чыноўніка, юрыдычным сектарам упраўлення справамі і аддзелам ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі райвыканкама павінна быць распрацавана новая рэдакцыя рашэння аб унясенні зменаў у рашэнне райвыканкама. Пасля праходжання юрыдычнай экспертызы рашэнне будзе апублікавана ў СМІ. Сэнс гэтай змены заключаецца ў тым, што пасля атрымання заявы на правядзенне масавага мерапрыемства ў першыя суткі выканкам павінен звязацца з міліцый для разгляду пытанняў, звязаных з аховай грамадскага парадку падчас акцыі. Такое патрабаванне замацавана ў Пастанове Саўміна, і гэта азначае, што не заяўнікі павінны звязвацца з міліцыяй і зключаць дамову на абслугоўванне масавага мерапрыемства, а сам выканкам.
7 снежня стала вядома, што брэсцкія ўлады далі дазвол на правядзенне двухгадзіннай акцыі ў парку воінаў-інтэрнацыяналістаў да 66 гадавіны прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Адпаведны дазвол быў падпісаны намеснікам старшыні гарвыканкама Генадзем Барысюком. 10 снежня акцыя адбылася ў вызначаным месце. Галоўнай мэтай мерапрыемства сталася прыцягненне ўвагі грамадскасці да наяўнасці ў Беларусі палітычных зняволеных. Удзельнікі акцыі трымалі плакаты, на якіх былі змешчаны фотаздымкі Мікалая Статкевіча, Ігара Аліневіча, Яўгена Васьковіча, Арцёма Пракапенкі, Эдуарда Лобава і Мікалая Дзядка. У марозны дзень людзей у парку было няшмат: пераважна пенсіянеры і бацькі з малымі дзецьмі. Таксама побач з месцам правядзення пікета можна было ўбачыць супрацоўнікаў міліцыі і людзей ў цывільным, якія вельмі ўважліва сачылі за падзеяй. Напрыканцы мерапрыемства да пікетоўцаў завітаў супрацоўнік гарыканкама, які адзначыў, што палітзняволеных у Беларусі няма, а таксама зрабіў заўвагу, што падчас акцыі выкарыстоўваецца незарэгістраваная сімволіка. Аднак пасля атрымання тлумачэнняў з боку ўдзельнікаў пікета, што гэта не сімволіка, а назва грамадзянскай ініцыятывы, больш пытанняў не было і акцыя скончылася без інцыдэнтаў. Гэта было адзінае дазволенае ў Беларусі масавае мерыпрыемства да Міжнароднага дня правоў чалавека.
8 снежня заяўнікі вулічнага шэсця ў Гомелі, прымеркаванага да Дня правоў чалавека, атрымалі з гарвыканкаму адмову на правядзенне масавага мерапрыемства. Матывацыя адмовы гарадскіх уладаў стандартная: не заключаны дамовы з хуткай дапамогай і камунальнікамі, непадалёк ад прапанавага маршруту ёсць адміністрацыйныя будынкі. Заяўку на шэсце падавалі гомельскія праваабаронцы Анатоль Паплаўны і Леанід Судаленка, а таксама грамадзянская актывістка Галіна Бялова. Мэтай мірнага сходу было заяўлена прыцягненне ўвагі жыхароў горада да наяўнасці ў краіне палітычных зняволеных. У Гомелі, згодна рашэнню гарвыканкаму «Аб масавых мерапрыемствах», заяўнікам пікета,мітынгаў і шэсцяў трэба заплаціць за паслугі хуткай дапамогі і камунальных служб. Праводзіць масавыя мерапрыемствы, якія праходзяць не па ініцыятыве ўладаў, можна толькі на двух пляцоўках у аддаленых мікрараёнах. Заяўнікі пікетаў і мітынгаў сутыкаюцца з замкнёным колам: «хуткая» не згаджаецца абслугоўваць масавыя мерапрыемствы, нават пры ўмове аплаты, спасылаючыся то на недахоп карэт хуткай дапамогі, то на тое, што гарвыканкам не даў дазвол на масавае мерапрыемства (хоць выканкам можа жаць дазвол толькі пасля дамовы з «хуткай»). У Гомельскай вобласці за апошнія 10 гадоў улады не дазволілі правесці ніводнага масавага мерапрыемства, якія былі заяўлены прадстаўнікамі дэмакратычнай супольнасці. Абскарджванне такіх рашэнняў у судах не прыносіць плёну.
10 снежня ў Віцебску былі забаронены тры аднахвілінныя пікеты ў розных раёнах горада. Заяўкі ў тры раённыя адміністрацыі падаваў праваабаронца Павал Левінаў, але атрымаў ужо традыцыйныя, шаблонныя забароны. Віцебскі праваабаронца ўжо не першы раз прадэманстраваў, што віцебскія чыноўнікі, абапіраючыся ў сваіх адмовах на недасканалае рашэнне віцебскага гарвыканкаму "Аб масавых мерапрыемствах у г.Віцебску", самі ствараёць няёмкія сітуацыі. Згодна з гэтым рашэннем, да заяўкі на пікет заяўнік мусіць прыкласці дамовы на абслугоўванне акцый, заключаныя з міліцыяй, паліклінікай і службай ЖКГ, але дамовы падпісваць усе яны адмаўляюцца, і праз гэта заяўнікам забараняюць акцыі. Павел Левінаў абраў уласную тактыку змагання ў гэтай сітуацыі: сваімі заявамі на акцыі ён даводзіць сітуацыю з забаронамі да поўнага абсурду.
10 снежня віцебскі праваабаронца Павел Левінаў атрымаў адказ з адміністрацыі Чыгуначнага раёну, куды ён паведаміў, што збіраецца сфатаграфавацца з сябрамі каля будынку з графіці – малюнкам трох клетак, з якіх на волю вылятаюць птушкі. Пры гэтым падкрэсліў, што ўдзельнікі фотасесіі маюць адзіную мэту – толькі сфатаграфавацца. Аднак у адказ атрымаў ліст з забаронай: маўляў, ён не выканаў патрабаванняў рашэння гарвыканкаму "Аб масавых мерапрыемствах у г.Віцебску". Падставай для звароту ў адміністрацыю быў інцыдэнт з віцебскімі журналістамі і актывістамі, якіх аштрафавалі нібыта за правядзенне несанкцыянаванай акцыі, калі іх фотаздымкі на фоне гарадскога краявіду з'явіліся ў інтэрнэце.
15 снежня старшыня Гомельскай абласной арганізацыі беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Уладзімір Сякерка накіраваў у суд Цэнтральнага раёна Гомеля скаргу на дзеянні службовых асоб гарадской станцыі хуткай медыцынскай дапамогі і цэнтральнай гарадской паліклінікі. У скарзе Уладзімір Сякерка адзначыў, што 2 снежня Гомельскі гарвыканкам не дазволіў яму правесці пікет, запланаваны на 9 снежня. Гарадскія ўлады спаслаліся на тое, што заяўнікі пікета не заключылі дамову з зацікаўленымі асобамі (хуткай дапамогай і паліклінікай) на медыцынскае абслугоўванне пры правядзенні масавага мерапрыемства. Лідэр гомельскіх левых сцвярджае, што пры падрыхтоўцы да масавага мерапрыемства заяўнікі ажыццявілі ўсе неабходныя захады па заключэнні дамовы з медыкамі. «Хуткая» дала адказ, што «у сувязі з пастаянна растучай нагрузкай на станцыю хуткай дапамогі, якая звязана з павелічэннем рэспіратара-вірусных інфекцый, не маем магчымасці заключыць з вамі дамову». Цэнтральная гарадская паліклініка па даручэнні ўпраўлення аховы здароўя разгледзела зварот заяўнікаў на сваё ж бяздзеянне і прызнала яго правамоцным. Уладзімір Сякерка просіць суд прызнаць дзеянні станцыі хуткай дапамогі і цэнтральнай паліклінікі неправамоцнымі. Таксама лідэр гомельскіх левых накіраваў заяву ў міністэрства і гомельскае ўпраўленне аховы здароўя. Ён просіць міністэрства аховы здароўя ініцыяваць перад беларускім урадам пытанне аб неабходнасці прыняцця пастановы урада, якая б рэгулявала парадак арганізацыі ўзаемадзеяння медыцынскіх устаноў і арганізатараў масавых мерапрыемстваў па пытаннях медыцынскага абслугоўвання пры правядзенні масавых мерапрыемстваў. Уладзімір Сякерка звяртае ўвагу міністэрства, што неаднаразовыя спробы з боку арганізацыі партыі левых «Справядлівы свет» заключыць дамовы з медыцынскімі ўстановамі застаюцца нерэалізаванымі, таму што заяўнікам адмаўляюць па надуманых прычынах.
23 снежня ў судзе Светлагорскага раёна адбыўся разгляд грамадзянскай справы па скарзе жыхара горада Юрыя Ляшэнкі на дзеянні райвыканкама. Грамадзянскі актывіст меў намер 25 лістапада правесці ў Светлагорску пікет у абарону правоў людзей з абмежаванымі магчымасцямі, у тым ліку ў знак пратэсту супраць невыканання правоў інвалідаў пры капітальным рамонце жылога двухпавярховага дома па вуліцы Леніна. Райвыканкам забараніў праводзіць масавае мерапрыемства. Адмову ўлады матывавалі тым, што пляцоўка на цэнтральнай плошчы горада не з'яўляецца месцам, дазволеным для правядзення масавых мерапрыемстваў. Згодна з рашэннем райвыканкама, пікетаваць ці мітынгаваць можна толькі на «сцэнічнай пляцоўцы парку культуры і адпачынку». Як аказалася, парк знаходзіцца ў занядбаным стане. А сцэнічнай пляцоўкі там і няма зусім. Сумненні наконт існавання «сцэнічнай пляцоўкі ў парку культуры і адпачынку» выказаў і суддзя, параіўшы прадстаўніку райвыканкама разабрацца з дадзеным пытаннем. Працяг суда павінен адбыцца пасля 10 студзеня 2015 года. У гэты ж дзень Юрый Ляшэнка звярнуўся да міністра аховы здароўя з просьбай разабрацца з медыкамі, якія «затрымалі» яго на несанкцыянаваным пікеце 25 лістапада і даставілі ў шпіталь, дзе ўкалолі ін'екцыю нібыта з-за высокага ціску. Грамадскі актывіст лічыць, што ў дадзеным выпадку ідзе размова пра выкарыстанне медыцынскіх работнікаў у палітычным пераследзе грамадзян. «Прашу прадставіць у маё распараджэнне поўнае медыцынскае заключэнне аб стане майго здароўя па стане на 25 лістапада 2014 года, уключаючы адказы на пытанні, навошта, што менавіта і на якой падставе мне калолі ў прыёмным пакоі», - напісаў у скарзе міністру аховы здароўя Юрый Ляшэнка.
Абмежаванне свабоды асацыяцый
4 снежня адміністрацыя РУП “Граніт”не працягула працоўны кантракт з кіроўцам БелАЗа Уладзімірам Крывавым, спаслаўшыся на парушэнне з яго боку тэхнікі бяспекі, якое здарылася яшчэ вясной. Кіраўнік суполкі Беларускага незалежнага прафсаюза на прадпрыемстве “Граніт” Алег Стахаевіч мяркуе, што звальненне адбылося паводле фармальных прычын, бо Крывава абвінавацілі ў тым, што ён у канцы працоўнай змены прыйшоў да майстра без верхняга адзення. За гэта кіроўца атрымаў заўвагу, а пасля з’явіўся загад дырэктара “Граніта” Эдуарда Гаўрылковіча, які пазней і стаў падставай для звальнення. Уладзімір Крываў адпрацаваў на “Граніце” 20 гадоў і за гэты час не меў ніякіх сур’езных спагнанняў ад адміністрацыі прадпрыемства. Таму Алег Стахаевіч лічыць, што такім чынам кіраўніцтва “Граніта” помсціць усім, хто тры гады таму спрычыніўся да стварэння суполкі незалежнага прафсаюза на прадпрыемстве (сярод актывістаў быў і Крываў). З таго часу з “Граніта” паводле розных падставаў быў звольнены сам Стахаевіч і яшчэ з дзесятак рабочых, якія жадалі зладзіць у Мікашэвічах сапраўдны прафсаюзны рух.