viasna on patreon

Гомельскія ўлады не дазволілі шэсце да Дня правоў чалавека

2014 2014-12-08T13:17:41+0300 2014-12-08T13:17:41+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pravy-czalaveka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Заяўнікі вулічнага шэсця ў Гомелі, прымеркаванага да Дня правоў чалавека, атрымалі з гарвыканкаму адмову на правядзенне масавага мерапрыемства. Матывацыя адмовы гарадскіх уладаў стандартная: не заключаны дамовы з хуткай дапамогай і камунальнікамі, непадалёк ад прапанавага маршруту ёсць адміністрацыйныя будынкі.

Нагадаем, гомельскія праваабаронцы Анатоль Паплаўны і Леанід Судаленка, а таксама грамадзянская актывістка Галіна Бялова накіравалі ў гарвыканкам заяўку на правядзенне ў горадзе 10 снежня, у Дзень правоў чалавека, масавага мерапрыемства ў выглядзе вулічнага шэсця. Мэтай мірнага сходу было заяўлена прыцягненне ўвагі жыхароў горада да наяўнасці ў краіне палітычных зняволеных.

У Гомелі, згодна рашэнню гарвыканкаму «Аб масавых мерапрыемствах», заяўнікам пікета,мітынгаў і шэсцяў трэба заплаціць за паслугі хуткай дапамогі і камунальных службаў. Праводзіць масавыя мерапрыемствы, якія праходзяць не па ініцыятыве ўладаў, можна толькі на двух пляцоўках у аддаленых мікрараёнах. Заяўнікі пікетаў і мітынгаў сутыкаюцца з замкнёным колам: «хуткая» не згаджаецца абслугоўваць масавыя мерапрыемствы, нават пры ўмове аплаты, спасылаючыся то на недахоп карэт хуткай дапамогі, то на тое, што гарвыканкам не даў дазвол на масавае мерапрыемства (хоць выканкам можа жаць дазвол толькі пасля дамовы з «хуткай»).

Разам з тым, у Брэсце мясцовыя ўлады дазволілі акцыю, прымеркаваную да Дня правоў чалавека. Двухгадзінная акцыя (з 13.00 да 15.00) адбудзецца ў брэсцкім парку воінаў-інтэрнацыяналістаў 10 снежня, калі споўніцца 66 гадоў з моманту прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.

У Гомельскай вобласці за апошнія 10 гадоў улады не дазволілі правесці ніводнага масавага мерапрыемства, якія былі заяўлены прадстаўнікамі дэмакратычнай супольнасці. Абскарджванне такіх рашэнняў у судах не прыносіць плёну.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства