Асуджанага праваабаронцу Андрэя Бандарэнку змясцілі ў камеру ШЫЗА
Асуджанага праваабаронцу Андрэя Бандарэнку па яго заяве змясцілі ў камеру штрафнога ізалятара (ШЫЗА). Там ён будзе знаходзіцца два месяцы.
Пра гэта сайту ucpb.org паведаміў бацька асуджанага Валерый Бандарэнка, які атрымаў ліст ад сына з папраўчай калоніі № 2 у Бабруйску (Магілёўская вобласць).
"Такое рашэнне прынята начальнікам калоніі ў якасці прымянення мер бяспекі, — кажа Валерый Бандарэнка. — Паколькі было некалькі інцыдэнтаў, якія маглі перарасці ў канфлікт, што, вядома, прывяло б да парушэння з боку Андрэя. Каб пазбегнуць гэтага ён напісаў заяву, каб яго змясцілі ў камеру ШЫЗА. Па распараджэнні начальніка калоніі там ён будзе знаходзіцца два месяцы. Андрэй спыніў галадоўку. Для яго прымаюць перадачы". Бандарэнка быў змешчаны ў ШЫЗА 12 лістапада.
Як раней паведамляў БелаПАН, Валерый Бандарэнка на сустрэчы з Андрэем у калоніі 10 лістапада даведаўся, што яго сын, пераведзены ў канцы кастрычніка з СІЗА № 1 у Мінску ў бабруйскую калонію, з-за створаных умоў вымушаны галадаць у гэтай папраўчай установе.
Варта зазначыць, што некалькі гадоў таму ў бабруйскай калоніі Бандарэнка адбываў пакаранне па абвінавачанні ва ўчыненні эканамічнага злачынства, аднак у 2011 годзе Мінскім гарсудом быў прызнаны невінаватым.
Як сказаў Валерый Бандарэнка, 27 кастрычніка адзін са зняволеных у бабруйскай калоніі заявіў сыну, што зняволеным вядома пра яго знаходжанне ў адной камеры ў верасні 2010 года з чалавекам з нізкім, па крымінальных мерках, статусам, з "адсаджаным". Таму ён сам зараз такі і за агульны стол у сталовай сесці не мае права — толькі за стол з асуджанымі з такім жа статусам. У адказ на гэта Андрэй Бандарэнка прыходзіў у сталовую, не садзіўся ні за адзін са сталоў і заяўляў, што есці не хоча. "Апускацца да паскудства я не буду", — перадаў словы Андрэя Бандарэнкі яго бацька.
Размаўляць з Бандарэнкам асуджаным забаронена пад пагрозай пакарання, расказваў бацька праваабаронцы.
Нагадаем, 12 жніўня суд Кастрычніцкага раёна Мінска прызначыў былому дырэктару прыватнай інфармацыйна-асветніцкай установы "Платформ інавейшн" Андрэю Бандарэнку пакаранне ў выглядзе чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, але за кошт амністыі тэрмін быў скарочаны да трох гадоў. Бандарэнка прызнаны вінаватым ва ўчыненні хуліганства, злоснага хуліганства і асабліва злоснага хуліганства (часткі 1, 2 і 3 артыкула 339 КК) у дачыненні да трох грамадзян.
21 кастрычніка судовая калегія Мінскага гарадскога суда пакінула ў сіле прыгавор суда Кастрычніцкага раёна ў дачыненні Бандарэнкі.