viasna on patreon

Праваабаронца Павел Левінаў патрабуе роўнасці СМІ перад законам

2014 2014-09-19T21:47:02+0300 2014-09-19T21:47:02+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/levinau-pavel-vicebsk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Павел Левінаў

Праваабаронца Павел Левінаў

Ён лічыць, што распаўсюд у Віцебску зарэгістраванай ў Расійскай Федэрацыі газеты "Аптечка Еламеда" мусіць рэгулявацца тымі самымі правіламі, што і распаўсюд газеты "Витебский курьер". Але распаўсюд "ВК" забаронены, тады як "Аптечку Еламеда" віцябляне рэгулярна знаходзяць у сваіх паштовых скрынях.

Павел Левінаў дамагаецца роўнасці перад заканадаўствам для двух СМІ, зарэгістраваных у Расійскай Федэрацыі, грунтуючыся на ўласным досведзе абароны "Витебского курьера".

За транспартыроўку "ВК" са Смаленску і за распаўсюд газеты ў Віцебску былі аштрафаваныя некалькі чалавек. Паводле судовых рашэнняў, "Витебский курьер" у Беларусі распаўсюджваць нельга, бо выданне зарэгістравана ў іншай краіне і не мае адмысловага дазволу на распаўсюд ад Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Паводле такой самай логікі, лічыць Левінаў, і іншыя выдаўцы ды распаўсюднікі газет, зарэгістраваных ў Расійскай Федэрацыі, павінны быць прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці. Таму з патрабаваннем адміністрацыйнага пакарання за незаконны распаўсюд на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь газеты "Аптечка Еламеда" ён звярнуўся ў Першамайскі РАУС Віцебска. Аднак участковы інспектар старшы лейтэнант міліцыі В. Пагарэльскі пастанавіў справу аб адміністрацыйным правапарушэнні з боку гэтага выдання спыніць. Сваё рашэнне Пагарэльскі абгрунтаваў адказам намесніка Міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігара Лапцёнка ад 16 чэрвеня 2009 г., з якога вынікае, што працэдура выдачы дазволаў для распаўсюду зарэгістраваных у Расійскай Федэрацыі перыядычных выданняў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь адмененая.

Праваабаронца з рашэннем прадстаўніка міліцыі не згодны і падаў заяву ў Першамайскі раённы суд:

"Я лічу, што факты пераследу распаўсюднікаў газеты "Витебский курьер" наўпрост сведчаць пра яе дыскрымінацыю, а таксама пра выбарачнасць прымянення заканадаўства ў дачыненні да парушальнікаў закону аб СМІ. Участковы інспектар чамусці спасылаецца на дакумент ад 2009 г., хаця я пісаў у заяве пра падзеі 2014 г. Ужо пасля з'яўлення гэтага дакумента, у 2010 і 2012 гадах, прадстаўнікоў  "Витебского курьера" каралі як парушальнікаў, і рашэнні судоў нам так і не ўдалося аспрэчыць. Суды ўсіх узроўняў спасылаліся на неабходнасць дазволу на распаўсюд для "замежнага" "Витебского курьера". А сёлета раптам высветляецца, што для "Аптечки Еламеда" дазволу ўжо не трэба. Гэта дае мне падставы меркаваць, што грамадска-палітычнае выданне "Витебский курьер" дыскрымінуюць нездарма – гэта відавочнае парушэнне права жыхароў Віцебску на атрыманне незаангажаванай інфармацыі праз недзяржаўнае выданне".

Павел Левінаў падкрэслівае, што ў выходных дадзеных "ВК" пазначана, што газета прызначана для распаўсюду ў Расійскай Федэрацыі і іншых краінах, і што яна адрасавана шырокаму колу чытачоў. Што да "Аптечки Еламеда", то пра яе сказана, што выданне адрасавана найперш адмыслоўцам-медыкам, і распаўсюджваецца на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі.

"Я нічога не маю супраць менавіта гэтага выдання. Проста атрымліваецца вельмі паказальная сітуацыя: парушэнне заканадаўства аднолькавае, але за распаўсюд "Витебского курьера" людзей караюць, а распаўсюднікі "Аптечки Еламеда" нібыта на законных падставах парушаюць беларускія законы", -- кажа праваабаронца.

Ён мяркуе, што пры такіх акалічнасцях пастанова пра спыненне справы аб адміністрацыйным правапарушэнні за незаконны распаўсюд газеты «Аптечка Еламеда» падлягае адмене, і справа павінна разгледжана ў судзе у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства