Яўген Васьковіч з-за кратаў падзякаваў журналістам за падтрымку і віншаванні
Калі атрымліваю віншаванні ад незалежных журналістаў, мне робіцца радасней. Я бачу, што ваша падтрымка нясе ў сабе шчырасць і цеплыню. Усмешка не сыходзіць з маіх вуснаў, калі перабіраю паштоўкі...
Супрацоўнікі офісу БАЖ віншавалі зняволенага калегу са 100-годдзем “Бобруйского курьера”.
– Вялікі дзякуй за віншаванне! Гэта значная дата не толькі для тых, працаваў у “БК”, але для ўсяе беларускае журналістыкі. Ня так шмат у нас выданняў, якія б маглі пахваліцца векавым узростам і цікавай гісторыяй. І я меў дакрануцца да старажытнасці і нязменных ідэалаў праўды. Ганаруся гэтым! – піша Васьковіч.
– Вельмі ўдзячны ўсім БАЖаўцам за тое, што памятаеце мяне і падтрымліваеце. Так, апынуўся я тут не ад сваёй журналісцкай дзейнасці. Але ўсялякі вопыт маецца карысным для журналіста.
Вядома, я тут не магу займацца журналісцкай дзейнасцю, пісаць у выданні. Аднак, тое, чаму я меў навучыцца ў “БК” і “БАЖ”, дало мне добрую жыццёвую школу і дапамагло не знікнуць, заставацца жыццярадасным і не смуткаваць.
А калі я атрымліваю віншаванні ад незалежных журналістаў, мне робіцца радасней. Я бачу, што ваша падтрымка нясе ў сабе шчырасць і цеплыню. Усмешка не сыходзіць з маіх вуснаў, калі перабіраю паштоўкі ад сяброў. Дзякуй за ўсю вашу дабрыню, – дадае Васьковіч.
Нагадаем, што сябра ГА «БАЖ» Яўген Васьковіч быў асуджаны на сем гадоў пазбаўлення волі за сімвалічную акцыю пратэсту каля сцен бабруйскага КДБ. Шкода ад яго дзеянняў склала 253 000 беларускіх рублёў. Між тым, яго асудзілі па артыкуле за нанясенне шкоды ў асабліва буйным памеры. У кастрычніку 2011 года яму зрабілі больш жорсткім рэжым утрымання і перавялі ў магілёўскую турму №4.
Васьковічу неаднаразова прапаноўвалі падпісаць прашэнне аб памілаванні, але ён адмовіўся гэта зрабіць. У выніку ў турме для яго былі створаныя «асаблівыя ўмовы»: з 27 месяцаў знаходжання ў ёй – восем месяцаў ён правёў у ШІЗА. Васьковічу перыядычна ўскладняюць атрыманне і адпраўку карэспандэнцыі, скарачаюць колькасць перадач і спатканняў...