Баранавічы: бацька Мікалая Статкевіча не верыць у датэрміновае вызваленне сына
Прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і палітычных партый горада 22 чэрвеня наведалі Статкевіча-старэйшага. Тэма вайны, якую перажыў Віктар Паўлавіч, заўсёды займала і займае па сёняшні дзень вялікае месца ў яго асабістым жыцці. У такі дзень заўсёды ёсць аб чым пагаварыць і ўспомніць жахлівыя старонкі ваеннага жыцця.
Але найперш, безумоўна, гаварылі пра вызваленне Алеся Бяляцкага і магчымыя варыянты датэрміновага вызвалення экс-кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча, які адбывае 6-гадовае пакаранне ў Магілёўскай турме № 4. Віктар Паўлавіч шчыра парадаваўся вызваленню Алеся Бяляцкага, але ён не верыць у датэрміновае вызваленне сына Мікалая.
– Мы імкнуліся падтрымаць Віктара Паўлавіча маральна і абнадзеіць, што сёння-заўтра могуць выйсці на волю іншыя палітвязні, у тым ліку і Мікалай Статкевіч, – паведаміў праваабаронца Сяргей Гоўша.
Усе пагадзіліся, што надзея не памірае, пакуль мы – жывыя.