Пра правы адміністратыўна арыштаваных і ўмовы адбыцця пакарання
У сувязі з частымі выпадкамі незаконных адвольных затрыманняў і адміністратыўных арыштаў у дачыненні да грамадзянскіх актывістаў юрыст Павел Сапелка нагадвае пра правы адміністратыўна арыштаваных і ўмовы адбыцця пакарання, якія ім абавязана прадаставіць адміністрацыя спецыяльнай установы, дзе ўтрымліваюцца адміністратыўна арыштаваныя.
Заканадаўства аб выкананні адміністратыўных спагнанняў складаецца з Працэсуальна- выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь (ПВКаАП) і іншых актаў заканадаўства, якія вызначаюць парадак і ўмовы выканання адміністратыўных спагнанняў.
Заканадаўства аб выкананні адміністратыўных спагнанняў павінна ўлічваць агульнапрызнаныя прынцыпы і нормы міжнароднага права, міжнародныя дамовы Рэспублікі Беларусь, якія адносяцца да абыходжання з асобамі, якія падвергнуты адміністратыўнаму арышту.
У адпаведнасці з ПВКаАП, выкананне адміністратыўнага спагнання на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца ў адпаведнасцi з гэтым Кодэксам і іншымі актамі заканадаўства. Парадак і ўмовы выканання адміністратыўнага спагнання вызначаюцца заканадаўствам, дзеючым падчас яго прымянення. Пастанова аб адміністратыўным арышце прыводзіцца ў выкананне органамі ўнутраных спраў.
Адбыванне адміністратыўнага арышту ажыццяўляецца паводле правілаў, устаноўленых ПВКаАП і іншымі заканадаўчымі актамі. Дзяржава гарантуе забеспячэнне правоў, свабодаў і законных інтарэсаў адміністратыўна арыштаваных, забяспечвае ўстаноўленыя законам умовы прымянення дадзенай меры адміністратыўнага спагнання.
У адпаведнасці з ПВКаАП, адміністратыўна арыштаваныя маюць права, у тым ліку, на атрыманне інфармацыі пра свае правы і абавязкі, парадак і ўмовы адбыцця адміністратыўнага спагнання. Інфармацыю пра правы і абавязкі, пра парадак і ўмовы адбыцця адміністратыўнага спагнання адміністратыўна арыштаванаму абавязана прадаставіць адміністрацыя спецыяльнай установы, якая выконвае адміністратыўнае спагнанне ў выглядзе адміністратыўнага арышту.
У спецыяльных установах, якія выконваюць адміністратыўнае спагнанне ў выглядзе адміністратыўнага арышту, прызначаных для ўтрымання адміністратыўна арыштаваных, дзейнічаюць правілы ўнутранага распарадку, якія зацвярджаюцца Мiнiстрам унутраных спраў Рэспублiкi Беларусь па ўзгадненні з Генеральным пракурорам Рэспублікі Беларусь.
І тут узнікае істотная праблема, якая абцяжарвае рэалізацыю правоў зняволеных: у цяперашні час дзейнічае ПВКаАП са зменамі, унесенымі Законам Рэспублікі Беларусь ад 12 ліпеня 2013 № 64-З. Пры гэтым апошняя рэдакцыя Правілаў унутранага распарадку спецыяльных устаноў органаў унутраных спраў, якія выконваюць адміністратыўнае спагнанне ў выглядзе адміністратыўнага арышту, праведзена пастановай Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь ад 15 жніўня 2012 г. № 263. Такім чынам, у Правілы не ўнесены навелы Кодэкса, якія палепшылі становішча зняволеных у частцы іх матэрыяльна-бытавога забеспячэння.
Раней адміністратыўна арыштаваным не дазвалялася атрыманне пасылак, перадач і бандэроляў, за выключэннем тых, якія ўтрымліваюць прадметы першай неабходнасці, вопратку і абутак па сезоне.
У адпаведнасці з ПВКаАП, з уступленнем у законную сілу змяненняў ад 12 ліпеня 2013 г., адміністратыўна арыштаваным дазваляецца атрыманне пасылак, перадач, бандэроляў і дробных пакетаў без абмежавання іх колькасці. Максімальная вага пасылкі, бандэролі і дробнага пакета вызначаецца Правіламі аказання паслуг паштовай сувязі, якія зацвярджаюцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь. Пасылкі, перадачы, бандэролі і дробныя пакеты, якія паступілі не ад блізкіх сваякоў, уручаюцца адміністратыўна арыштаваным з дазволу кіраўніка спецыяльнай установы, якая выконвае адміністратыўнае спагнанне ў выглядзе адміністратыўнага арышту. Адміністратыўна арыштаваным дазваляецца атрымліваць і адпраўляць лісты і тэлеграмы без абмежавання іх колькасці. Адпраўленне лістоў і тэлеграм ажыццяўляецца за кошт адміністратыўна арыштаваных. Карэспандэнцыя, якая атрымліваецца і адпраўляецца адміністратыўна арыштаванымі, падлягае цэнзуры.
Для таго, каб выключыць пытанні, якія ўзнікаюць пры рэалізацыі гэтага права, парадак прыёму, атрымання, адпраўлення пасылак, бандэроляў і дробных пакетаў, атрымання перадач, іх дагляду, а таксама пералік прадметаў і рэчаў, дазволеных да атрымання, захоўвання, адпраўлення адміністратыўна арыштаванымі, павінны быць у адпаведнасці з ПВКаАП вызначаны правіламі ўнутранага распарадку спецыяльных устаноў, якія выконваюць адміністратыўнае спагнанне ў выглядзе адміністратыўнага арышту. Тое ж датычыцца і рэалізацыі права на перапіску. У Правілы варта таксама ўнесці і норму пра межы меркавання кіраўнікоў месцаў ізаляцыі ў дачыненні да прыёму перадач ад асоб, якія не з'яўляюцца блізкімі сваякамі адміністратыўна арыштаванага.
Аднак у дзеючай рэдакцыі Правілаў унутранага распарадку спецыяльных устаноў органаў унутраных спраў, якія выконваюць адміністратыўнае спагнанне ў выглядзе адміністратыўнага арышту, ад 8 жніўня 2007 г. № 194 захавалася норма аб тым, што адміністратыўна арыштаваным дазваляецца атрымліваць пасылкі, перадачы і бандэролі, якія ўтрымліваюць толькі прадметы першай неабходнасці, вопратку і абутак па сезоне. Наяўнасць у арыштаванага іншых прадметаў лічыцца парушэннем, якоецягне адказнасць.
Адпаведна, пытанні аб тым, якія прадукты паводле новых правілаў могуць быць перададзены адміністратыўна арыштаванаму, у якой колькасці, а таксама пералік рэчаў і прадметаў, забароненых да перадачы адміністратыўна арыштаваным, заканадаўствам не вызначаны. Такому стану рэчаў ужо хутка будзе год, аднак з прыняццем новай рэдакцыі Правілаў МУС, падобна, не спяшаецца, хоць вялікай праблемы ў дапаўненні Правілаў некалькімі новымі абзацамі і прыкладаннямі быць не павінна. Гэта няпэўнае становішча, відавочна, выгадна МУС, паколькі пашырае межы паўнамоцтваў кіраўнікоў месцаў ізаляцыі; яны могуць як дазволіць вязню перадачу неабмежаванай колькасці і асартыменту ежы, цыгарэт і іншых каштоўных ва ўмовах несвабоды дробязяў, так і цалкам ізаляваць яго ад падтрымкі з волі. З іншага боку, гэта дае магчымасць спрачацца з любымі, нават разумнымі абмежаваннямі, устаноўленымі адміністрацыяй, паколькі іх прымяненне магчымае толькі тады, калі яны ўстаноўлены законам.
Вось яшчэ некаторыя правілы ўтрымання адміністратыўна арыштаваных, замацаваныя Правіламі:
Для агульнага карыстання ў камеры, у адпаведнасці з устаноўленымі нормамі і ў разліку на колькасць асобаў, якія змяшчаюцца ў іх, выдаюцца: мыла, гаспадарчае і туалетнае, папера туалетная; настольныя гульні (шашкі, шахматы, даміно); прадметы для праборкі камеры; швейныя іголкі, нажніцы, нажы для рэзкі прадуктаў харчавання (могуць быць выдадзены ў кароткатэрміновае карыстанне пад кантролем супрацоўнікаў спецыяльных устаноў).
Камеры спецыяльных устаноў абсталююцца: сталом і лаўкамі з колькасцю пасадачных месцаў па колькасці месцаў у камеры; санітарным вузлом; рукамыйніцай (па магчымасці), а таксама кранам з вадаправоднай вадой (бачком з пітной вадой); тумбачкай для захоўвання туалетных прыладаў; сеткавым радыёпрымачом; урнай для смецця; вентыляцыйным абсталяваннем; тэлевізарам (пры наяўнасці магчымасці).
Штодня па патрэбах у камеры выдаецца астуджаная гатаваная вада для піцця.
Не радзей за адзін раз на тыдзень адміністратыўна арыштаванаму прадастаўляецца магчымасць прыняцця душа працягласцю не менш за пятнаццаць хвілін.
Брытвавыя прыналежнасці адміністратыўна арыштаваным выдаюцца па іх просьбе ў вызначаны час не радзей за два разы на тыдзень пад кантролем адміністрацыі спецыяльнай установы.
Настольныя гульні выдаюцца з разліку па адным камплекце на камеру.
Для напісання прапаноў, заяў і скаргаў адміністратыўна арыштаваным і адміністратыўна затрыманым па іх просьбе выдаюцца пісьмовыя прыналежнасці і папера.
Начальнік спецыяльнай установы можа дазволіць адміністратыўна арыштаваным тэлефонныя размовы. На тэрыторыі спецыяльнай установы (органа ўнутраных спраў) для вядзення тэлефонных размоў ўсталёўваюцца таксафоны. Выкарыстоўваць службовыя тэлефоны і сродкі мабільнай сувязі для вядзення тэлефонных размоў адміністратыўна арыштаваным забараняецца.
Адміністратыўна арыштаваныя абавязаны праводзіць уборку камер і іншых памяшканняў спецыяльнайустановы ў парадку чарговасці.
Адміністратыўна арыштаваныя з іх згоды могуць прыцягвацца да працы. Адміністратыўна арыштаваныя абавязаныя асобы прыцягваюцца да працы ў абавязковым парадку ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь. У выпадку скаргаў каго-небудзь з дастаўленых адміністратыўна арыштаваных на дрэнны стан здароўя або пры відавочных прыкметах захворвання дзяжурны павінен неадкладна выклікаць хуткую медыцынскую дапамогу. Не дазваляецца ўтрымліваць у спецыяльнай установе асобаў з прыкметамі вострага псіхічнага, інфекцыйнага і іншых вострых захворванняў, якія патрабуюць неадкладнай медыцынскай дапамогі.
Адміністратыўна арыштаваныя забяспечваюцца харчаваннем, дастатковым для падтрымання здароўя і сілаў. Ежа выдаецца тры разы на дзень. Пры раздачы гарачыя стравы павінны мець тэмпературу не ніжэй за 75 °С, другія стравы - не ніжэй за 65 °С, напоі - ад 7 да 14 °С. Ежа павінна быць выдадзена ў тэрміны, якія не перавышаюць двух гадзін з моманту яе гатоўнасці, захоўванне гатовай ежы звыш устаноўленых тэрмінаў дапускаецца як выключэнне. У выпадку вымушанага захоўвання пакінутай ежы яна павінна быць цалкам ахалоджаная і захоўвацца пры тэмпературы не вышэй за +6 °С і не больш за 12 гадзін. Перад выдачай на раздачу ахалоджаная ежа падвяргаецца другаснай цеплавой апрацоўцы.
Выдаткі на харчаванне адміністратыўна арыштаваных пакрываюцца імі ў парадку, устаноўленым заканадаўствам.
Памяшканне спецыяльных устаноў, абсталяванне і інвентар павінны ўтрымлівацца ў чысціні. Вільготная ўборка памяшканняў павінна ажыццяўляцца штодня, а пры неабходнасці і часцей, з ужываннем мыйных (2%-га мыльна-содавага раствора) і дэзінфіцыруючых (1%-га раствора хлоркавай вапны, хлораміну) сродкаў. Не радзей за раз на месяц ва ўсіх памяшканнях праводзіцца генеральная ўборка.
Камеры для ўтрымання адміністратыўна арыштаваных і іншыя памяшканні павінны мець натуральнае асвятленне. Штучнае асвятленне дапускаецца ў памяшканнях кладовак, санітарных вузлах, душавых. Камеры і іншыя памяшканні абсталёўваюцца сістэмай прымусовай прытокава-выцяжной вентыляцыі, а таксама выцяжной вентыляцыяй з натуральным падахвочваннем.
Адміністратыўна арыштаваным прадастаўляюцца штодзённыя прагулкі. Працягласць прагулкі устанаўліваецца начальнікам спецыяльнай установы з улікам распарадку дн , метэаралагічных умоў, напаўняльнасці спецыяльнай установы і іншых абставінаў і павінна складаць не менш за адну гадзіну.
Размовы з адвакатам ці іншай асобай, якая мае права на аказанне юрыдычнай дапамогі, ажыццяўляецца сам-насам і канфідэнцыйна без абмежавання колькасці і працягласці гутарак. Размовы праводзіцца ва ўмовах, якія дазваляюць супрацоўніку спецыяльнай установы бачыць іх, але не чуць.
Зняволеным павінны быць выдадзены: коўдра напаўваўняная, матрац ватовы, навалачка цюфячная, падушка ватовая, навалачка падушачная ніжняя, прасціна, навалачка падушачная верхняя, ручнік, ручнік гігіенічны (выдаецца асобам жаночага полу).
Нормы забеспячэння сродкамі асабістай гігіены адміністратыўна арыштаваных і адміністратыўна затрыманых на аднаго чалавека на трое сутак: мыла гаспадарчае - 20 грамаў, мыла туалетнае - 5-10 грамаў, папера туалетная - 2,5 метраў, гігіенічныя тампоны або пракладкі (пры ўзнікненні неабходнасці) - 6 штук.
Парадак і ўмовы ўтрымання фізічнай асобы, у дачыненні да якой прыменена адміністратыўнае затрыманне на тэрмін звыш трох гадзін, з лістапада 2013 г. рэгулююцца Правіламі ўтрымання фізічнай асобы, у дачыненні да якой прыменена адміністратыўнае затрыманне.
Гэтымі правіламі ліквідаваны прабелы, якія былі ў заканадаўстве (затрыманым належала мець пры сабе пэўны пералік рэчаў і прадметаў, аднак не быў устаноўлены парадак іх атрымання, г.зн. перадачы для затрыманых да суду, як правіла, не прымалі).
Правілы вызначаюць патрабаванні да ўмоў утрымання - практычна тыя ж, што для адміністратыўна арыштаваных. Затрыманыя асобы, у дачыненні да якіх прыменена адміністратыўнае затрыманне на тэрмін, які не перавышае 12 гадзін, могуць утрымлівацца ў пакоях для затрыманых асобаў аператыўна-дзяжурнай службы органаў унутраных спраў.
Затрыманым асобам дазваляецца атрымліваць перадачы агульнай вагой не больш за 5 кілаграмаў на тры дні. Затрыманыя асобы могуць мець пры сабе, захоўваць, атрымліваць у перадачах: прадукты харчавання (акрамя тых, якія патрабуюць цеплавой апрацоўкі, якія хутка псуюцца і са скончаным тэрмінам захоўвання, а таксама дрожджаў, алкагольных напояў і піва). Не дапускаецца абмежаванне вагі перадач для непаўналетніх, асобаў, якія пакутуюць ад хранічных захворванняў (пры наяўнасці заключэння медыцынскага работніка месца ўтрымання або дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя), цяжарных жанчын.
Прадукты харчавання, рэчы, прынятыя для перадачы, да ўручэння іх затрыманай асобе падвяргаюцца дадгляду. Хлебабулачныя, рыбныя і каўбасныя вырабы разразаюцца на некалькі частак, вадкія прадукты пераліваюцца ў посуд, кансервы адкрываюцца і перакладаюцца ў іншы посуд, сыпкія прадукты харчавання (цукар і іншыя) перасыпаюцца, цукеркі, вафлі, печыва прымаюцца без упакоўкі, пачакі з цыгарэтамі, папяросамі, тытунём адкрываюцца. Перадача ўручаецца затрыманай асобе не пазней за адны суткі пасля яе прыёму, а ў выпадку яго часовага ўбыцця за межы месца ўтрымання - пасля вяртання.
Затрыманым асобам, у дачыненні да якіх прыменена адміністратыўнае затрыманне на тэрмін звыш за 12 гадзінаў, даецца магчымасць ажыццяўляць штодзённыя прагулкі працягласцю не менш за дзве гадзіны, а непаўналетнім, цяжарным жанчынам - не менш за тры гадзіны.