Пададзеная заяўка на правядзеньне пікету супраць перасьледу вернікаў хрысьціянскіх канфэсіяў
Сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" Аляксей Шэін падаў у Менгарвыканкам заяўку на правядзеньне 8 чэрвеня пікету супраць перасьледу вернікаў хрысьціянскіх канфэсіяў.
Як паведаміў Радыё Рацыі Аляксей Шэін, пікет мусіць прайсьці, калі яго дазволяць гарадзкія ўлады, у Парку Дружбы народаў ля плошчы Бангалор зь 17.30 да 19.30. Колькасьць удзельнікаў акцыі — да 100 чалавек.
— У Беларусі зараз працягваецца кампанія ў абарону права на свабоду сумленьня, — распавёў Шэін, — актывісты кампаніі спрабуюць данесьці да жыхароў Беларусі інфармацыю аб перасьледзе вернікаў розных хрысьціянскіх канфэсіяў і дабіцца прывядзеньня закону "Аб свабодзе сумленьня й рэлігійных арганізацыях" у адпаведнасьць з Канстытуцыяй і мжнароднымі актамі, падпісанымі Беларусьсю. Тым ня менш мы назіраем, што сытуацыя з правам на свабоду сумленьня ў нашай краіне толькі пагаршаецца: тут можна згадаць і справу з касьцёлам Сьвятога Язэпа, і высылку хрысьціянаў, якія ня маюць беларускага грамадзянства, і штрафы за багаслужэньні, няўзгодненыя зь дзяржаўнымі ворганамі.
Нагадаем, што ў красавіку Менгарвыканкам адмовіў у правядзеньні пікету ў абарону права на свабоду сумленьня. Тады А. Шэін зьбіраўся правесьці яго на плошчы Свабоды ў Менску, але гарадзкія ўлады заявілі, што пікет будзе замінаць пешаходам.