Больш за 600 подпісаў сабрана ў Мазыры ў абарону права на свабоду сумленьня
Мазырскія актывісты працягваюць сваю дзейнасьць у Кампаніі па абароне права на свабоду сумленьня. Калі на першым этапе акцыі актывісты зьбіралі подпісы сярод вернікаў горада, то зараз подпісы зьбіраюцца сярод звычайных людзей на вуліцы. Пра гэта паведамляе Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў.
Сябры аргкамітэту “Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі”, а таксама прыхаджане хрысьціянскіх цэркваў інфармуюць мазыран пра тыя праблемы, якія стварае закон “Аб свабодзе сумленьня і рэгілійных арганізацыях” і раздаюць матэрыялы, якія тлумачаць чым гэты закон небясьпечны для беларускага грамадзтва. За час кампаніі было распаўсюджана каля 3000 “Весьнікаў” кампаніі, і сабрана больш за 600 подпісаў за зьмены ў закон “Аб свабодзе сумленьня”.
Паводле словаў каардынатара Мазырскага аргкамітэту БХД Паўла Наздры, актывісты зьбіраюць таксама подпісы і ў абарону касцёла сьвятога Язэпа, які менскія ўлады маюць намер перадаць інвестарам для стварэньня забаўляльнага комплекса – на гэты час у абарону касьцёла сабрана таксама ўжо больш за 600 подпісаў.
Нагадаем, што Кампанія ў абарону права на свабоду сумленьня стартавала 22 красавіка. За гэты час у 50 рэгіёнах Беларусі сабрана каля 15 000 подпісаў.