Магілёўская абласная пракуратура не задаволіла скаргі актывісткі Крысьціны Шацікавай на супрацоўнікаў Магілёўскай управы Камітэту дзяржаўнай бясьпекі
Як паведаміла Радыё Свабода, старшы памочнік пракурора Раманоўскі не знайшоў у дзеяньнях супрацоўнікаў КДБ складу злачынства.
Крысьціна Шацікава абвінавачвала супрацоўнікаў КДБ і міліцыянтаў у выкраданьні й гвалтоўным дастаўленьні ў псыхіятрычную лякарню.
Сваю скаргу на супрацоўнікаў КДБ грамадзкая актывістка падала ў пракуратуру, каб даведацца, хто канкрэтна, яны альбо міліцыянты, даставілі яе ў шпіталь.
Паводле пастановы пракуратуры, супрацоўнікі КДБ Грыбайла ды Аляксандраў дзейнічалі згодна з крымінальна-працэсуальным заканадаўствам.
Як вынікае з матэрыялаў справы, гэтыя супрацоўнікі выконвалі даручэньне сьледчага Менскага КДБ Грахоўскага, які расьсьледаваў справу супраць сяброў “Маладога фронту” Хведарука й Корбуна.
У пастанове адзначана, што Аляксандраў даставіў грамадзкую актывістку зь Менску ў Магілёў, а Грыбайла дапытаў яе.
Ці мелі дачыненьне супрацоўнікі КДБ да выкраданьня і гвалтоўнай шпіталізацыі актывісткі ў лякарню, у пастанове не адзначана.