Інструкцый аб парадку ўзгадненьня ўсталяваньня тэлевізійных спадарожнікавых на сёньня ў Беларусі няма
Юрыст і праваабаронца Валянцін Стэфановіч пракаментаваў прэс-цэнтру Хартыі’97 паведамленні некаторых СМІ пра існаванне палажэння Менгарвыканкама наконт правіл ўсталявання антэн у Менску. Апошнім часам камунальныя службы прымушаюць жыхароў Менска здымаць антэны са спасылкай на гэты дакумент і ў сувязі з тым, што апаратура нібыта псуе знешні выгляд пабудоў.
– Рашэнне Менгарвыканкама аб парадку размяшчэння індывідуальных прыёмных антэн, насамрэч існавала. Але яно было часовым. Юрыдычна дакладна яно называлася “Часовае палажэнне аб парадку ўсталявання антэн для індывідуальнага прыёму праграм тэлебачання з штучных спадарожнікаў зямлі і іх эксплуатацыі”. Гэтае палажэнне было прынятае 10 сакавіка 1994 года, але ўжо страціла сілу. Яно скасаванае рашэннем самога Менгарвыканкама №302 ад 15.02.2007 года. Новага такога палажэння Менгарвыканкама няма. Такім чынам, атрымоўваецца, што на сёння няма ніякіх інструкцый аб парадку ўзгаднення ўсталявання тэлевізійных антэн. Адпаведна няма падстаў сцвярджаць, што хтосьці ўсталяваў антэну з парушэннем заканадаўства. Таму, я лічу, кампанія па здыманні спадарожнікавых антэн, якая пачалася ў Менску і іншых гарадах, носіць пазапраўны характар і парушае правы грамадзян. Гэтыя дзеянні трэба абавязкова абскардзіць у судовым парадку, – заявіў Валянцін Стэфановіч прэс-цэнтру Хартыі’97.