viasna on patreon

Судовы працэс над Сяргеем Парсюкевічам з Віцебску завяршыўся накладаньнем штрафу

2007 2007-05-22T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Судзьдзя Першамайскага райсуду Віцебска Валянціна Кісьмярошкіна ўрэшце прызнала прадпрымальніка Сяргея Парсюкевіча вінаватым у дробным хуліганстве. Пра гэта паведамляе Радыё Свабода.

Судзьдзя аштрафавала яго на дзьве базавыя велічыні — за тое, што ён нібыта лаяўся на міліцыянтаў, якія затрымлівалі яго 23 сакавіка.

Судовы працэс над Сяргеем Парсюкевічам працягваўся амаль два месяцы, бо паказаньні сьведкаў істотна разыходзіліся. Нехта зь міліцыянтаў сьведчыў, што спадар Парсюкевіч лаяўся, калі яго затрымлівалі ў гандлёвым доме “Кантынэнт”, дзе ён распаўсюджваў бюлетэнь “Мы і рынак”. Іншыя казалі, што прадпрымальнік брыдкасловіў у машыне, а хтось настойваў на тым, што чуў нецэнзурную лаянку ў пастарунку.

Каб апытаць сьведкаў-прадпрымальнікаў, судзьдзя на мінулым тыдні зладзіла выязное паседжаньне ў гандлёвым цэнтры “Кантынэнт”. І хаця калегі абверглі тое, што Сяргей Парсюкевіч паводзіў сябе па-хуліганску, спадарыня Кісьмярошкіна прызнала віцебскага актывіста вінаватым.

Судовую пастанову Сяргей Парсюкевіч зьбіраецца абскардзіць, бо лічыць абвінавачаньне беспадстаўным. На ягоную думку, яго знарок затрымалі напярэдадні 25 сакавіка, бо ён зьбіраўся паехаць у Менск адзначаць Дзень Волі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства